Псалтыр 143 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Псальм. Давідаў. Госпадзе, выслухай малітву маю, успрымі вушамі просьбу маю ў праўдзе Тваёй, выслухай мяне ў справядлівасці Тваёй.
І не ўступай у суд са слугою Тваім, бо не апраўдаецца аніякае цела перад Табою.
Бо непрыяцель пераследуе душу маю, паваліў на зямлю жыццё маё, зачыніў мяне ў цемры, як даўно памёршага.
І ўстрывожыўся ўва мне дух мой, здранцвела ўнутры мяне сэрца маё.
Успамінаў я мінулыя дні, разважаў пра ўсе Твае справы, разбіраў усе творы рук Тваіх.
Прасцёр я рукі мае да Цябе; душа мая — як зямля без вады ў Цябе.
Хутчэй выслухай мяне, Госпадзе; змарнеў дух мой. Не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб не стаў я падобным да сыходзячых у магілу.
Дай мне пачуць на світанні міласэрнасць Тваю, бо ўсклаў я надзею на Цябе. Дай мне спазнаць дарогу, па якой я пайду, бо да Цябе ўзвысіў я душу маю.
Вырві мяне ад непрыяцеляў маіх, Госпадзе, на Цябе ўсклаў я спадзяванне.
Навучы мяне спаўняць волю Тваю, бо Ты мой Бог. Дух Твой хай вядзе мяне па роўнай зямлі;
дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай мяне жывым. У справядлівасці Тваёй выведзі з бед душу маю
і ў міласэрнасці Тваёй расцярушы Ты непрыяцеляў маіх; і выгубі ўсіх, што прыгнятаюць душу маю, бо я слуга Твой.