Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
Паміж фарысеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік юдэйскі;
Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
уночы прыйшоў ён і сказаў Яму: «Рабі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».
І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, не можа бачыць Валадарства Божага».
Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары́? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»
Ісус адказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.
Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.
Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца нанова.
Дух ды́хае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
Дух дзьме, куды хоча, і шум яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».
Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»
Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты — настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?
Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што мы бачылі, але сведчання нашага не прымаеце.
калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, я́к паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?
І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, — Сын Чалавечы.
І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
каб кожны, хто верыць, меў жыццё вечнае.
Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.
Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.
Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;
А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую, і там затрымаўся з імі, і хрысціў.
Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;
бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.
І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і юдэямі наконт ачышчэння.
І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хры́сьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Рабі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».
Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.
Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябар жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.
Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
Ён мае расці, а я — змяншацца.
Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
Хто прыходзіць звысоку, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;
і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.
Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.
Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Ён Духа.
Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Яго.
Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.
Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».