Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.
 
І сталася ў суботу, калі праходзіў Ён праз пшанічнае поле, вучні Яго зрывалі каласы, расціралі зярняты рукамі ды елі.

Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?»
 
Некаторыя фарысеі сказалі: «Што гэта робіце, чаго нельга рабіць у суботу?»

Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
 
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім».
 
Як увайшоў у дом Божы, і сам браў хлябы пакладныя, і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць не належыць іх есці нікому, толькі святарам».

І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
 
І казаў ім: «Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы».

У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой.
 
У іншую суботу здарылася таксама, што Ісус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў сухую правую руку.

А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго.
 
А кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці будзе ў шабат аздараўляць, каб знайсці прычыну абвінаваціць Яго.

Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў.
 
Але Ён ведаў думкі іх і гаворыць чалавеку, які меў сухую руку: «Падыміся і стань на сярэдзіне». І ён, падняўшыся, устаў.

Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?»
 
Тады гаворыць ім Ісус: «Пытаюся вас, ці можна ў суботу добра рабіць, ці блага, жыццё ўратаваць ці загубіць?»

І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная.
 
І, азірнуўшы навокал ўсіх, сказаў яму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і сталася здаровай рука яго.

А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.
 
А яны прыйшлі ў шал і радзіліся між сабой, што зрабіць з Ісусам.

У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
 
І сталася ў тыя дні, пайшоў Ён на гару маліцца ды правёў усю ноч у малітве Божай.

Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
 
І, калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх ды выбраў паміж іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:

Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
 
Сімона, якога пераназваў Пётрам, і Андрэя, брата яго, Якуба і Яна, Піліпа і Баўтрамея,

Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зелотам,
 
Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеева, і Сімона, якога завуць Зэлотам,

Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
 
Юду Якубава ды Юду Іскарыёта, які быў здраднікам.

Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона
 
І, выйшаўшы з імі, затрымаўся на роўным месцы разам з натоўпам Сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліма, з узбярэжжа Тыра і Сідона,

прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся.
 
што прыйшлі, каб паслухаць Яго і быць аздароўленымі ад сваіх хваробаў; і тымі, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і былі аздароўлены.

Усе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.
 
І ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла магутнасць ды аздараўляла ўсіх.

А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
 
І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: «Шчасныя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
 
Шчасныя, што цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасныя, што цяпер плачаце, бо будзеце смяяцца.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага.
 
Шчасныя вы будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісці і калі вас адпіхнуць, і праклінаць вас будуць, і знеслаўляць імя ваша як ліхое з-за Сына Чалавечага.

Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
 
Весяліцеся ў той дзень і радуйцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая на небе; бо так рабілі прарокам бацькі іх.

Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!
 
Але гора вам, багацеі, бо маеце суцяшэнне ваша.

Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!
 
Гора вам, што цяпер насычаны, бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер смеяцеся, бо будзеце сумаваць і плакаць.

Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
 
Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць, бо так фальшывым прарокам рабілі бацькі іх.

Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
 
Але кажу вам, тым, хто слухае: любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць,

Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
 
дабраслаўляйце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што вас ачарняюць.

Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю.
 
А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другую; і таму, хто забірае тваю вопратку, не забараняй узяць і туніку.

Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту.
 
Кожнаму, хто цябе просіць, дай, і ад таго, хто забірае нешта тваё, не патрабуй назад.

Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.
 
І, як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.

Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць.
 
І, калі любіце тых, што вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.

Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае.
 
І, калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж вам падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць.

Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
 
І, калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцеся звароту, дык якая ж вам падзяка? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб вярнулі ім столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых.
 
Вы ж любіце непрыяцеляў вашых і добра ім рабіце, і давайце пазыку, нічога назад не спадзеючыся; і ўзнагарода ваша будзе вялікай, і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і да няўдзячных і благіх.

Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
 
Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны.

Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
 
Не судзіце, і не будзеце асуджаны; не абвінавачвайце, і не будзеце абвінавачаны. Адпускайце, і вам будзе адпушчана.

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
 
Давайце, і будзе вам дадзена: меркай добрай, поўнай, патрэсенай і з верхам дадуць вам на ўлонне ваша, бо такой самай меркай, што вы мераеце, будзе вам адмерана».

І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?
 
І сказаў ім для параўнання: «Ці можа сляпы весці сляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.
 
Вучань не большы за настаўніка: але, навучаны ўсяму, будзе, як настаўнік яго.

Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
 
Чаму бачыш сцяблінку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не бачыш?

Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
 
Або як можаш казаць брату твайму: “Дазволь, браток, выняць сцяблінку з вока твайго”, а бервяна, што ў тваім воку, не бачыш? Крывадушнік, вынь перш бервяно з твайго вока, а тады пабачыш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго.

Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод.
 
І няма ані дрэва добрага, каб радзіла благія плады, ані благога дрэва, каб радзіла добрыя плады.

Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду.
 
Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе. Таксама не збіраюць фігаў з церняў або вінаграду з ажыны.

Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
 
Добры чалавек дабывае з добрай скарбонкі сэрца свайго дабро, а благі чалавек з ліхой скарбонкі сэрца свайго дабывае ліхоцце: бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны.

Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу?
 
Чаму прызываеце Мяне: “Госпадзе, Госпадзе!”, — і не выконваеце таго, што вам кажу?

Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго.
 
Кожны, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і выконвае іх, пакажу вам, да каго ён падобны:

Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.
 
Ён падобны да чалавека, які збудаваў дом, і ўкапаўся глыбока, і паклаў падмурак на скале; а калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не змагла яго зварухнуць, бо добра быў ён пабудаваны.

А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».
 
А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў свой дом на зямлі без падмурка, на які націснула рака — і зараз паваліўся, і разбурэнне дому таго было вялікае».