Псалтыр 31 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
На Цябе, Госпадзе, спадзяюся, не асаромлюся навекі; паводле справядлівасці Тваёй вызвалі мяне.
У Цябе, Госпадзе, я шукаю падпоры, ня дай мне асароміцца навекі, паводле справядлівасьці Тваёй спасі Ты мяне!
Прыхілі вуха Тваё да мяне, паспяшайся, каб выбавіць мяне. Будзь для мяне скалой абароны і домам прыбежышча, каб збавіць мяне.
Прыхілі да мяне Тваё вуха, пасьпяшыся выбавіць мяне! Будзь мне скалой, замчышчам крэпкім, каб даць мне ўспамогу!
Бо Ты цвярдыня мая і прыбежышча маё, і дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.
Бо Ты — скала мая й замчышча маё, і дзеля іменьня Твайго вадзіць мяне будзеш і мной кіраваці.
Выведзі мяне з пасткі, якую скрыта паставілі на мяне, бо Ты — цвярдыня мая.
Ты мяне выцягнеш з сеці, што ўкрадкам наставілі мне, бо Ты — абарона мая.
У рукі Твае аддаю дух мой. Ты выкупіў мяне, Госпадзе, Божа праўды.
У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты збавіў мяне, Госпадзе, Божа праўдзівы!
Ты зненавідзеў тых, што шануюць марнасці пустыя, а я на Госпада спадзяюся.
Ненавіджу я тых, што чтуць ідалаў марных: я-ж спадзяюся на Госпада!
Буду цешыцца і радавацца ў міласэрнасці Тваёй, бо Ты глянуў на пакорлівасць маю; Ты даведаўся пра патрэбы душы маёй.
Дай мне радавацца й весяліцца з ласкі Тваёй, што Ты глянуў на муку маю, рупіўся аб патрэбы душы маёй.
І не пакінуў Ты мяне ў руках непрыяцеля; на прасторным месцы паставіў ногі мае.
Ты ня даў мяне ў рукі ворага, паставіў стопы мае на вольны прастор.
Злітуйся нада мною, Госпадзе, бо я прыгнечаны; стурбавалася ў тузе вока маё, душа мая і нутро маё.
Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо жах мяне ахапляе. Ад суму высахла вока маё і душа мая і цела маё.
Бо ў пакутах змарнела жыццё маё і гады мае ў стагнаннях; саслабела ва ўбогасці сіла мая і павысыхалі косці мае.
Бо ў жудасьці зыйшло жыцьцё маё і гады мае ў уздыханьні. Зьнямаглася сіла мая ў грахох маіх, і павысахлі косткі мае.
Я зрабіўся пасмешышчам для ўсіх ворагаў маіх, для суседзяў маіх, і страхоццем для знаёмых: тыя, што бачылі вонкі мяне, уцякалі ад мяне.
Пасьмешышчам стаўся я для перасьледавацеляў маіх ды навет для суседзяў маіх, страхацьцём для знаёмых маіх: хто мяне бачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.
Я забыты ў сэрцах, быццам нябожчык; стаўся падобным я да бітай пасудзіны.
Забыты я ў сэрцах, як мёртвы; я падобны да начыньня разьбітага.
Бо я чуў нараканне ад многіх, жудасць наўкола — калі яны сышліся там разам супраць мяне, змовіліся вырваць душу маю.
Чуў я словы нягодныя ад многіх, — жах наўкола! — як змаўляліся між сабою проці мяне, манючыся адняць мне жыцьцё.
А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; кажу: «Ты — мой Бог.
Ды я на Цябе спадзяюся, Госпадзе! Я кажу: Ты мой Бог!
У Тваіх руках — лёс мой». Вырві мяне з рук непрыяцеляў маіх і ад тых, што пераследуюць мяне;
У Тваіх руках мае дні; вызваль мяне із рук ворагаў маіх і перасьледавацеляў маіх!
пралі святло аблічча Твайго над слугою Тваім, збаў мяне ў міласэрнасці Тваёй.
Няхай над рабом Тваім сьвеціць аблічча Тваё: памажы мне праз ласкавасьць Тваю!
Госпадзе, не дай сумецца мне, бо я клічу Цябе; хай асаромяцца бязбожнікі, хай яны ў пекла сыдуць
Госпадзе, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я гукаю! Няхай бязбожнікі асаромяцца, няхай счэзнуць у пекле,
Хай занямеюць вусны ілжывыя, якія нягодныя рэчы гавораць з пыхаю і пагардай супраць справядлівага.
няхай занямеюць вусны ілжывыя, што ў пысе й з пагардай дзёрзка проці пабожных гавораць!
Якое вялікае мноства Тваіх даброццяў, Госпадзе, якія Ты прыхаваў для тых, хто спадзяецца на Цябе. Ты ўчыніў [гэта] для тых, якія спадзяюцца на Цябе перад абліччам сыноў чалавечых.
Як вяліка дабрата Твая, шго хаваеш Ты для тых, хто баіцца Цябе, і паказуеш тым, хто ратунку шукае ў Цябе, перад абліччам людзей!
Пад заслонай аблічча Твайго Ты захоўваеш ад хвалявання людзей, абараняеш іх у палатцы ад і языкоў звадлівых.
Пад заслонай аблічча Твайго Ты бароніш іх ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх, як у палатцы, ад языкоў сварлівых.
Дабраславёны Госпад, бо з’явіў мне міласэрнасць Сваю ў горадзе ўмацаваным.
Багаслаўлены Госпад, што мне дзіўную ласку зьявіў у ўмацованым месцы!
А я казаў у збянтэжанні маім: «Адрынуты я ад вачэй Тваіх». Але Ты выслухаў голас малення майго, калі я ўсклікаў да Цябе.
А я-ж думаў у страху маім: я адкінены ад вачэй Тваіх! Але Ты пачуў галоснае маленьне маё, калі я крычаў да Цябе!
Любіце Госпада, усе святыя Яго! Верных захоўвае Госпад, а тым, што ў пыхлівасці ходзяць, аддае з лішкам.
Любеце Госпада, усе сьвятыя Яго! Верных бароне Госпад, але тым, што ў гордасьці жывуць, адплачвае Ён з наддаткам.
Будзьце мужныя і ўмацоўвайце сэрца вашае, вы ўсе, што спадзеяцеся на Госпада.
Будзьце мужны і крэпкія духам — усе, што чакаеце на Госпада!