Выслоўяў Саламонавых 6 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Калі ты паручыўся, сыне мой, за сябра свайго, ты даў руку тваю за другога;
 
Сын мой, калі ты паручыўся за бліжняга твайго і даў руку тваю за другога,

ты аблытаў сябе словамі вуснаў сваіх і злоўлены ты сваімі ўласнымі размовамі.
 
дык ты апутаў сябе словамі тваіх вуснаў, злоўлены словамі вуснаў тваіх.

Такім чынам, зрабі, што гавару, сыне мой, вызвалі сябе, бо трапіў ты ў рукі блізкага свайго; бяжы, кінься ў ногі, упрошвай сябра свайго.
 
Зрабі дзеля гэтага так, сын мой і збаў сябе, бо ты трапіў у рукі бліжняга твайго: пайдзі, кінься да ног і малі бліжняга твайго;

Не давай сну вачам сваім і дрымоты павекам сваім.
 
не давай сна вачом тваім і дрэмкі тваім павекам;

Вырывайся, як сарна з сеткі і як птушка з рукі птушкалова.
 
вырвіся, як лань з рукі паляўнічага і як птушка з рук птушніка.

Ідзі да мурашкі, гультай, і паглядзі на рухі яе і вучыся мудрасці.
 
Ідзі, гультай, да мурашкі, прыгледзься яе шляхом і будзь мудрым,

Яна, хоць не мае валадара, ані стоража, ані кіраўніка,
 
якая хаця ня мае правадыра, ані начальніка, ані валадара,

улетку загатаўляе ежу сабе і збірае тое, што яна есць, у час жніва.
 
аднак летам прыгатаўляе хлеб свой і зьбірае ў часе жніва пожыў свой.

Дакуль, гультай, будзеш спаць? Калі падымешся са сну свайго?
 
Гультай, дакуль-жа ты будзеш спаць, калі-ж устанеш з твайго сна?

Крыху паспіш, крыху падрэмлеш, крыху складзеш рукі, каб паспаць,
 
Трохі пасьпіш, трохі падрэмлеш, трохі паляжыш адпачываючы злажыўшы рукі

і прыйдзе да цябе беднасць, як падарожны, і галеча, як узброены чалавек.
 
і прыйдзе, як прахожы, беднасьць твая і нястатак твой, як разбойнік.

Чалавек несправядлівы, чалавек небяспечны ходзіць з крывадушнымі вуснамі;
 
Чалавек бязбожны, чалавек няшчыры, ходзяць з манлівымі вуснамі;

міргае вачамі, тупае нагою, пальцам знакі дае.
 
міргае сваімі вачыма, гаворыць сваімі нагамі, робіць знакі сваімі пальцамі;

Ліха задумваецца ў сэрцы яго, увесь час сее ён раздоры і бяду.
 
крывадушнасьць у ягоным сэрцы, ён мае благія думкі, у кожным часе сеячы нязгоду.

Таму раптам прыйдзе пагібель да яго; мігам будзе ён знішчаны, і не будзе яму ратунку.
 
Затое раптоўна прыйдзе ягоная загуба; ён будзе разьбіты бяз вылячэньня.

Шэсць ёсць рэчаў, якія Госпад ненавідзіць, і сем — агідныя для душы Яго:
 
Ёсьць шэсьць рэчаў, якія ненавідзіць Гаспод, а сёмая агідная Ягонай душы:

фанабэрыстыя вочы, ілжывы язык, рукі, што праліваюць кроў бязвінных,
 
гордыя вочы, манлівы язык і рукі, што праліваюц нявінную кроў,

сэрца, што задумвае ліхія намеры, ногі — хуткія, калі трэба бегчы да злачынства,
 
сэрца, што мае благія намеры, ногі, што сьпяшаюцца да благога,

таго, хто кажа ману, хлуслівага сведку, і таго, хто сее звадкі паміж братамі.
 
фалшывы сьветка, што маніць і той, што сее нязгоду паміж братамі.

Захавай, сыне мой, пастановы бацькі свайго і не адкідай запавету маці сваёй;
 
Сын мой, заховывай запавет твайго бацькі і не адхіляй павучэньняў тваёй маці;

павяжы іх назаўжды на сэрца сваё і абвяжы імі шыю сваю.
 
прывяжы іх назаўсёды да твайго сэрца, абвяжы імі тваю шыю.

Калі ідзеш, хай яны накіроўваюць цябе, калі заснеш — хай берагуць цябе, а калі прабудзішся — хай гавораць з табой,
 
Куды-б ты не пайшоў, яны будуць весьці цябе; калі засьнеш, будуць аховываць цябе; калі прачнешся, будуць размаўляць з табою:

бо загад — светач, а закон — святло, а перасцярога пры настаўленні — дарога ў жыццё,
 
бо запавет зьяўляецца сьветачам, а павучэньне сьветам, а павучальныя павучэньні — шляхом да жыцьця,

каб бераглі яны цябе ад ліхой жанчыны і ад ліслівага языка чужой;
 
каб сьцерагчы цябе ад нягоднай жанчыны і ад пахлебнага жаночага языка.

хай не зажадае сэрца тваё яе прыгажосці, і хай не захопяць цябе яе лёгкія рухі,
 
Не пакідай яе прыгажосьці ў тваім сэрцы і няхай не прыцягівае цябе сваімі павекамі,

бо цана распусніцы — толькі кавалак хлеба, а замужняя захоплівае дарагую душу.
 
бо для блуднай жанчыны зьбяднее чалавек да кавалка хлеба, а чужаложная жонка ловіць дарагую душу.

Ці можа чалавек схаваць агонь сабе за пазуху, каб не загарэлася адзенне яго?
 
Ці-ж можа хто небудзь узяць сабе ў заўлоньне вагонь, каб не згарэла ягоная вопратка?

Альбо ісці па распаленых вуглях, каб не згарэлі ступні яго?
 
Ці-ж можа хто небудзь хадзіць па распаленых вуглёх і не папаліць сваіх ногаў?

Так адбываецца з тым, хто ходзіць да жонкі блізкага свайго; не будзе чыстым той, хто дакранецца да яе.
 
Тое самае бывае з тым, хто ўваходзіць да жонкі бліжняга свайго; хто даткнецца да яе не застанецца без віны.

Не будзе паблажкі злодзею, калі ён будзе красці, каб насыціць душу, што прагне;
 
Даровываюць злодзею, калі ён нешта ўкрадзе, каб насыціць сваю душу, калі ён галодны,

схоплены — сямікратна верне ён, а таксама аддасць ён усю маёмасць дому свайго.
 
але, калі яго зловяць, ён заплаціць усемера, аддасьць усю маемасьць свайго дому.

Хто ж чужаложыць з жанчынаю, неразумны той; згубіць душу сваю той, хто робіць гэта.
 
Хто чужаложыць з жанчынаю, той дурны; губіць сваю душу, хто робіць гэтак;

Аб’яднае ён у сабе пакуту і ганьбу, і ганьба яго не спыніцца,
 
кару і ганьбу знойдзе ён і ганьба ягоная не загіне,

бо рэўнасць — лютасць мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты,
 
бо зайздроснае каханьне — ярасьць мужа і не зьлітуецца ён у дзень помсты,

і не прыме ён ніякага водкупу ад цябе, і не прыме і найвялікшых дароў.
 
ня прыйме ніякага выкупу і не здаволіцца, хаця-б ты даваў найбольш дароў.