Псалтыр 68 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Песня.
 
Кіраўніку хору: Псальм Давідавы дзеля пяяньня.

Паўстае Бог, і рассейваюцца непрыяцелі Яго; і ўцякаюць ад аблічча Яго тыя, што ненавідзяць Яго.
 
Няхай устане Бог, і рассыплюцца ворагі Яго, і ўцякуць прад абліччам Ягоным, хто Яго ненавідзіць.

Як рассейваецца дым, Ты рассееш іх; як плавіцца воск ад агню, так згінуць грэшнікі ад Бога.
 
Як разьвяваецца дым, так яны разьвеяны будуць; як таець воск ад агню, так бязбожнікі згінуць прад абліччам Божым.

Справядлівыя ж будуць весяліцца і радавацца перад Богам і адчуюць асалоду ў весялосці.
 
А пабожныя ўзрадуюцца, весяліціся будуць прад Божым абліччам і славіць ад радасьці.

Спявайце Богу, спявайце псальм імю Яго; учыніце дарогу Таму, Які ўзносіцца над аблокамі: імя Яму — Госпад. Усклікайце радасна перад Ім;
 
Сьпявайце Богу, імя Яго выслаўляйце! Дарогу рабеце Таму, што праз пустыню праносіцца, — Госпад імя Яму! — і прад абліччам Яго весяліцеся,

бацька сірот і суддзя ўдоў, Бог у доме Сваім святым.
 
перад Бацькам сіротаў і Заступнікам удоў, Богам у сьвятой сялібе Ягонай,

Бог, Які селіць пакінутых у доме, Які выводзіць вязняў да дабрабыту; між тым бунтаўнікі будуць жыць на няплоднай зямлі.
 
Богам, што выгнанцаў варачае ў бацькаўшчыну, што вязьняў із путаў іх вызваляе, але ў пустыні сьпякотнай пакідае упорыстых.

Божа, калі ішоў Ты перад народам Тваім, калі праходзіў Ты па пустыні,
 
Божа, калі Ты йшоў прад народам Тваім наперадзе, калі праз пустыню праходзіў, (Зэля)

зямля здрыганулася, нават нябёсы струмяніліся перад Богам Сіная, перад Богам Ізраэля.
 
дык траслася зямля, і нябёсы прад абліччам Тваім тапіліся, дый гэты Сыон дрыжэў перад Госпадам, Богам Ізраіля.

Выпусціў Ты, Божа, дождж самаўладна; спадчына Твая саслабела — Ты ж аднавіў яе.
 
Ты шчодрым дажджом акрапляў Тваю спадчыну, Божа, ды падмацовываў тое, што зьнямагалася.

Жывыя стварэнні Твае жылі там, падрыхтаваў Ты [усё] для беднага ў дабраце Сваёй.
 
Там народ Твой асеў; з дабраты Тваяе Ты наладжываў для гарапашных.

Госпад дае слова і абвяшчаюць добрае, вялікае мноства:
 
Госпад кліч клікнуў, і многае множства весьніц адолі было:

«Цары войскаў уцякаюць, уцякаюць, а краса дому дзеліць здабычу.
 
Цары войск уцякаюць, бягуць, гаспадыня-ж у доме дзеліць дабычу!

А вы спіце ў агароджах сваіх: крылы галубіцы ззяюць срэбрам, а пер’е іх — яснасцю золата.
 
Між абораў ці хочаце легчы? Вы сталіся, быццам галубка, што крыльле ў яе з серабра, а пёры золатам зелянявым пакрыліся.

Калі разганяе па ёй цароў Усемагутны, снегам бялеецца Сэлмон».
 
Калі Ўсемагутны рассыпаў цароў зямлі гэтай, яна пабялела, як сьнег на гары Сальмонскай.

Гара Божая — гара Басан, гара крутая — гара Басан.
 
Гара Божая ёсьць гара Базанская! многа вяршын мае гара Базанская.

Што глядзіце вы з пагардаю, горы крутыя, на гару, дзе спадабалася пасяліцца Богу? Бо Госпад паселіцца навечна.
 
Чаму вы, горы шматверхія, завісна глядзіцё на гару, што Госпад выбраў яе на сялібу Сабе? Але, і навекі Госпад жыць тамака будзе.

Калясніц Божых дзесяць тысяч тысяч: Госпад прыходзіць з Сіная ў святое месца.
 
Божых вазоў мірыяды, тысячы тысячаў Ангелаў; сярод іх Госпад, як на Сынаі, бытуе ў Сьвятыні.

