Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Перад сьвятам жа Пасхі Ісус, ве́даючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьве́ту да Айца, палюбіўшы Сваіх, што на сьве́це, даканца́ ўзьлюбіў іх.
А перад днём свята Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла гадзіна Яго, каб адысці з гэтага свету да Айца, бо, узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў.
І ў час вячэры, калі д’ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымо́навага Іскарыёта прадаць Яго,
І ў час вячэры, калі д’ябал ужо падступіўся да сэрца Юды Сімонава Іскарыёта, каб выдаў Яго,
Ісус, ве́даючы, што Аце́ц усе аддаў у рукі Яго, і што Ён ад Бога вы́йшаў і да Бога йдзе́,
Ён, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
устаў ад стала, скінуў з Сябе́ ве́рхнюю вопратку і, узяўшы рушнік, падпераза́ўся.
падняўся ад вячэры, і скінуў Сваё адзенне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.
Пасьля наліў вады ў умывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням сваім і выціраць рушніком, якім быў апераза́ны.
Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.
І падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці-ж Табе́ абмываць мае́ ногі?
Гэтак падыходзіць да Сімона Пётры. Той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне будзеш мыць ногі?»
І адказаў Ісус і сказаў яму: што Я ро́блю, ты цяпе́р ня ве́даеш, але даве́даешся пасьля.
І адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш».
Пётр кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх даве́ку. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе́, ня ма́еш часьці са Мною.
Кажа Яму Пётра: «Вечна не будзеш мне мыць ног». Адказаў яму Ісус: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной».
Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае́, але й рукі і галаву.
Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе́.
Кажа яму Ісус: «Хто памыты, не патрабуе нічога, як толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты; вы таксама чыстыя, але не ўсе».
Бо ве́даў, хто прадасьць Яго, дый затым і сказаў: ня ўсе́ вы чыстыя.
Бо ведаў, кім быў той, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
Калі-ж абмыў ім ногі і апрануў Сваю вопратку, дык, супачыўшы ізноў, спытаўся: ці ве́даеце, што гэта Я зрабіў вам?
Пасля таго, як памыў ногі іх і апрануў адзенне Сваё, ізноў, узлёгшы пры стале, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я вам зрабіў?
Вы называеце Мяне́ Вучы́целем і Го́спадам і справядліва кажаце, бо Я і ёсьць такі.
Вы клічаце Мяне: “Настаўнік” і “Госпад”, і добра кажаце, бо Я ім ёсць.
Дык вось, калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,
Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вашы ногі, дык і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
бо Я даў вам пры́клад, каб, як Я зрабіў вам, рабілі і вы.
Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і паслане́ц ня большы за таго, хто яго пасылае.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: паслугач не большы за гаспадара свайго, і апостал не большы за таго, хто яго паслаў.
Калі гэтае ве́даеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае рабіць будзеце.
Калі пра гэта ведаеце, шчасныя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.
Не аб усіх вас гавару. Я ве́даю, каго выбраў. Але няхай ста́нецца, што напісана: Той, хто е́сьць са Мною хле́б, падняў на Мяне́ пяту сваю (Псальм 40:10).
Не аб усіх вас гавару; Я ведаю, каго выбраў, але каб споўнілася Пісанне: “Нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць Мяне”.
Цяпе́р кажу вам, ране́й, чым гэта ста́лася, каб, як станецца, вы паве́рылі, што гэта Я.
Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсць.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне́ прыймае, а хто Мяне́ прыймае, прыймае Паслаўшага Мяне́.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я калі пашлю, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне».
Сказаўшы гэтае, Ісус узварушы́ўся духам і засьве́дчыў і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне́!
Калі сказаў гэта Ісус, стурбаваўся Ён Духам, і ўрачыста прамовіў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
Тады вучні аглядаліся адзін на аднаго, ня ве́даючы, аб кім гаворыць.
Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім казаў.
Быў жа за сталом адзін з вучняў Яго на ўлоньні Ісуса, якога Ісус любіў.
А адзін з вучняў, той, якога Ісус любіў, узлягаў праваруч Ісуса.
Яму Сымон Пётр кіўнуў, каб папытаўся, хто гэта, аб кім гаворыць.
Дык кіўнуў яму Сімон Пётра, каб спытаўся: «Хто гэта, аб кім Ён кажа».
І той, прыпаўшы да грудзе́й Ісуса, кажа: Госпадзе! хто гэта?
І ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе, а хто гэта?»
І адказвае Ісус: той, каму Я падам, абмачыўшы, кусок хле́ба. І, абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я падам умочаны хлеб». І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сімонаву Іскарыёту.
І за куском увайшоў у яго шата́н. І кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.
І па кавалку хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык кажа яму Ісус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».
Але ніхто з прысутных таго не зразуме́ў, дзеля чаго гэтае сказаў яму.
І з узлягаючых ніхто не зразумеў, да чаго Ён гэта яму сказаў.
А як у Юды была скарбонка з грашыма, дык іншыя думалі, быццам Ісус кажа яму: купі, што трэба нам на сьвята, ці каб даў не́шта ўбогім.
Некаторыя думалі, што як Юда мае [грашовы] капшук, то Ісус кажа яму: «Купі, чаго нам трэба на свята», або каб што раздаў убогім.
Той жа, узяўшы кусок, зараз жа выйшаў; а была ноч.
Юда, узяўшы кавалак хлеба, адразу выйшаў; а была ноч.
А як выйшаў, кажа Ісус: цяпе́р уславіўся Сын Чалаве́чы, і Бог уславіўся ў Ім.
І, калі выйшаў, Ісус сказаў: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім;
Калі Бог уславіўся ў Ім, то Бог уславіць і Яго ў Сабе́, і ў хуткім часе ўславіць Яго.
калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць Яго неўзабаве.
Дзе́ці! яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі: будзеце шукаць Мяне́, і, як Я сказаў Жыдом: куды Я іду, вы ня можаце йсьці, — так гавару цяпе́р і вам.
Сыночкі, нядоўга ўжо буду з вамі; будзеце Мяне шукаць, але, як сказаў юдэям: куды Я іду, вы прыйсці не можаце, так і вам цяпер кажу.
Даю вам новае прыказа́ньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любе́це адзін аднаго.
Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.
Па гэтым пазна́юць усе́, што вы Маі вучні, калі будзеце ме́ць любоў адзін да аднаго.
Па тым пазнаюць усе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Кажа Яму Сымон Пётр: Госпадзе, куды Ты йдзе́ш? Ісус адказаў яму: куды Я йду, ты ня можаш цяпе́р за Мною йсьці; пазьней жа пойдзеш за Мною.
Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, куды ідзеш?» Адказаў Ісус: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш прыйсці, але потым прыйдзеш за Мною».
Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпе́р? Я душу маю́ палажу за Цябе́.
Кажа Яму Пётра: «Госпадзе, чаму я цяпер не магу пайсці за Табой? Жыццё сваё аддам за Цябе».
Ісус адказаў яму: душу тваю за Мяне́ паложыш? запраўды́, запраўды́ кажу табе́: не прапяе́ пе́вень, як тройчы адрачэшся ад Мяне́.
Адказвае Ісус: «Жыццё тваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: перш чым певень запяе, тры разы зрачэшся Мяне.