1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Пра часы і пару, браты, няма патрэбы вам пісаць,
 
А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты,

бо самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў, як злодзей уначы, так ён прыйдзе.
 
бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́.

Бо калі скажуць: «Супакой і бяспека», тады раптам прыйдзе на іх загуба, як родавыя мукі на цяжарную, і не ўцякуць.
 
Бо калі будуць казаць: «мір і бяспека», тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць.

Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень той захапіў вас, як злодзей,
 
Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей;

бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня. Мы не належым ані ночы, ані цемры.
 
бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры.

Дык не будзем спаць, як і іншыя, але будзем чуваць і будзем цвярозымі.
 
Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі.

Бо тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.
 
Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца.

Мы ж, якія належым дню, будзем цвярозымі, адзетымі ў панцыр веры і любові і ў шлем надзеі збаўлення.
 
Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне,

Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманне збаўлення праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,

Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі з Ім заўсёды.
 
Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам.

Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымлівайце ўзаемна, як вы і робіце.
 
Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце.

Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе ды навучаюць вас,
 
Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас,

каб больш паважалі і любілі іх дзеля працы іх. Жывіце ў згодзе між сабою.
 
і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою.

Просім вас, браты: спыняйце свавольных, пацяшайце маладушных, апякуйцеся над хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх.
 
Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплíвымі да ўсіх.

Глядзіце, каб нікому ліхам за ліха не адгаджаць, але імкніцеся заўсёды да дабра, як адзін для аднаго, так і для ўсіх.
 
Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.

Заўжды радуйцеся,
 
Заўсёды радуйцеся.

несупынна маліцеся,
 
Няспы́нна маліцеся.

за ўсё дзякуйце; бо такая ёсць воля Божая ў Ісусе Хрысце для вас.
 
За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе.

Духа не гасіце,
 
Духа не гасíце.

прароцтвамі не пагарджайце,
 
Прароцтвамі не пагарджа́йце.

усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.
 
Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся.

Высцерагайцеся усякага роду зла.
 
Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.

Хай жа Сам Бог супакою ўсвячае вас ва ўсім, каб дух ваш, і душа, і цела захаваліся беззаганнымі на прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Сам жа Бог міру няхай асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста.

Верны Той, Які паклікаў вас, Які зробіць [гэта].
 
Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.

Браты, маліцеся за нас.
 
Браты! маліцеся за нас.

Прывітайце ўсіх братоў пацалункам святым.
 
Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.

Заклікаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім святым братам.
 
Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
 
Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.