Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Глянуўшы, Ён убачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку.
Аднойчы Езус падняўшы вочы свае і бачачы, як багатыя кідалі дарункі свае ў скарбону,
Убачыў таксама і адну бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты,
убачыў таксама адну ўдаву бедную, як кідала два дробныя грошыкі, капейкі,
і сказаў: «Праўдзіва кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула.
затым сказаў: Запраўды кажу вам, гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.
Бо ўсе яны кідалі ў дар, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пражытак свой, які мела».
Бо ўсе з лішкаў укідалі ў дары Божыя, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё, што мела на сваё ўтрыманьне.
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
А калі некаторыя гаварылі аб сьвятыні, што прыгожымі каменямі і дарамі аздоблена, Езус сказаў:
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны».
"Надыйдуць дні, ў якіх з усяго, што відзіце, не застанецца каменя на камені, каб ня быў скінуты".
Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?»
Дык спыталіся ў Яго, кажучы: "Вучыцелю, калі гэта будзе, і што за знак, калі гэта пачнецца?"
Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі.
Езус сказаў: "Глядзіце, каб вас не зьвялі. Бо многа прыйдзе ў Маё імя, кажучы: "Гэта Я" або: "Час надыйшоў" ды не ідзіце за імі".
Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».
А калі пачуеце пра войны і замешаньні, не беспакойцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ ня зараз канец.
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства;
Далей казаў ім: "Паўстане народ на народ і каралеўства на каралеўства.
будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба.
Месцамі будуць вялікія землятрусы, пошасьці і голад, панаваць будуць страхі ды знакі вялікія на небе.
Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё.
Але перад тым усім наложаць на вас рукі, будуць прасьледаваць і выдаваць у сынагогі і ў вязьніцы, цягаючы да каралёў і намесьнікаў дзеля імя Майго,
І будзе гэта вам на сведчанне.
станецца гэта вам у доказ.
Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца,
Рашыцеся тады ў сэрцах вашых ня думаць, як маеце адказаваць.
бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.
Бо Я дам вам гаварыць, і мудрасьць, каторай ня змогуць запярэчаць праціўнікі вашыя.
Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць.
А прадаваць вас будуць браты і бацькі, і сваякі і сябры. Заб'юць вас не аднаго.
І зненавідзяць вас усе за імя Маё.
Будуць вас усе ненавідзець дзеля імя Майго.
Але і волас з галавы вашай не прападзе.
Але нават волас вам з галавы не прападзе.
Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.
Цярплівасьцяй вашай збавіце душы вашыя.
Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае.
Калі вось убачыце Ерузалім войскам акружанае, тады ведайце, што прыблізілася ягонае спусташэньне.
Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць, і хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго,
Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцікаюць у горы, а каторыя ў нутры горада — хай уцякаюць, а тыя, што ў ваколіцы, хай у горад не вяртаюцца.
бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае.
Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.
Гора ў тыя дні цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі! Бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ.
Гора жа цяжарным і кормячым у тыя дні, бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў над гэтым народам.
Палягуць ад вастрыя мяча і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.
Будуць падаць ад мяча і пагоняць іх у няволю паміж усіх народаў. Ерузалім будзе топтаны паганцамі, аж пакуль збудзецца час народаў.
Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання.
Тады будуць знакі на сонцу і на месяцы і на зорках ды на зямлі прыгнёт народаў сярод разрухаў, гуку мора і навальніцаў.
Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы.
Людзі будуць калявацець ад страху і чаканьня тых падзей, якія нахлынуць на ўвесь сьвет, бо магуцьці нябесныя будуць хістацца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю.
А калі ўбачаць Сына Чалавечага прыходзячага ў воблаку з сілай вялікай і веліччу.
Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне».
А калі гэта збывацца пачне, глядзіце і падымайце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленьне ваша.
І сказаў ім прыпавесць: «Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы.
Затым сказаў ім прыповесьць: "Паглядзіце на фіговае дрэва, ды на ўсе дрэвы.
Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
Калі яны ўжо фрукты выдаюць, ведаеце, што ўжо блізка лета.
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае.
Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што ўжо блізка Каралеўства Божае.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё адбудзецца.
Сапраўды, кажу вам, не праміне гэта пакаленьне (род), аж усё гэта споўніцца.
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Неба і зямля праміне, але словы Мае не прамінуць.
Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана,
Сьцеражыцеся, каб часам не абцяжылі абжорствам і п'янствам, хлопатамі гэтага жыцьця, каб на вас гэты дзень не прыйшоў раптам.
бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі.
Як маланка спадзе на ўсіх, што жывуць на зямлі ўсёй.
Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».
Дык пільнуйцеся, молячыся ўвесь час, каб былі вартымі ўсьцерагчыся ўсяго гэтага, што мае прыйсьці, ды каб маглі стануць на від Сына Чалавечага.
У дзень Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай.
І навучаў днямі ў сьвятыні, а на нач выходзіў і прабываў на гары, каторую называюць Аліўнай.
Увесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.
А ўвесь народ ад раніцы сабіраўся ў сьвятыню, каб слухаць Яго.