Узышоў ты на вышыню, палоннага прывёў у палон; атрымаў людзей у падарунак, каб нават бунтаўнікі пасяліліся ў Госпада Бога.
 
Ты ўзышоў на гару й вёў палон; Ты дары прыняў дзеля людзей; і навет Твае супраціўнікі мусяць пры Госпадзе жыці.

Дабраславёны Госпад штодня; панясе нас Бог збавенняў нашых.
 
Няхай будзе пахвалены Госпад! З дня на дзень Ён нас носе, Бог — наша ўспамога. (Зэля)

Бог наш, Бог дзеля збаўлення; і ў Госпада, у Госпада — брама смерці.
 
Бог ёсьць нам Бог спасеньня, і брамаю сьмерці Госпад Бог валадае.

Але ж Бог знясе галовы Сваім непрыяцелям, валасатую чупрыну — тым, хто трывае ў сваіх злачынствах.
 
Запраўды, скрышыць Бог галаву сваіх ворагаў, цемя тых, што закаранеўшы ў беззаконьні ходзяць.

Госпад сказаў: «Ад Басана прывяду назад, выведу назад з глыбіні марской,
 
Сказаў Госпад: З Базану вярну іх, дастану з глыбіняў марскіх,

каб намачылася нага твая ў крыві, каб язык тваіх сабак атрымаў кавалак ад непрыяцеляў».
 
каб стапу тваю ты замачыў у крыві, а сабакі твае — языкі ў крыві ворагаў.

Убачылі яны шэсце Тваё, Божа, шэсце Бога майго, Цара майго, у святое месца.
 
І бачылі, Божа, паход Твой яны, паход Бога майго і Цара майго у Сьвятыні:

Наперадзе ішлі спевакі, апошнімі ідуць гусляры, у цэнтры — дзяўчаты з бубнамі.
 
сьпявакі наперадзе йшлі, наканцы — гусьляры, пасярэдзіне — дзевы з цымбаламі.

У святынях дабраслаўляйце Бога, Госпада, вы, ад вытокаў Ізраэля.
 
Слаўце Госпада Бога ў грамадзе, вы, што з насеньня Ізраіля!

Там маладзенькі Бэньямін, што ўладарыць імі, князі Юды з харугвай сваёю, князі Забулона, князі Нэфталі.
 
Там Бэньямін, наймалодшы, пануе над імі; старшыні Юдзіны — іх валадары; старшыні Забулонавы, старшыні Нахталімавыя з іх грамадою.

Даручы, Божа, магуццю Твайму; умацуй тое, Божа, што ты стварыў у нас!
 
Пашлі, о Божа, сілу Тваю! Умацуй, Божа, тое, што для нас учыніў!

У святыні Тваёй, у Ерузаліме, цары прынясуць Табе дары!
 
Дзеля Сьвятыні Тваёй цары будуць прыносіць дары ў Ерузалім.

Напалохай звера ў трыснягу, статак быкоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зліткамі срэбра. Разгані народы, якія імкнуцца да войнаў.
 
Угамуй зьвера ў чароце, стада быкоў сярод цялятаў народных: яны пахваляюцца зьліткамі срэбра; расьцяруш народы, што жадаюць вайны!

Хай прыйдуць магнаты з Егіпта, хай Этыёпія працягне рукі свае да Бога.
 
Прыйдуць волаты з Эгіпту, Этыопія працягне рукі свае да Бога.

Валадарствы зямныя, спявайце Богу, грайце Госпаду, грайце Богу.
 
Царствы зямныя! Сьпявайце Богу, выслаўляйце Госпада, (Зэля)

Які імкнецца паўздоўж неба нябёсаў на ўсход; вось, падасць Ён голас Свой, голас магуцця.
 
Які носіцца па нябёсах найвышэйшых, адвечных. Там Ён голас Свой падае — голас магутны!

Прызнайце магуцце за Богам. Вышэй за Ізраэль веліч Яго, і магуцце Яго — у аблоках.
 
Прызнайце моц Божую! Веліч Ягоная над Ізраілем, магутнасьць Яго — у хмарах.

Дзівосны Ты, Божа, ад святога месца Твайго! Бог Ізраэля Сам надасць магуцце і моц Свайму люду. Дабраславёны Бог!
 
Страшны зьяўляецца Бог із Сьвятыні Сваёй; Бог Ізраіляў, Ён сілу ды моц народу даець. Няхай будзе пахвалены Бог!