Выслоўяў Саламонавых 3 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Сыне мой, не забывайся на закон мой, і хай сэрца тваё беражэ прыказанні мае;
Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,
бо яны табе прыбавяць працягласць дзён, гады жыцця і супакой.
бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.
Хай міласэрнасць і праўда не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю сваю і запішы на скрыжалях сэрца свайго,
Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,
і знойдзеш ты ласку і спагаду ў вачах Бога і людзей.
і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.
Спадзявайся на Госпада ад усяго сэрца свайго і не спадзявайся на разважлівасць сваю.
Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум твой.
Думай аб Ім на ўсіх шляхах тваіх, і Ён накіруе крокі твае.
Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.
Не будзь мудрацом перад самім сабою; шануй Бога і пазбягай ліха,
Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.
бо гэта будзе здароўем для цела твайго і падсілкоўваннем для касцей тваіх.
Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем для костак тваіх.
Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх,
Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,
і напоўняцца свірны твае збожжам, а давільні твае будуць багатыя на віно.
і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.
Не адкідай, сыне мой, настаўленне Госпадава і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе,
Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,
бо каго любіць Госпад — таго карае і, як бацька, спагадае сыну Свайму.
бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну.
Шчасны чалавек, які знайшоў мудрасць і які звярнуўся да разважлівасці:
Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.
набыццё яе лепш за гандаль срэбрам, а прыбытак — хутчэй, чым ад золата.
Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.
Яна каштоўнейшая за ўсе самацветы; і не могуць з ёй параўнацца ніякія твае каштоўнасці;
Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.
працягласць дзён — у яе правай руцэ, а ў яе левай руцэ — багацце і слава.
Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава.
Дарогі яе — дарогі прыгожыя, і ўсе яе сцежкі — мірныя.
Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой.
Яна — дрэва жыцця для тых, хто авалодвае ёю, і шчасны той, хто трымаецца яе.
Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.
Госпад мудрасцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў разважлівасцю;
ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.
з Яго мудрасці парасчыніліся бездані і аблокі струменяцца расою.
Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.
Сыне мой, не ўпускай іх з вачэй сваіх; беражы разважлівасць і розум —
Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.
і будзе жыццё для душы тваёй і ласка для шыі тваёй;
І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.
тады пойдзеш упэўнена па дарозе сваёй і нага твая не спатыкнецца.
Тады пойдзеш бясьпечна шляхам тваім, і нага твая не пахісьнецца.
Калі заснеш, не будзеш мець страху, будзеш адпачываць — і сон твой будзе прыемны.
Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.
Не бойся раптоўнага страху і збянтэжанасці, што ахоплівае цябе з-за бязбожнікаў, калі яна прыйдзе.
Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,
Бо Госпад будзе на тваім баку і захавае нагу тваю, каб цябе не захапілі.
бо ГОСПАД будзе спадзяваньнем тваім і захавае нагу тваю ад пасткі.
Не адмаўляй у дабрадзействе таму, каму яно патрэбна, калі ва ўладзе рукі тваёй, каб ты зрабіў гэта.
Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.
Не кажы сябру свайму: «Ідзі і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», — калі можаш даць зараз.
Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.
Не задумвай ліха супраць сябра свайго, калі ён з даверам сядзіць побач з табою.
Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.
Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён сам не зрабіў табе нічога благога.
Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.
Не зайздросці чалавеку несправядліваму і не наследуй шляхам яго,
Не зайздросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага са шляхоў ягоных,
бо агіднасць для Госпада — усякі крывадушны чалавек, а з сумленнымі — сяброўства Яго.
бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе.
Праклён Госпада — на доме бязбожніка, а жыллё справядлівых будзе Ім дабраслаўляцца.
Праклён ад ГОСПАДА на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.
Ён Сам пасмяецца з кпліўцаў і дасць ласку пакорлівым;
Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.
мудрыя будуць мець славу, веліч бязглуздых — ганьба.
Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя будуць насіць ганьбу.