Яна 9 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння.
 
І, праходзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэння.

І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Раввí! хто саграшы́ў: ён ці бацькí яго, што ён сляпы́м нарадзíўся?
 
І спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: «Равві, хто саграшыў: ён ці яго бацькі, — што сляпым нарадзіўся?»

Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькí яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім;
 
Адказаў Ісус: «Ні ён не саграшыў, ані яго бацькі, а каб Божыя ўчынкі былі выяўлены на ім.

Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць;
 
Нам трэба рабіць справы Таго, Хто паслаў Мяне, аж пакуль ёсць дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.

паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту.
 
Пакуль Я ў свеце, Я Святло свету».

Сказа́ўшы гэта, Ён плю́нуў на зямлю́ і зрабіў глей са слíны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому,
 
Сказаўшы гэта, Ён сплюнуў на зямлю, зрабіў сумесь са сліны і памазаў яму сумессю вочы

і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым.
 
І сказаў яму: «Ідзі, памыйся ў купальні Сілаам» (што перакладаецца: Пасланы). Дык пайшоў той, памыўся і прыйшоў відушчым.

Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў?
 
А суседзі і тыя, якія бачылі раней яго, што ён быў папрасімцам, казалі: «Ці не той гэта, што сядзеў і прасіў?»

Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я.
 
Адны казалі: «Гэта ён», другія казалі: «Не, але падобны да яго». Ён казаў: «Гэта я».

Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы?
 
Казалі тады яму: «Як [жа] адкрыліся твае вочы?»

І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: «ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся». Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць.
 
Той адказаў: «Чалавек, якога зваць Ісус, зрабіў сумесь, памазаў мае вочы і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам і памыйся». Я ж пайшоў і, памыўшыся, стаў бачыць».

Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.
 
І сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».

Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́.
 
Вядуць яго да фарысеяў, гэтага былога сляпца.

А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы.
 
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў сумесь і адкрыў яму вочы.

Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу.
 
Зноў спыталіся ў яго фарысеі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Сумесь Ён паклаў мне на вочы, і я памыўся і бачу».

Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі.
 
Тады казалі некаторыя з фарысеяў: «Не ад Бога Гэты Чалавек, бо не захоўвае суботы. [А] іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек рабіць такія цуды?» І быў разлад у іх.

Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.
 
Тады зноў кажуць сляпому: «Што ты скажаш пра Яго, Які адкрыў табе вочы?» Той жа сказаў: «Ён прарок».

Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклíкалі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць,
 
Не паверылі іудзеі тады яму, што ён быў сляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў гэтага, што зрабіўся відушчым.

і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзíўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць?
 
І не спыталіся ў іх, кажучы: «Ці ваш гэта сын, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?»

У адказ ім бацькí яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзíўся;
 
І ў адказ яго бацькі сказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым;

а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа.
 
А як ён цяпер бачыць, не ведаем, або, хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; яго спытайцеся, ён аа асам тра сябе скажа».

Так сказалі бацькí яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі;
 
Так сказалі яго бацькі, таму што баяліся іудзеяў; бо іудзеі ўжо ўмовіліся: калі хто вызнае Яго за Хрыста, таго адлучыць ад сінагогі.

таму бацькí яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся.
 
Таму яго бацькі сказалі: «Ён дарослы, у яго спытайцеся».

І вось паклíкалі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясí славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны.
 
Дык паклікалі ў другі раз чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: «Уздай славу Богу; мы ведаем, што Той Чалавек грэшнік».

Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
 
Ды ён адказаў: «Ці Ён грэшнік — не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».

І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы?
 
Сказалі тут яму: «Што Ён зрабіў табе? Як адкрыў табе вочы?»

Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі?
 
Ён адказаў ім: «Я ўжо сказаў вам, ды вы не слухалі. Што хочаце зноў пачуць? Ці не хочаце і вы зрабіцца Яго вучнямі?»

Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні;
 
І аблаялі яны яго і сказалі: «Ты вучань Таго, а мы Майсеевы вучні.

мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.
 
Мы ведаем, што Майсею казаў Бог, а пра Гэтага мы не ведаем, адкуль Ён».

У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы;
 
У адказ чалавек сказаў ім: «Гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы.

мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае;
 
Мы ведаем, што грэшніка Бог не слухае, але, калі хто богабоязны і Яго волю выконвае, таго слухае.

адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння;
 
Адвеку не чувана, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.

калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць.
 
Калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы рабіць нічога».

У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзíўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон.
 
У адказ яны сказалі яму: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся і ты вучыш нас?» І выгналі яго вон.

Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага?
 
Пачуў Ісус, што таго выгналі вон і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці веруеш ты ў Божага Сына?»

У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго?
 
У адказ той скахаў: «А хто Ён, Госпадзе, каб я вераваў у Яго?»

Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
 
Сказаў яму Ісус: «І бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён».

Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І пакланíўся Яму.
 
І той сказаў: «Верую, Госпадзе», — і пакланіўся Яму.

І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі.
 
І сказаў Ісус: «На суд Я прыйшоў у гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя зрабіліся сляпымі».

І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былí з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я?
 
Пачулі гэта з фарысеяў тыя, што былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»

Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былí, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца.
 
Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху; цяпер жа вы кажаце: «Мы бачым» то ваш грэх застаецца.