Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
І Ён сказаў Сваім вучням: «Немажліва, каб не прыйшлі спакусы, але бяда таму, праз каго яны прыходзяць;
І сказаў вучанікам Сваім: «Нельга, каб спадманы ня прыходзілі, але бяда, каторымі яны прыходзяць:
лепш было б яму, калі б млынавы жарон павесілі яму на шыю і ўкінулі яго ў мора, чым каб ён стаў прычынаю граху аднаго з гэтых малых.
Валей, каб млынавы жоран павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чымся каб ён быў спадманом аднаму з малых гэтых.
Сачыце за сабою. Калі твой брат сограшыць [супроць цябе], выгавары яму; і, калі пакаецца, даруй яму.
«Уважайце на самых сябе. Калі брат твой ізгрэша, згань яго; і калі пакаецца, даруй яму.
І калі сем разоў у дзень саграшыць супроць цябе і сем разоў [у дзень] звернецца да цябе, кажучы: «Каюся» — даруй яму.
І калі сем разоў у дзень ізгрэша супроці цябе, і сем разоў зьвернецца да цябе, кажучы: «Каюся», — даруй яму».
І Апосталы сказалі Госпаду: «Дадай нам веры!»
І сказалі апосталы Спадару: «Прыспары нам веры».
А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне і сказалі [гэтай] шаўкоўніцы: Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора» — і яна паслухалася б вас.
І сказаў Спадар: «Калі б вы мелі веру, як гарчычнае зярнё, і сказалі дзікой фізе: "Выкараніся й перасадзіся ў мора", яна паслухае вас.
Хто з вас, маючы слугу, што арэ ці пасе, пасля вяртання яго з поля скажа яму: «Зараз жа ідзі і ўзляж за сталом»?
«Хто з вас, маючы слугу аручага або пасучага, як ён прыйдзе з поля, скажа яму: "Зараз узыйдзі і ўзьляж"?
Але ці не скажа яму: «Падрыхтуй мне што павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль я паем і пап’ю, а пасля гэтага будзеш ты есці і піць»?
Але ці ня скажа яму: "Прыгатуй імне павячэраць і, падперазаўшыся, паслугуй імне, пакуль буду есьці й піць, а потым еж і пі"?
Ці ён дзякуе слузе за тое, што зрабіў загаданае яму? [Не думаю].
Ці ўдзячны ён слузе за тое, што ён зрабіў загаданае? ня думаю.
Гэтак і вы, калі зробіце ўсё, што вам загадалі, кажыце: «Мы нявартыя слугі; [бо] мы зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Дык і вы, калі зробіце ўсе, загадане вам, кажыце: "Мы бескарысныя слугі; што мелі зрабіць, мы зрабілі"».
І сталася: ідучы ў Іерусалім, Ён праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
І сталася, як Ён ішоў да Ерузаліму, што праходзіў пераз Самару а Ґалілею.
І калі Ён уваходзіў у адно сяло, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёку,
І, як уходзіў Ён у вадно сяло, дзесяцёх пракажаных перанялі Яго, каторыя адзяржаліся воддаль.
і, узняўшы голас, яны казалі: Ісусе, Натсаўніку, злітуйся над намі!
І ўзьнялі голас, кажучы: «Ісусе Вучыцелю! зжалься над намі».
І, убачыўшы, Ён сказаў ім: Пайдзіце і пакажыцеся святарам. — І сталася: калі яны ішлі, ачысціліся.
І, бачачы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятаром». І сталася, як яны йшлі, што ачысьціліся.
І адзін з іх, убачыўшы, што ён вылечаны, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
І адзін ізь іх, бачачы, што ён уздароўлены, зьвярнуўся, вялікім голасам хвалячы Бога,
І ўпаў ніцма да Яго ног, дзякуючы Яму; а быў ён самаранін.
І паў на від у ногі Яму, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
І Ісус у адказ сказаў: Ці не дзесяць ачысціліся? Дзе ж дзевяць?
