Выслоўяў Саламонавых 19 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Лепшы бедны, што ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым той, хто крывіць вусны, і той, хто неразумны.
 
Лепш быць беззаганным бедным, чым з манлівымі вуснамі і да гэтага дурным.

Дзе няма ведаў, душы няма дабра, і хто паспешлівы ў нагах — памыляецца.
 
Нядобра душы бяз веды, а ў каго хуткія ногі, той паткнецца.

Бязглуздасць чалавека дае падножку крокам яго, і душою сваёю ён кіпіць супраць Госпада.
 
Чалавечая дурнота скрыўляе ягоны шлях, а сэрца яго гневаецца на Госпада.

Багацце дабаўляе многіх сяброў; а беднага пакідае і сябар яго.
 
Багацьце дае шмат прыяцеляў, а беднага пакідаюць і ягоныя прыяцелі.

Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — не пазбегне [кары].
 
Фалшывы сьветка ня застанецца бяз кары, а хто маніць — ня збавіцца.

Многія ліслівяць у прысутнасці магутнага чалавека, і ўсе — сябры таму, хто дае падарункі.
 
Шмат хто паніжаецца перад магнатам і кожны — прыяцель чалавеку, які робіць падаркі.

Усе браты беднага чалавека ненавідзяць яго, звыш таго, і сябры далёка адыходзяць ад яго; хто імкнецца толькі да размоў — не будзе мець нічога.
 
Беднага ненавідзяць усе браты яго, пагатове прыяцелі яго аддаляюцца ад яго; кліча за імі і няма іх.

А хто з’яўляецца валадаром разважлівасці — любіць душу сваю, і знойдзе дабро вартаўнік разважлівасці.
 
Хто набывае розум, той любіць сваю душу; хто заховывае розум, той знаходзіць дабро.

Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — загіне.
 
Фалшывы сьветак ня застанецца бяз кары, а хто маніць — загіне.

Не ўпрыгожвае бязглуздага раскоша, і не слузе кіраваць кіраўнікамі.
 
Паказывай вялікі гнеў, калі даровываеш пакараньне, пагражаючы яму, бо даровываеш, каб потым караць суравей.

Веды чалавека ўціхамірваюць гнеў яго, а слава яго праходзіць міма несправядлівага.
 
Розум устрымлівае чалавека ад гневу і слава для яго вымінаць злачынства.

Як рыканне льва — так гнеў цара, і як раса на траве — так і ласка яго.
 
Гнеў караля, як рык ільва, але ягоная ласка, як раса на траву.

Загуба для бацькі — сын бязглузды, а жонка сварлівая — дах, што няспынна працякае.
 
Дурны сын — прыкрасьць для свайго бацькі, а сварлівая жонка, як капаньне праз страху.

Дом і багацце — спадчына бацькоў, а жонка разважлівая — ад Госпада.
 
Дом і маемасьць гэта спадчына ад бацькоў, а разумная жонка — ад Госпада.

Лянота агортвае моцным сном, і душа нядбайная галадае.
 
Лянівасьць наводзіць сон, а нядбайная душа будзе цярпець голад.

Хто беражэ настаўленне — беражэ душу сваю, а хто не клапоціцца аб дарозе сваёй — памрэ.
 
Хто пільнуе запаветы, пільнуе сваю душу, а хто нядбае аб шляхох сваіх — згіне.

Пазычае Госпаду — хто шкадуе бедных, і ў сваю чаргу вернецца яму.
 
Пазычае Госпаду той, хто літуецца над бедным, і Ён аддасьць яму за дабрадзейства.

Карай сына свайго, пакуль ёсць надзея, ды не праймайся крыкам яго.
 
Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не праймайся ягоным крыкам.

Хто нецярплівы — вытрымае кару, а калі жадаеш выратаваць яго — іншае дадасі.
 
Паказывай вялікі гнеў, калі даровываеш караньне, пагражаючы яму, бо даровываеш, бо потым будзеш караць суравей.

Слухайся розуму і прымай настаўленне, каб быць мудрым у канцы жыцця свайго.
 
Слухай рады і прыймай абвінавачаньні, каб табе зрабіцца потым мудрым.

Многа намераў у сэрцы чалавека, а ласка Госпада застанецца.
 
Шмат намераў у чалавечым сэрцы, але збываецца толькі азначанае Госпадам.

Жаданае ад чалавека — міласэрнасць яго, і бедны чалавек лепшы за лгуна.
 
Радасная чалавеку ягоная дабрадзейнасьць, і бедны чалавек лепшы за манюку.

Страх Госпадаў вядзе да жыцця, і застанецца чалавек з дастаткам і без з’яўлення ліха.
 
Страх Госпада вядзе да жыцьця і хто яго мае, жыве ў дастатку і не спаткае яго няшчасьце.

Гультай хавае руку сваю ў місе і не прысоўвае яе да вуснаў сваіх.
 
Гультай апушчае руку сваю і ня хоча яе данесьці да вуснаў.

Калі насмешнік збіты, то і просты чалавек паразумнее; а калі ўпікнеш мудраму, ён зразумее настаўленне.
 
Калі пакараеш блюзьнерцу, дык і просты зробіцца разумнейшым, і калі абвінавачываеш разумнага, дык ён зразумее павучэньне.

Хто чыніць шкоду бацьку і выганяе маці — сын несумленны і бессаромны.
 
Сын, што прыносіць сорам і ганьбу, губіць бацьку і выганяе маці.

Знайдзі ўцеху ў тым, сыне, каб атрымліваць веды і не праходзь міма разважных размоў.
 
Сын мой, перастань слухаць навукі, якія адводзяць цябе ад словаў розуму.

Сведка несправядлівы здзекуецца з законнасці, і вусны бязбожнікаў глытаюць несправядлівасць.
 
Злосны сьветка сьмяецца з суду і вусны бязбожнікаў глытаюць няпраўду.

Дубцы падрыхтаваны для насмешнікаў, а пабоі — для цел бязглуздых.
 
Суды гатовыя на блюзьнерцаў і гузы — на хрыбет дурных.