Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
 
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб перапісаць увесь свет.

Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі.
 
Гэты перапіс быў першы і зроблены за гаспадаранне Квірына ў Сірыі.

Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад.
 
І ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.

Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,
 
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у Давідаў горад, які называўся Бэтлехэм, таму што быў з дому і роду Давідава,

каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.
 
каб запісацца разам з Марыяй, заручанай яму жонкаю, Якая была цяжарная.

А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць.
 
І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй.

І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.
 
І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
 
У той ваколіцы былі пастухі, якія пільнавалі і вартавалі ўночы пры сваім статку.

З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
 
І паўстаў перад імі Анёл Госпадаў, і слава Госпада асвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.

Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу,
 
І сказаў ім Анёл: «Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям:

бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.
 
сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.

І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».
 
Такі вось вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях».

Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
 
Ды раптам з Анёлам з’явілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і кажучы:

«Хвала на вышынях Богу,а на зямлі спакой людзям добрай волі».
 
«Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі».

Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан».
 
І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх на неба, пастухі казалі адзін аднаму: «Хадземце ў Бэтлехэм і пабачым, што там сталася, пра што паведаміў нам Госпад».

Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях.
 
І пайшлі, спяшаючыся, у Бэтлехэм, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях.

А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.
 
А ўбачыўшы, паведамілі пра слова, якое ім было сказана пра Дзіця гэтае.

Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.
 
І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што ім расказалі пастухі.

А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
 
Марыя ж захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім.

І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
 
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.
 
І, калі мінула восем дзён, калі належала абрэзаць Яго, назвалі Яго імем Ісус, якое было Яму дадзена Анёлам, перш чым Ён быў пачаты ва ўлонні.

А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану,
 
І, калі споўніліся дні ачышчэння Яе па законе Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,

— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; —
 
як напісана ў законе Госпада: «Кожны хлопец, што раскрывае ўлонне, будзе пасвячоны Госпаду»,

і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
 
ды каб скласці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркавак або два галубы.

Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім.
 
І вось, у той час быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сімяон, і быў ён справядлівы, і баяўся Бога, і чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы быў на ім.

Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана.
 
Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадава.

І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону,
 
І, ведзены Духам, ён пайшоў у святыню. І, калі бацькі Ісуса ўносілі Яго ў святыню, каб выканаць закон адносна Яго,

ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
 
ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:

«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,паводле слова Твайго, у спакоі;
 
«Цяпер па слове Тваім, Госпадзе, адпускаеш паслугача Твайго ў супакоі,

бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
 
бо вочы мае бачылі збаўленне Тваё,

якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
 
якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў;

святло для асвятлення язычнікаўі хвалу народу Твайго Ізраэля».
 
святло для прасвятлення паганаў і дзеля славы народа Твайго, Ізраэля».

А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго.
 
[Язэп жа] і Маці Яго дзівіліся таму, што аб Ім казалі.

І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць.
 
І дабраславіў іх Сімяон, кажучы Марыі, Маці Яго: «Вось, Ён пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, якому будуць працівіцца,

А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
 
і Тваю ўласную душу праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў».

Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў;
 
Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакалення Асэрава. Яна была на схіле дзён сваіх, і ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,

удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы.
 
7 і б ы л а я н а ў д а в о й васьмідзесяцічатырохгадовай, якая не пакідала святыні, служачы там Богу днём і ўночы ў постах і маленнях.

Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
 
Яна вось, прыйшоўшы ў тую пару, славіла Бога і расказвала аб Ім усім, якія чакалі адкуплення ў Ерузаліме.

Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
 
І, калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.

Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
 
А Дзіця расло і ўмацоўвалася [Духам], поўнае мудрасці, ды ласка Божая была на Ім.

Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі.
 
І хадзілі бацькі Яго штогод у Ерузалім на ўрачыстасць Пасхі.

І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята.
 
І, калі Ён меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на свята,

Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, застаўся Хлопец Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі.
 
і, калі, па заканчэнні святочных дзён, вярталіся, хлопчык Ісус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага бацькі Яго.

Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
 
Думаючы, што Ісус сярод іншых, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго паміж сваякоў і знаёмых,

Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго.
 
і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
 
І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў святыні, і Ён сядзеў паміж вучоных, слухаў іх і пытаўся ў іх.

А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго.
 
Усе, хто Яго слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Яго.

Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: «Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе».
 
І, убачыўшы Яго, здзівіліся. І Маці Яго сказала Яму: «Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе».

Ён сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
 
А Ён гаворыць ім: «Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»

Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім.
 
Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія ім сказаў.

І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім.
 
І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захавала ўсе словы ў Сваім сэрцы.

Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.
 
А Ісус сталеў мудрасцю, і гадамі, і ласкаю ў Бога і ў людзей.