І, адказуючы, сказаў Ісус: «Ці не дзесяцёх ачышчаны? ідзе ж дзевяцёх?
Няўжо знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншапляменніка?
Не знайшліся, каб зьвярнуцца даць хвалу Богу, адно гэты чужаземец».
І сказаў яму: Устань і ідзі; твая вера ўратавала цябе.
І сказаў яму: «Устань а йдзі; вера твая ўздаравіла цябе».
А як фарысеі спыталіся, калі прыйдзе Царства Божае, Ён у адказ ім сказаў: Царства Божае не прыходзіць наглядным чынам.
І быўшы папытаны фарысэямі, калі прыйдзе гаспадарства Божае, адказаў ім і кажа: «Ня прыйдзе гаспадарства Божае цямка;
і не скажуць: «Вось тут» або: «[Вось] там», бо вось Царства Божае ў вас42».
Ані скажуць: "Гля тут" альбо: "Гля там", бо, вось, гаспадарства Божае ўнутры вас».
І Ён сказаў вучням: Прыйдуць дні, калі запрагнеце ўбачыць адзін з дзён Сына Чалавечага і не ўбачыце.
І сказаў вучанікам: «Прыйдуць дні, калі будзеце жадаць бачыць аднаго дня Сына Людзкога, і не абачыце.
І скажуць вам: «Вось, там [ці] вось, тут», — не хадзіце і не ганіцеся ўслед.
І скажуць вам: «Гля, тут» альбо: «Гля, там», не хадзіце ані йдзіце за імі;
Бо як маланка, бліскаючы, свеціць ад аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы [у Свой дзень].
Бо, як маланка мільганець з пад неба і зіхаціць да другога канца неба, так будзе Сын Людзкі таго дня.
Але спярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым гэтым пакаленнем.
Але перш мае цярпець шмат і быць адхіненым родам гэтым.
І як было ў Ноевы дні, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
«І як было за дзён Ноя, так будзе й за дзён Сына Людзкога:
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх.
Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, аж да тога дня, што Ной увыйшоў у караб, і прышла патопа, і загубіла ўсіх.
Таксама, як адбылося ў Лотавы дні: елі, пілі, куплялі, прадавалі, саджалі, будавалі;
І таксама, як было за дзён Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садома, лінулі дажджом агонь і серка з неба і вынішчылі ўсіх.
Але дня таго, каторага вышаў Лот із Садомы, лінуў зь неба дождж агняны а серкавы й загубіў усіх.
Так будзе і ў той дзень, калі адкрыецца Сын Чалавечы.
«Подле гэтага будзе таго дня, калі Сын Людзкі аб’явіцца.
У той дзень хто будзе на даху, а яго рэчы ў доме, няхай не сходзіць узяць іх; таксама і той, хто ў полі, няхай не вяртаецца назад.
Таго дня, хто будзе на страее, а рэчы ягоныя ў доме, ня зыходзь узяць іх; і хто ў полю, таксама не зварачайся назад па засталыя рэчы.
Помніце пра Лотаву жонку.
Памятуйце жонку Лотаву.
Хто будзе старацца захаваць сваю душу43, той загубіць яе44, і хто загубіць, той ажывіць яе.
Хто будзе глядзець жыцьцё свае захаваць, загубе яго; а хто загубе яго, захавае яго.
Кажу вам: у гэтую ноч будуць два на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
«І кажу вам: тае ночы будзе двух у вадным ложку; адзін будзе ўзяты, а другі пакінены.
дзве будуць разам малоць: адна ўзята, адругая пакінута;
Дзьве будуць малоць разам; адна будзе ўзята, а другая пакінена.
[два будуць на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.]
Двух будзе на полю; адзін будзе ўзяты, а другі пакінены».
І ў адказ яны Яму кажуць: Дзе, Госпадзе? — І Ён сказаў ім: Дзе цела45, там арлы46 збяруцца».
І, адказуючы, сказалі яму: «Ідзе, Спадару?» Ён жа сказаў ім: «Ідзе цела, там арлы зьбяруцца».