Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены,
 
На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны,

пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
 
пры першасвятарах Анну і Каяфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
 
І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!
 
як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму.

Кожная даліна ўзвысіцца,кожная гара і пагорак панізяцца,і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,а ланцугі гор — далінаю.
 
Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі,

І ўбачыць кожнае целаБожае збаўленне”».
 
і ўбачаць усе канцы свету збаўленне Бога нашага”».

Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто засведчыў вам, што пазбегнеце будучага гневу?

Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.
 
Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: “Маем бацьку Абрагама”; кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.

Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».
 
Ужо вось сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь».

І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?»
 
Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?»

Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае».
 
Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна».

Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?»
 
Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»

Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце».
 
А ён ім сказаў: «Нічога не рабіце больш таго, што вам прызначана».

Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».
 
Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю».

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён,
 
А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос,

Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.
 
Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але прыйдзе дужэйшы за мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём.

Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».
 
Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным».

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.
 
Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.

А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад,
 
Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад,

да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.
 
дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу.

Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба,
 
І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,

і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
 
і Дух Святы цялесна ў выглядзе голуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне».

Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія,
 
Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сынам Гэлі,

Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа,
 
сынам Матата, сынам Леві, сынам Мэльха, сынам Яная, сынам Язэпа,

Матація, Амоса, Навума, Эслія, Нагея,
 
сынам Мататыі, сынам Амоса, сынам Навума, сынам Эслі, сынам Нагі,

Маата, Матація, Сэмэя, Ёсэха, Ёды,
 
сынам Маата, сынам Мататыі, сынам Сямэя, сынам Язэха, сынам Ёды,

Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя,
 
сынам Ёана, сынам Рэсы, сынам Зарабабэля, сынам Салатыэля, сынам Нэра,

Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Эра,
 
сынам Мэльха, сынам Адзі, сынам Касама, сынам Эльмадама, сынам Гэра,

Езуса, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія,
 
сынам Ешуа, сынам Эліязэра, сынам Ярыма, сынам Матата, сынам Леві,

Сімяона, Юды, Юзафа, Ёнама, Эліяхіма,
 
сынам Сімяона, сынам Юды, сынам Язэпа, сынам Ёны, сынам Эліякіма,

Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда,
 
сынам Мэлея, сынам Мэны, сынам Матата, сынам Натана, сынам Давіда,

Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона,
 
сынам Ясэя, сынам Абэда, сынам Баоза, сынам Салмона, сынам Наасона,

Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды,
 
сынам Амінадаба, сынам Адміна, сынам Арні, сынам Эсрома, сынам Пэрэса, сынам Юды,

Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора,
 
сынам Якуба, сынам Ізаака, сынам Абрагама, сынам Тэраха, сынам Нахора,

Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Салія,
 
сынам Сэруга, сынам Рагава, сынам Пэлега, сынам Гебэра, сынам Салы,

Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха,
 
сынам Кайнана, сынам Арпаксада, сынам Сэма, сынам Ноя, сынам Ламэха,

Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама,
 
сынам Мэтусалаха, сынам Гэноха, сынам Ярэда, сынам Малаліэля, сынам Кайнана,

Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.
 
сынам Эноса, сынам Сэта, сынам Адама, сынам Бога.