Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галіле́йскага, Тывэрыядзкага.
Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае.
І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён рабіў з хворымі.
І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя.
І ўзыйшоў Ісус на гару́ і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
А блізка была Пасха, сьвята жыдоўскае.
І была блізка Пасха, святочны дзень юдэйскі.
Ісус, падняўшы вочы і ўгле́дзіўшы, што многа народу йдзе́ да Яго, кажа Піліпу: дзе́ нам купіць хле́ба, каб іх накарміць?
Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства [людзей] прыйшло да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?»
Казаў жа Ён гэта выве́дываючы ў яго, бо Сам ве́даў, што хаце́ў зрабіць.
А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць іх, бо Сам ведаў, што меў зрабіць.
Піліп адказаў Яму: ім на дзьве́сьці дынараў мала будзе хле́ба, каб кожнаму з іх даста́лася хоць па крысе́.
Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху».
Адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму:
Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры:
Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хле́баў ячменных і дзьве́ рыбы; але што гэта для такога множства?
«Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?»
Ісус сказаў: скажэце ім пасяда́ць. Была-ж на тым ме́сцы густая трава. І вось пасяда́лі людзі лікам да пяцёх тысячаў.
Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч.
І ўзяў Ісус хле́бы і, аддаўшы хвалу́, раздаў вучням, вучні сядзе́ўшым, так сама і рыбы, колькі хто хаце́ў.
Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.
І, як насыціліся, сказаў вучням сваім: зьбярэце астаўшыяся кускі, каб нічога не прапала.
А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб не змарнаваліся».
І сабралі й напоўнілі дванаццаць карабоў кускамі ад пяцёх ячме́нных хле́баў, што асталіся ў е́ўшых.
Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.
Людзі-ж, што бачылі цуд, зроблены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што йдзе ў сьве́т.
Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ён знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які прыйшоў у свет».
Ісус жа, ве́даючы, што хочуць не́ўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць царом, ізноў адыйшоўся на гару адзін.
А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў Сам адзін на гару.
Калі настаў ве́чар, то вучні Яго зыйшлі да мора
А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора
і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капэрнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыходзіў да іх.
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх.
Дуў моцны ве́цер, і мора хвалява́лася.
А мора пачало хвалявацца, бо дзьмуў моцны вецер.
Праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, яны ўба́чылі Ісуса ідучы па моры і ўжо недалёка ад чаўна́ і спалохаліся.
Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся.
Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!
Але Ісус кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся».
Яны захаце́лі ўзяць Яго ў човен, і зараз-жа човен прыстаў да бе́рагу, куды плылі.
І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі.
Назаўтрае народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было другога чаўна́, апрача аднаго, у які ўвашлі вучні Яго, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго,
Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі;
другія-ж чаўны прыйшлі з Тывэрыяды, непадалёк ад таго ме́сца, дзе́ е́лі хле́б на багаслаўле́ньне Госпада;
іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.
вось-жа, калі народ угле́дзіў, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі ў човен і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса,
Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса, ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса.
і, знайшоўшы Яго на тым баку мо́ра, сказалі Яму: Равві: калі Ты сюды прыйшоў?
І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Рабі, калі Ты сюды прыйшоў?»
І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу вам: шукаеце Мяне́ не затым, што бачылі цуд, але затым, што е́лі хле́б і насыціліся;
Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся.
працуйце-ж не дзеля е́жы, што зьніштажа́ецца, але дзе́ля е́жы, што астае́цца ў жыцьцё ве́чнае, якое дасьць вам Сын Чалаве́чы, бо на Ім паклаў пячаць Сваю Аце́ц Бог.
Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая прычыняецца да жыцця вечнага, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць дзе́лы Божыя?
Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
І адказаў ім Ісус і сказаў: вось дзе́лы Бога: каб вы ўве́равалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
Яны-ж сказалі Яму: які-ж Ты дасі знак, каб мы бачылі й паве́рылі Табе́? што Ты чыніш?
Тады сказалі Яму: «Дык што за знак учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што зробіш?
Бацькі нашыя е́лі манну ў пустыні і насыціліся, паводле напісанага: «хле́б з не́ба даў ім е́сьці» (Псальм 77:24).
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб нябесны даў ім”».
Ісус жа сказаў ім: Запраўды́, запраўды́ кажу вам: не Майсе́й даў вам хле́б з не́ба, але Аце́ц Мой дае́ вам праўдзівы хле́б з не́ба;
Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.
бо хле́б Божы ёсьць той, што зыходзіць з не́ба і дае́ жыцьцё сьве́ту.
Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету».
Яны-ж сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хле́б.
Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба».
Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хле́б жыцьця; хто прыходзе да Мяне́, ня будзе галодны, і хто ве́руе ў Мяне́, ня будзе прагнуць ніколі.
Сказаў ім Ісус: «Я — хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне.
Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне́, і ня ве́рыце.
Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце.
Усё, што дае́ Мне́ Аце́ц, да Мяне́ пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзе да Мяне́, ня выганю вон,
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч.
бо Я зыйшоў з не́ба не дзеля таго, каб чыніць Маю́ волю, але волю паслаўшага Мяне́ Айца;
Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў.
воля-ж паслаўшага Мяне́ Айца ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне́ даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё гэнае ў апошні дзе́нь;
А воля Таго, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нічога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень.
воля паслаўшага Мяне́ ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і ве́руе ў Яго, ме́ў жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзе́нь.
Гэта воля Айца Майго, каб кожны, хто глядзіць на Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень».
Жыды ж гудзе́лі проці Яго, што сказаў: Я ёсьць хле́б што з не́ба зыйшоў,
Дык наракалі юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба»,
і гаварылі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку й матку якога ве́даем? Як жа Ён кажа: Я зыйшоў з не́ба?
ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: “Сышоў з неба”»?
Ісус жа адказаў ім і сказаў: ня гудзе́це міжы сабою;
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго.
ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яго ня прыва́біць Аце́ц, што паслаў Мяне́, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
Напісана ў прарокаў: і будуць усе́ навучаны Богам. Кожын, чуючы ад Айца і навучыўшыся, прыходзіць да Мяне́ (Ісая 54:13).
Напісана ў прарокаў: “Будуць усе вучнямі Госпада”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Не затым, каб не́хта бачыў Айца апрача Таго, хто ад Бога: той бачыў Айца.
І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён убачыў Айца.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я хле́б жыцьця.
Я — хлеб жыцця.
Бацькі вашыя е́лі манну ў пустыні і паўміралі,
Бацькі вашы елі манну ў пустыні і паўміралі.
хле́б жа, які з не́ба зыхо́дзе, такі, што не памрэ, хто е́сьць яго.
А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб калі хто з вас есці будзе, не памёр.
Я — хле́б жывы́, што зыйшоў з не́ба: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна. Хле́б жа, які Я дам, ёсьць Це́ла Маё, каторае Я аддам за жыцьцё сьве́ту.
Я — хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць цела Маё [якое Я аддам] за жыццё свету».
І спрачаліся між сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам е́сьці це́ла Сваё?
Дык спрачаліся юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?»
Ісус жа сказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі ня будзеце е́сьці це́ла Сына Чалаве́чага і піць крыві Яго, то ня будзеце мець у сабе́ жыцьця.
Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх.
Хто есьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ма́е жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
Бо це́ла Маё запраўды́ ёсьць е́жа, і кроў Мая запраўды́ ёсьць піта́;
Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво.
і хто е́сьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ува Мне́ ёсьць і Я ў ім.
Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім.
Як паслаў Мяне́ жывы Аце́ц, і Я жыву Айцом, так і хто е́сьць Мяне́, жыць будзе Мною;
Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною.
гэта-ж і ёсьць хле́б, што з не́ба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя е́лі манну і паўміралі: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна.
Гэты хлеб, які з неба сышоў, не такі; бацькі вашыя елі [манну] і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна».
Гэтае казаў Ён у школе, навучаючы ў Капэрнауме.
Гэта сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме.
Многія з вучняў Яго, чуючы гэтае, казалі: жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?
Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?»
Ісус жа, ве́даючы ў Сабе́, што вучні Яго гудзяць аб гэтым, сказаў ім: ці гэтае вас спакушае?
А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць?
а як угле́дзіце Сына Чалаве́чага ўзыходзячы туды, дзе́ быў ране́й?
А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў?
Дух жы́віць, це́ла-ж нічога ня ва́ртае; сло́вы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё;
Дух ёсць Той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё.
але ёсьць некато́рыя сярод вас, што ня ве́руюць. Бо Ісус напе́рад ве́даў, што ёсьць няве́руючыя, і хто здрадзіць Яго.
Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць.
І сказаў: дзеля гэтага-ж і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яму ня будзе да́дзена Айцом Маім.
І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім».
З таго часу многія з вучняў Яго пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі.
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьціся?
І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся пакінуць Мяне?»
І адказаў Яму Сымон Пётр: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты ма́еш словы ве́чнага жыцьця;
Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага;
і мы паве́рылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
мы ж уверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
Ісус адказаў ім: ці ня вас дванаццацёх выбраў Я? Але адзін з вас злы дух.
Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал».
Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хаце́ў прадаць Яго, адзін з дванаццацёх.
А гаварыў пра Юду Сімонава Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці.