Лукаша 23 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
 
І паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата,

і пачалí абвінава́чваць Яго, гаворачы: мы вы́явілі, што Ён падбухто́рвае народ наш і забараня́е даваць пада́так ке́сару, называ́ючы Сябе Хрыстом Царом.
 
і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.

Пілат запытаў Яго, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
 
Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ен сказаў яму ў адказ; ты кажаш.

І Пілат сказаў першасвятара́м і народу: я не знахо́джу нія́кай віны́ ў Гэтым Чалавеку.
 
Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.

Але яны настойвалі, ка́жучы, што Ён бунту́е народ, навуча́ючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасю́ль.
 
Але яны настайвалі, кажучы, што Ен бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́йсца.

Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба́ Гэты Чалавек Галіле́янін?
 
Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці ж Ен Галіле́янін?

І, даве́даўшыся, што Ён з улада́нняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
 
І, даве́даўшыся, што Ен з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.

Ірад жа, уба́чыўшы Іісуса, вельмі ўзра́даваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзява́ўся ўбачыць нейкае знаме́нне, Ім здзе́йсненае;
 
Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ен учыніць не́йкае знаме́ньне.

і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.
 
І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ен нічога не адказаў яму.

І стаялі першасвятары́ і кніжнікі, і заця́та абвінава́чвалі Яго.
 
Архірэі ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачываючы Яго.

А Ірад са сваімі воінамі, знява́жыўшы Яго і наглумíўшыся, апрану́ў Яго ў светлую адзе́жу і адасла́ў Яго да Пілата.
 
Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.

І зрабіліся пры́яцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; ране́й жа мелі варо́жасць адзін да аднаго́.
 
І сталіся той дзе́нь Пілат і Ірад прыяцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.

Пілат жа, склíкаўшы першасвятаро́ў, і начальнікаў, і народ,
 
Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,

сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібы́та бухто́рыць народ; і вось я перад вамі рассле́даваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінава́чваеце;
 
сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінавачаваеце Яго;

і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго , і вось нічога ва́ртага смерці не зро́блена Ім;
 
і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;

таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.
 
дык вось, пакараўшы Яго, звольню.

А яму трэба было́ дзе́ля свя́та адпусцíць ім аднаго вя́зня.
 
Яму ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.

Але яны закрычалі ўсе разам, ка́жучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вара́вву.
 
Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Вараву!

А той быў за нейкі бунт, учы́нены ў горадзе, і забойства паса́джаны ў цямнíцу.
 
Варава быў пасаджаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.

І зноў Пілат узвы́сіў голас, хочучы адпусцíць Іісуса.
 
Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.

Але яны крычалі, ка́жучы: распнí, распнí Яго!
 
Але яны крычалі: распні, распні Яго!

І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчынíў Ён? нічога ва́ртага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.
 
Ен трэці раз сказаў ім: Што ж благога ўчыніў Ен? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.

Яны ж настойвалі з моцнымі кры́камі, патрабу́ючы, каб Ён быў распя́ты; і перамаглí крыкі іх і першасвятаро́ў.
 
Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.

І Пілат вырашыў, каб было́ паводле патрабава́ння іх,
 
І Пілат прысудзіў, каб сталася па просьбе іх.

і адпусцíў паса́джанага за бунт і забойства ў цямнíцу, якога яны прасíлі, а Іісуса аддаў на іх волю.
 
І звольніў ім пасаджанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.

І калі павялí Яго, то, забра́ўшы нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, ускла́лі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
 
І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыда́лі і галасíлі па Ім.
 
І шло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.

Абярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе́ і дзе́цях вашых;
 
Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня плачце па Мне́, але плачце па сабе́ і па дзе́цях вашых;

бо вось надыхо́дзяць дні, у якія скажуць: «блажэ́нныя няпло́дныя, і ўло́нні, якія не раджа́лі, і гру́дзі, якія не кармíлі»;
 
бо падыходзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.

тады пачну́ць гаварыць гара́м: «упадзíце на нас», і ўзгоркам: «пакры́йце нас»;
 
Тады пачнуць гаварыць горам: „упадзіце на нас”, і ўзгоркам: „пакрыйце нас!“

бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што́ будзе?
 
бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што станецца?

Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачы́нцаў, каб пакара́ць смерцю.
 
Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.

І калі прыйшлі на месца, зва́нае Ло́бным, там распя́лі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.
 
І, калі прыйшлі на ме́йсца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.

Іісус жа казаў: Ойча! дару́й ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзе́лячы адзе́жу Яго, кíдалі жэ́рабя.
 
Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.

І стаялі людзі і глядзелі. Насміха́ліся з імі разам і начальнікі, ка́жучы: іншых ратава́ў, няхай урату́е Само́га Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
 
І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: другіх спасаў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ен Хрыстос, выбранец Божы.

Глуміліся з Яго і воіны, падыхо́дзячы і падно́сячы Яму воцат,
 
Таксама і жаўне́ры лаялі Яго, падыходзячы і падносячы воцат,

і ка́жучы: калі Ты Цар Іудзейскі, то ўратуй Самога Сябе.
 
і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.

Быў жа і надпіс напíсаны над Ім літарамі грэчаскімі, і рымскімі, і яўрэйскімі: гэта Цар Іудзейскі.
 
І быў над Ім надпіс, напісаны славамі грэцкімі, рымскімі і жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.

І адзін з павешаных злачынцаў блюзне́рыў на Яго, ка́жучы: калі Ты Хрыстос, то ўрату́й Сябе і нас.
 
Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьневажаў Яго, кажучы: „калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.“

Другі ж у адказ, суніма́ючы яго, казаў: хіба́ ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асу́джаны?
 
Другі ж, наадварот, сунімаў яго ды гаварыў: ці ж ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое ж?

Але мы — справядліва, бо нале́жнае за ўчы́нкі нашы атры́мліваем, а Ён нічога дрэ́ннага не зрабіў.
 
І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ен нічога благога не зрабіў.

І сказаў Іісусу: памянí мяне, Госпадзі, калі пры́йдзеш у Царства Тваё.
 
І сказаў Ісусу: успомні аба мне́, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царства Твае́!

І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у ра́і.
 
І сказаў яму Ісус: Запраўды кажу табе сяньня ж будзеш са Мною ў раю.

Было́ ж каля шостай гадзíны, і цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай;
 
Было ж каля шостае гадзіны дня, і сталася це́мра па ўсе́й зямлі да гадзіны дзявятае:

і паме́ркла сонца, і заве́са ў храме разадра́лася напала́м.
 
і памёркла сонца, і заслона ў царкве́ разарвалася пасярэдзіне

І, ускры́кнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у ру́кі Твае аддаю́ дух Мой! І, сказаўшы гэта, вы́пусціў дух.
 
Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.

Сотнік жа, убачыўшы, што адбыло́ся, прасла́віў Бога, ка́жучы: сапраўды́, Чалавек Гэты быў пра́ведны.
 
Сотнік жа, бачучы здарыўшаеся, славіў Бога і казаў: запраўды, чалаве́к гэты быў праведнік.

І ўсе людзі, якія сабра́ліся на гэтае відо́вішча, убачыўшы, што адбыло́ся, вярта́ліся, б’ючы́ сябе ў гру́дзі.
 
І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы здарыўшаеся, варочаўся, б'ючыся ў грудзі.

Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі во́ддаль і глядзелі на гэта.
 
Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.

І вось муж па íмені Іосіф, саве́тнік, чалавек добры і пра́ведны,
 
Тады не́хта, на імя Язэп, сябра рады, чалаве́к добры і справядлівы

які не далучы́ўся да рашэння і спра́вы іх, з Арымафе́і, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;
 
(ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе) родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,

прыйшоўшы да Пілата, ён папрасіў це́ла Іісусава;
 
прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;

і, зняўшы Яго, абгарну́ў плашчанíцаю і паклаў Яго ў магілу, вы́сечаную у скале́, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
 
і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакладзены.

А дзень той быў пятніца, і настава́ла субота.
 
Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.

І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, ба́чылі магілу і як было пакла́дзена це́ла Яго;
 
І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;

вярнуўшыся, яны падрыхтава́лі духмя́насці і мíра; у суботу ж адпачыва́лі, паво́дле за́паведзі.
 
вярнуўшыся ж прыгатавалі пахі і масьці і ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.