Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум.
А калі скончыў усе свае павучэньні (навукі) слухаючым яго людзям — направіўся ў Кафарнаўм.
У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў.
А ў аднаго сотніка быў слуга, якога ён вельмі цаніў, і быў моцна хворы, блізкі сьмерці.
Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
Ён пачуўшы пра Езуса паслаў да Яго старэйшын Юдэйскіх, просячы Езуса, каб прыйшоў і каб аздаравіў слугу яго.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта,
Калі яны прыйшлі да Езуса шчыра прасілі Яго, кажучы: "Варт ён, каб гэта яму зрабіў,
бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу».
бо ён любіць наш народ, нават сам паставіў нам сынагогу".
І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
Дык Езус пайшоў за Ім. А калі ўжо быў недалёка ад дому, паслаў сотнік прыяцеляў сказаць: "Госпадзе, ня мучся, бо я ня варт, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
Таму, што і самога сябе ўважаю за нягоднага (нявартага) прыйсьці (спаткаць) да Цябе, але скажы слова і паздаравее слуга мой.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Бо і я чалавек маючы ўладу, маю пад сабой жаўнераў. Кажу гэтаму: "Ідзі і ён ідзе, а іншаму: "Хадзі" і ён прыходзіць. Кажу слузе свайму: "Рабі гэта" і ён робіць".
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!»
Езус пачуўшы гэта, зьдзівіўся дзеля яго, ды зьвярнуўшыся да ідучых за Ім грамадой, сказаў: "Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраеля!"
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
А тыя (пасланьнікі) вярнуўшыся дамоў знайшлі слугу здаровым.
На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп.
Выпала, што ўзноў ішоў Езус у горад, які называецца Найм. А з Ім ішлі вучні Ягоныя ды вялікі натоўп людзей.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю.
А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі памёршага адзінага сына маці, каторая была ўдавой. Ды мноства людзей з горада праводзіла яе.
Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!»
Калі ўбачыў яе Госпад пашкадаваў яе ды сказаў ёй: "Ня плач!"
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!»
Падыйшоў і дакрануўся насілак (а тыя, што несьлі затрымаліся) затым сказаў: "Юнача, загадваю табе, устань!"
Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай.
І сеў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго ягонай маці.
Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ».
Дык усіх ахапіў страх. Дык славілі Бога кажучы: "Вялікі Прарок явіўся сярод нас, ды Бог наведаў свой народ.
Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
Аб Езусе разьнеслася вестка па ўсёй Юдэі і вакруг па ўсёй краіне.
І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта.
Аб усім паведамілі Яну яго вучні.
Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Езуса запытацца: "Ці Ты Тым, Каторы мае прыйсьці, ці другога маем чакаць?"
Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”»
Як толькі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: "Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: "Ці Ты — Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"
У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам.
Як толькі ў той час Езус аздаравіў многіх ад хваробаў і цярпеньняў і ад ліхіх духаў ды многім сьляпым вярнуў зрок.
І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
У адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і скажыце Яну, што вы бачылі і чулі: Сьляпыя відзяць, кульгавыя — ходзяць, пракажоныя — ачышчаны, глухія — чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім весьціцца Эвангелія,
І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
і шчасьлівыя (багаслаўлены) тыя, што з Мяне ня горшацца.
Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
А калі адыйшліся пасланьнікі Яна, пачаў Езус гаварыць аб Яне: "Што вы выйшлі ў пустыню відзець? Трысьціну хістаючыся ад ветру?
На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах.
Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека ў мягкае адзеньне адзетага? Вось тыя, што ў багатых адзеньнях ды што ў роскашы жывуць, у дамах каралеўскіх знаходзяцца.
На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
Ды што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам і больш за Прарока.
Гэта той, пра каго напісана: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Ён той, аб кім напісана: "Вось жа пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою. (Вых. 23:20; Мал. 3:1)
Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
Бо кажу Я вам: "Між народжаных жанчынамі няма большага (важнейшага) прарока над Яна Хрысьціцеля. Але найменшы ў каралеўстве Божым вялікшы ад яго.
Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам.
Затым увесь народ, які чуў і мытнікі славілі Бога, будучы ахрышчаны Янавым хростам.
А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
Фарызэі жа і Законаведы ўзгардзілі намерам Божым што да сябе і не прынялі хросту ад Яго.
А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя?
Тады сказаў Госпад: "З кім мог бы параўняць я гэтага пакаленьня людзей і да каго яны падобны?
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
Падобны яны да хлапчанят, седзячых на рынку, якія кажуць адны да другіх: "Гралі мы вам, а вы не танцавалі, галасілі мы, а вы ня плакалі.
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!”
Прыйшоў Ян Хрысьціцель і хлеба ня еў і віна ня піў, а вы кажаце: "Дэмана мае".
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!”
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есьць і п'е, а вы кажаце: "Во чалавек, во чалавек абжора і п'яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".
І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
І апраўдана мудрасьць усімі яе сынамі.
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом.
Адзін фарызэй запрасіў Езуса да сябе на пасілак. Увайшоў у дом фарызэя Езус за стол.
І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра
А вось адна жанчына, з'яўляючыся ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Езус сядзеў пры стале ў доме фарызыя, прынесла алябастоваю пасудзіну алейку,
і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
ды стануўшы ззаду каля ног Яго, пачала сьлязьмі абліваць ногі Ягоныя і абціраць валасамі сваёй галавы. Ды цалавала ногі Ягоныя і намашчала іх алейкам.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца».
Бачачы гэта фарызэй, што запрасіў Яго, падумаў у душы сваёй: "Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго: яна ж грэшніца".
Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік».
Адказаў яму Езус: "Сымон, маю табе нешта сказаць". А Сымон адказаў: "Вучыцелю, кажы".
«У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
Нейкі пазычацель меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дэнараў вінаваты, а другі пяцьдзесят.
Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?»
Калі ня мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык каторы з іх больш удзячны?
Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў».
Сымон у адказ сказаў: "Думаю, што той, катораму болей дараваў". А Езус сказаў яму: "Добра ты разсудзіў".
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі.
І зьвяртаючыся да жанчыны сказаў Сымону: "Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў я ў твой дом і ты не падаў мне вады на ногі, а яна сьлязьмі абмывала ногі мае і валасамі абцірала.
Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі.
Ня даў ты мне пацалунку, а яна як толькі ўвайшла, не пераставала цалаваць ногаў маіх.
Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі.
Не намасьціў ты галавы маёй алейкам, а яна ногі мае намасьціла алейкам.
Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць».
Дзеля таго кажу табе: Адпушчаюцца многія грахі ёй, бо была надта ўдзячнай (умілавала). А каму менш адпушчаюцца — менш мілуе, менш удзячны.
А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае».
Сказаў затым ёй: "Адпушчаюцца табе грахі".
І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?»
Дык субяседнікі сталі гаварыць між сабой: хто Ён, што нават грахі адпушчае?"
А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»
Затым сказаў Езус жанчыне: "Вера твая аздаравіла цябе. Ідзі ў супакою".