Псалтыр 115 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Не нам, Госпадзе, не нам, але імю Свайму дай хвалу за Тваю міласэрнасць і за Тваю праўду.
 
Ня нам, Госпадзе, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу — дзеля ласкі Тваёй, дэеля праўды Тваёй!

Чаму мелі б казаць паганы: «Дзе ж Бог іх?»
 
Чаму паганам казаць; Дзе-ж іх Бог?

Бог наш на небе, усё, што захацеў, зрабіў.
 
А Бог наш на небе; усё, што схоча, Ён зробіць.

Ідалы іх срэбра і золата, стварэнне людскіх рук.
 
Іх богі — срэбра ды золата, творы рук чалавечых.

Вусны маюць, ды не гавораць, вочы маюць, ды не бачаць.
 
Маюць вусны, ды не гавораць; маюць вочы й ня бачаць;

Вушы маюць, ды не чуюць, ноздры маюць, ды не адчуваюць паху.
 
маюць вушы й ня чуюць, маюць ноздры, ды нюху няма ў іх;

Рукі маюць, ды не ўспрымаюць на дотык, ногі маюць, ды не ходзяць; горлам сваім не пададуць голасу.
 
рукі ў іх, ды бяз вошчупу; ногі ў іх, ды ня ходзяць; і голасу горлам сваім не даюць.

Будуць падобныя да іх тыя, што майструюць іх [балванаў], і ўсе, што вераць у іх.
 
Падобны да іх будуць тыя, што іх робяць, ды ўсе, што на іх спадзяюцца.

Дом Ізраэля мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона.
 
Ізраілю! Ты спадзявайся на Госпада: Ён нам і помач і шчыт наш!

Дом Аарона мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона.
 
Доме Ааронавы, спадзявайся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!

Тыя, што шануюць Госпада, ускладаюць надзею на Госпада: Ён іх успамога і абарона.
 
Вы, што Госпада баіцёся, спадзявайцеся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!

Госпад памятаў пра нас і будзе дабраслаўляць нас: будзе дабраслаўляць Ён дом Ізраэля, будзе дабраслаўляць Ён дом Аарона,
 
Госпад успомніў нас: багаслаўляць Ён будзе, багаслаўляць дом Ізраіля, багаслаўляць дом Ааронавы,

будзе дабраслаўляць Ён усіх, хто шануюць Госпада, — як малых, так і вялікіх.
 
багаслаўляць будзе тых, што баяцца Госпада, разам малых і вялікіх.

Хай Госпад памнажае вас, вас і сыноў вашых.
 
Размножыць вас Госпад, вас і вашых дзяцей.

Дабраславёныя вы Богам, Які стварыў неба і зямлю.
 
Багаслаўлены вы Госпадам, што неба стварыў і зямлю.

Нябёсы, нябёсы — у Бога, зямлю ж даў для сыноў чалавечых.
 
Неба ёсьць неба Гасподняе, зямлю-ж Ён людзям аддаў.

Не мёртвыя хваліць будуць Цябе, Госпадзе, ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчанне,
 
Ня мёртвыя Госпада хваляць, ня ўсе тыя, што ў край маўчаньня зыходзяць,

а мы, жывыя, дабраслаўляем Госпада з гэтага [часу], цяпер і вечна.
 
але мы хваліць будзем Госпада, ад сяньня й навекі. Альлілуя!