Псалтыр 62 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Кіраўніку хору. Паводле Ідытун. Псальм. Давідаў.
 
Кіраўніку хору Ядытунавага: псальм Давідавы.

Толькі ў Богу спачні, душа мая, бо ад Яго — збаўленне маё.
 
Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго ўспамога мая.

Сапраўды, Ён — прыстанішча маё і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся больш.
 
Але: Ён — скала мая й помач мая, Ён — цьвярдыня мая; дык не пахіснуся.

Што вы кідаецеся на чалавека, быццам на сцяну пахілую або плот павалены, што вы ўсе руйнуеце [яго]?
 
Дакуль будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсіх маніцёся зьніштожыць, як тая сьцяна, што скранулася, як агарожа, што валіцца.

Вось, задумваюць яны спіхнуць мяне з вышыні маёй, захапляюцца маной. Вуснамі сваімі дабраслаўляюць, а сэрцам праклінаюць.
 
Але, задумалі скінуць яго з высакосьці; ім люба ілжа; яны вуснамі багаслаўляюць, але ў сэрцы сваім праклінаюць! (Зэля)

Толькі ў Богу спачывае душа мая, бо ад Яго — цярплівасць мая.
 
Але, толькі ў Богу спачынеш, душа мая! Бо на Яго спадзяюся.

Сапраўды, Ён — Бог мой і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся.
 
Але: Ён — скала мая й помач мая, Ён — цьвярдыня мая; дык не пахіснуся.

У Богу — збаўленне маё і слава мая; Бог моцы маёй, і прыстанішча маё — ў Богу.
 
У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала мая крэпка, прыпынак у Богу.

Майце надзею ў Ім, уся грамада людская, адчыніце перад Ім сэрцы вашыя; Бог — прыстанішча для нас.
 
На Яго спадзявайся, грамада народная! вылівайце прад Ім сэрца вашае: бо Бог — наш прытулак. (Зэля)

Сапраўды, марнасць — сыны Адамавы, мана — сыны чалавечыя. Калі на шалях яны ўздымаюцца, то ўсе — лягчэйшыя за дым.
 
Але: сыны чалавечыя — подмух, людзі — мана; калі пакладзеш на вагу, яны разам лягчэй за подмух!

Не спадзявайцеся на гвалт і не падманвайце сябе крадзяжом, хоць бы багацце і павялічвалася — не прыкладайце [да яго] сэрца.
 
Не ўскладайце надзеі на крыўду, ня пышайцеся зрабаваным; калі-ж вам прыбудзе багацьця, сэрца свайго да яго ня прыклейце!

Раз прамовіў Бог, гэтыя дзве рэчы пачуў я: бо сіла — у Бога,
 
Раз сказаў Бог, а я двойчы чуў гэта, што сіла — у Бога.

і ў Цябе, Госпадзе, — міласэрнасць; бо Ты аддаеш кожнаму па справах яго.
 
І ў Цябе ласка, Госпадзе, бо кожнаму водле учынкаў даеш.