Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго.
І прамаўляў Ён да вучняў Сваіх: «Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зняславілі таго перад гаспадаром, што распускае яго дабро.
Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”.
І пазваў ён яго, і гаворыць яму: “Што я чую пра цябе? Здай справаздачу аканомства твайго, бо ўжо не можаш быць аканомам”.
Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся.
І гаворыць пра сябе аканом: “Што мне рабіць, раз гаспадар мой адбірае ад мяне аканомства? Капаць не магу, а жабраваць саромеюся.
Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”.
Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду адсунуты ад аканомства, прынялі мяне ў дамы свае”.
Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?”
Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: “Колькі вінаваты ты гаспадару майму?”
Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”.
Той сказаў: “Сто бочак алею”. Дык сказаў яму: “Вазьмі распіску тваю, сядзь хутка, напішы пяцьдзесят”.
Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”.
Потым сказаў другому: “А ты колькі вінаваты?” Той гаворыць: “Сто мер пшаніцы”. Гаворыць яму: “Вазьмі распіску тваю ды напішы восемдзесят”.
І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што разумна зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў сваім родзе за сыноў святла.
І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.
І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў мамонай нягоднай, каб, калі яе не стане, прынялі вас у вечныя сялібы.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.
Хто верны ў малым, і ў вялікім верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны.
Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае?
Дык калі вы ў нягоднай мамоне не былі вернымі, хто вам даверыць сапраўднае?
І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасць ваша?
Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
Ніводзін паслугач не можа двум гаспадарам служыць: або аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне».
Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.
А гэта ўсё слухалі фарысеі, якія былі хцівымі, і кпілі з Яго.
І сказаў ім: «Вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
Дык гаворыць ім: «Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі; але Бог ведае сэрцы вашы, бо што для людзей з’яўляецца высокім, тое ў Бога — агіда.
Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае, і кожны стараецца сілком уваходзіць у яго.
Закон і прарокі [былі] аж да Яна; а адгэтуль весціцца Валадарства Божае, і кожны дзеля яго сілу прымяняе.
Але хутчэй неба і зямля мінуць, чым знікне адна рыска Закону.
Лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска з закона знікне.
Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць. І хто жэніцца з разведзенай, чужаложыць.
Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам бярэ, чужаложыць.
Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў.
Жыў адзін багаты чалавек, і апранаўся ў пурпур і вісон ды штодзённа бліскуча баляваў.
А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах
І нейкі жабрак імем Лазар ляжаў увесь у больках каля яго брамы
і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы.
і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, што спадалі са стала багацея, але ніхто яму не даваў, толькі сабакі прыходзілі і лізалі болькі яго.
Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны.
І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занеслі яго на ўлонне Абрагама; памёр таксама багацей і быў пахаваны.
У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным.
І калі ў пекле быў ён у пакутах, узводзячы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і на ўлонні яго Лазара.
Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”.
І, закрычаўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі”.
Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.
І сказаў Абрагам: “Сыне, прыпомні, як ты ў жыцці сваім карыстаўся даброццямі тваімі, а Лазар гэтак жа благаццём; ён цяпер тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.
І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”.
Да ўсяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая, каб тыя, што хочуць адсюль да вас перайсці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца”.
Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
Дык гаворыць: “Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, —
бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”.
бо маю пяць братоў, — каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакут”.
Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”.
Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў; хай слухаюць іх”.
А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”.
Але ён сказаў: “Не, ойча Абрагам, але калі хто з памерлых пойдзе да іх, навернуцца”.
Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».
А ён гаворыць яму: “Калі не слухаюць Майсея і прарокаў, дык, каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць”».