Выслоўяў Саламонавых 3 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Сыне мой, не забывайся на закон мой, і хай сэрца тваё беражэ прыказанні мае;
 
Сын мой, не забывай майго павучэньня і няхай хавае сэрца тваё запаветы мае,

бо яны табе прыбавяць працягласць дзён, гады жыцця і супакой.
 
бо дадуць табе даўжыні дзён і гадоў жыцьця і міру.

Хай міласэрнасць і праўда не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю сваю і запішы на скрыжалях сэрца свайго,
 
Міласэрдзьдзе і праўда няхай не пакідаюць цябе; прывяжы іх да шыі тваёй, напішы іх на дошцы твайго сэрца;

і знойдзеш ты ласку і спагаду ў вачах Бога і людзей.
 
тады знойдзеш ласку і спагаданьне ў вачох Бога і людзёў.

Спадзявайся на Госпада ад усяго сэрца свайго і не спадзявайся на разважлівасць сваю.
 
Спадзявайся на Бога ўсім сэрцам тваім і не палягай на свой розум.

Думай аб Ім на ўсіх шляхах тваіх, і Ён накіруе крокі твае.
 
На ўсіх шляхох тваіх пазнавай Яго і Ён будзе праставаць твае сьцежкі.

Не будзь мудрацом перад самім сабою; шануй Бога і пазбягай ліха,
 
Ня будзь мудрым у вачох тваіх, але бойся Госпада і адступайся ад благога;

бо гэта будзе здароўем для цела твайго і падсілкоўваннем для касцей тваіх.
 
гэта будзе здароўем для твайго цела і пажывам для касьцей тваіх.

Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх,
 
Шануй Госпада з маемасьці тваёй і ад пачатку ўсіх даходаў тваіх, —

і напоўняцца свірны твае збожжам, а давільні твае будуць багатыя на віно.
 
і напоўняцца да верху твае гумны і ад новага віна будуць пералівацца прэсы.

Не адкідай, сыне мой, настаўленне Госпадава і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе,
 
Сын мой, не адкідай Госпадавага пакараньня і няхай не цяжыць табе Ягонае абвінавачаньне,

бо каго любіць Госпад — таго карае і, як бацька, спагадае сыну Свайму.
 
бо Гаспод карае таго, каго любіць, а гэта, як бацька, які любіць сына.

Шчасны чалавек, які знайшоў мудрасць і які звярнуўся да разважлівасці:
 
Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць і чалавек, які здабыў розум, —

набыццё яе лепш за гандаль срэбрам, а прыбытак — хутчэй, чым ад золата.
 
бо здабыцьцё яе лепшае ад здабыцьця серабра і зыску ад яго больш, чым ад золата;

Яна каштоўнейшая за ўсе самацветы; і не могуць з ёй параўнацца ніякія твае каштоўнасці;
 
Яна даражэйшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага табою не зраўняецца з ёю.

працягласць дзён — у яе правай руцэ, а ў яе левай руцэ — багацце і слава.
 
Доўгае жыцьцё ў правай руцэ яе, а ў левай у яе багацьце і слава.

Дарогі яе — дарогі прыгожыя, і ўсе яе сцежкі — мірныя.
 
Шляхі яе — прыемныя шляхі і ўсе сьцежкі яе мірныя.

Яна — дрэва жыцця для тых, хто авалодвае ёю, і шчасны той, хто трымаецца яе.
 
Яна дрэвам жыцьця для тых, якія здабываюць яе, а тыя, што яе заховываюць — шчасьлівыя.

Госпад мудрасцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў разважлівасцю;
 
Гаспод мудрасьцяй заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам;

з Яго мудрасці парасчыніліся бездані і аблокі струменяцца расою.
 
Ягонай мудрасьцяй адчыніліся пропасьці і хмары кропяць расою.

Сыне мой, не ўпускай іх з вачэй сваіх; беражы разважлівасць і розум —
 
Сын мой, няхай ня зыходзіць гэта з тваіх вачэй; пільнуйся праўдзівай мудрасьці і розуму

і будзе жыццё для душы тваёй і ласка для шыі тваёй;
 
і яны будуць жыцьцём для тваёй душы і ўпрыгажэньнем тваёй шыі.

тады пойдзеш упэўнена па дарозе сваёй і нага твая не спатыкнецца.
 
Тады будзеш бязьпечна хадзіць тваім шляхом і не паткнецца твая нага.

Калі заснеш, не будзеш мець страху, будзеш адпачываць — і сон твой будзе прыемны.
 
Ня будзеш баяцца, калі пойдзеш спаць, а калі засьнеш — прыемны будзе твой сон.

Не бойся раптоўнага страху і збянтэжанасці, што ахоплівае цябе з-за бязбожнікаў, калі яна прыйдзе.
 
Ня будзеш баяцца раптоўнага страху, ані спусташэньня бязбожнікаў, калі прыйдзе,

Бо Госпад будзе на тваім баку і захавае нагу тваю, каб цябе не захапілі.
 
бо Гаспод будзе тваёй надзеяй і захавае нагу тваю ад пасткі.

Не адмаўляй у дабрадзействе таму, каму яно патрэбна, калі ва ўладзе рукі тваёй, каб ты зрабіў гэта.
 
Не ўстрымлівайся ад добрых учынкаў, калі ты ў стане зрабіць гэта.

Не кажы сябру свайму: «Ідзі і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», — калі можаш даць зараз.
 
Не кажы бліжняму твайму: — ідзі і заўтра прыйдзі ізноў, а заўтра я дам табе, калі ты маеш пры сабе.

Не задумвай ліха супраць сябра свайго, калі ён з даверам сядзіць побач з табою.
 
Ня мей супроць бліжняга твайго благіх намераў, калі ён даверліва жыве з табою.

Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён сам не зрабіў табе нічога благога.
 
Не спрачайся без прычыны з чалавекам, калі ён не зрабіў табе нічога благога.

Не зайздросці чалавеку несправядліваму і не наследуй шляхам яго,
 
Не ўпадабняйся чалавеку, які робіць гвалт і ня выбірай ніводнага з ягоных шляхоў,

бо агіднасць для Госпада — усякі крывадушны чалавек, а з сумленнымі — сяброўства Яго.
 
бо Госпаду гадкі фалшывы, а са справядлівымі у Яго лучнасьць.

Праклён Госпада — на доме бязбожніка, а жыллё справядлівых будзе Ім дабраслаўляцца.
 
Пракляцьце Госпада на доме бязбожнага, а дому справядлівых Ён багаславіць,

Ён Сам пасмяецца з кпліўцаў і дасць ласку пакорлівым;
 
бо Ён сьмяецца з насьмявальнікаў, а пакорным дае ласку.

мудрыя будуць мець славу, веліч бязглуздых — ганьба.
 
Мудрыя атрымліваюць у спадчыне славу, а дурныя — няславу.