Выслоўяў Саламонавых 6 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Калі ты паручыўся, сыне мой, за сябра свайго, ты даў руку тваю за другога;
Сыне мой, калі ты ручаўся за бліжняга твайго і даў руку тваю за чужога,
ты аблытаў сябе словамі вуснаў сваіх і злоўлены ты сваімі ўласнымі размовамі.
ты спутаў сябе словамі вуснаў тваіх, і ты злоўлены словамі вуснаў тваіх.
Такім чынам, зрабі, што гавару, сыне мой, вызвалі сябе, бо трапіў ты ў рукі блізкага свайго; бяжы, кінься ў ногі, упрошвай сябра свайго.
Дык зрабі, што раю, сыне мой, і вызвалі сябе, бо ты трапіў у рукі бліжняга твайго: бяжы, упадзі да ног і ўпрошвай бліжняга твайго,
Не давай сну вачам сваім і дрымоты павекам сваім.
не давай сну вачам тваім і спачынку павекам тваім,
Вырывайся, як сарна з сеткі і як птушка з рукі птушкалова.
вырывайся, як сарна з рукі і як птушка з рукі птушкалова.
Ідзі да мурашкі, гультай, і паглядзі на рухі яе і вучыся мудрасці.
Ідзі да мураша, гультаю, і паглядзі на шляхі ягоныя, і станься мудрым.
Яна, хоць не мае валадара, ані стоража, ані кіраўніка,
Няма ў яго начальніка, ані наглядчыка, ані кіраўніка,
улетку загатаўляе ежу сабе і збірае тое, што яна есць, у час жніва.
але ён летам загатаўляе хлеб сабе і зьбірае ежу сваю ў жніво.
Дакуль, гультай, будзеш спаць? Калі падымешся са сну свайго?
Як доўга, гультаю, будзеш спаць? Калі ты ўстанеш ад сну свайго?
Крыху паспіш, крыху падрэмлеш, крыху складзеш рукі, каб паспаць,
Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш,
і прыйдзе да цябе беднасць, як падарожны, і галеча, як узброены чалавек.
і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая, як чалавек узброены.
Чалавек несправядлівы, чалавек небяспечны ходзіць з крывадушнымі вуснамі;
Чалавек нягодны, чалавек злачынны ходзіць з хлусьлівымі вуснамі,
міргае вачамі, тупае нагою, пальцам знакі дае.
лыпае вачыма сваімі, круціць нагамі сваімі, пальцамі сваімі знакі дае,
Ліха задумваецца ў сэрцы яго, увесь час сее ён раздоры і бяду.
хавае ліхоту ў сэрцы сваім, увесь час прыдумляе благое, сваркі расьсявае.
Таму раптам прыйдзе пагібель да яго; мігам будзе ён знішчаны, і не будзе яму ратунку.
Таму зьнянацку прыйдзе на яго загуба, раптоўна будзе зьнішчаны, і ня будзе яму аздараўленьня.
Шэсць ёсць рэчаў, якія Госпад ненавідзіць, і сем — агідныя для душы Яго:
Вось шэсьць, якіх ненавідзіць ГОСПАД, і сем, якія агідныя для душы Яго:
фанабэрыстыя вочы, ілжывы язык, рукі, што праліваюць кроў бязвінных,
вочы пыхлівыя, язык хлусьлівы, рукі, што праліваюць кроў нявінную,
сэрца, што задумвае ліхія намеры, ногі — хуткія, калі трэба бегчы да злачынства,
сэрца, якое задумвае намеры зласьлівыя, ногі, што хутка бягуць на благое,
таго, хто кажа ману, хлуслівага сведку, і таго, хто сее звадкі паміж братамі.
сьведка фальшывы, які дыхае няпраўдай, і той, хто сее нязгоду між братамі.
Захавай, сыне мой, пастановы бацькі свайго і не адкідай запавету маці сваёй;
Сыне мой, захавай прыказаньні бацькі твайго і не пакідай закон маці тваёй,
павяжы іх назаўжды на сэрца сваё і абвяжы імі шыю сваю.
навяжы іх назаўсёды на сэрцы тваім і абвяжы імі шыю тваю.
Калі ідзеш, хай яны накіроўваюць цябе, калі заснеш — хай берагуць цябе, а калі прабудзішся — хай гавораць з табой,
Калі пойдзеш, яны павядуць цябе, калі ляжаш спаць, будуць пільнаваць цябе, калі абудзішся, будуць гаварыць да цябе.
бо загад — светач, а закон — святло, а перасцярога пры настаўленні — дарога ў жыццё,
Бо прыказаньне — сьветач, і закон — сьвятло, а настаўленьне і дакараньне — шлях жыцьця,
каб бераглі яны цябе ад ліхой жанчыны і ад ліслівага языка чужой;
каб захаваць цябе ад жанчыны ліхой, ад лісьлівага языка чужаніцы.
хай не зажадае сэрца тваё яе прыгажосці, і хай не захопяць цябе яе лёгкія рухі,
Няхай не пажадае сэрца тваё прыгажосьці яе, няхай ня ўхопіць яна цябе вейкамі сваімі,
бо цана распусніцы — толькі кавалак хлеба, а замужняя захоплівае дарагую душу.
бо з прычыны распусьніцы галеюць да бохана хлеба, і чужаложніца цікуе на дарагую душу.
Ці можа чалавек схаваць агонь сабе за пазуху, каб не загарэлася адзенне яго?
Ці схавае хто агонь у запазуху, каб не загарэлася адзеньне ягонае?
Альбо ісці па распаленых вуглях, каб не згарэлі ступні яго?
Ці можа хто хадзіць па распаленым вугольлі, не апёкшы ступняў сваіх?
Так адбываецца з тым, хто ходзіць да жонкі блізкага свайго; не будзе чыстым той, хто дакранецца да яе.
Так і той, хто ўваходзіць да жонкі бліжняга свайго, хто дакранаецца да яе, не пазьбегне кары.
Не будзе паблажкі злодзею, калі ён будзе красці, каб насыціць душу, што прагне;
Не пагарджаюць злодзеем, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны,
схоплены — сямікратна верне ён, а таксама аддасць ён усю маёмасць дому свайго.
але злоўлены, сямікроць аддасьць, аддасьць усю маёмасьць дому свайго.
Хто ж чужаложыць з жанчынаю, неразумны той; згубіць душу сваю той, хто робіць гэта.
Хто чужаложыць з жанчынаю, той бязглузды; загубіць душу сваю той, хто гэтак чыніць.
Аб’яднае ён у сабе пакуту і ганьбу, і ганьба яго не спыніцца,
Біцьцё і сорам знойдзе ён сабе, і ганьба яго ня змыецца,
бо рэўнасць — лютасць мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты,
бо рэўнасьць раз’юшвае мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты,
і не прыме ён ніякага водкупу ад цябе, і не прыме і найвялікшых дароў.
ня гляне ён на ніякую аднагароду і адкіне дары, хоць іх павялічыш.