Яна 4 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Калі ж даве́даўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набыва́е і хры́сціць, чым Іаан, —
 
Калі даведаўся Ісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Ісус здабывае болей вучняў і хрысціць, чым Іаан, —

хоць Сам Іісус не хрысцíў, а вучні Яго, —
 
хоць Ісус не хрысціў Сам, а Яго вучні,

пакінуў Ён Іудзею і пайшоў зноў у Галіле́ю.
 
Ён пакінуў Іудзею і адышоў зноў у Галілею.

А трэба было́ Яму прахо́дзіць праз Самары́ю.
 
Трэба ж было Яму праходзіць праз Самарыю.

Вось, прыхо́дзіць Ён у горад Самары́йскі пад назвай Сіха́р, паблíзу зямлí, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
 
Вось прыходзіць Ён у самарыйскі горад, што завецца Сіхар, побліз зямлі, якую даў Якаў Іосіфу, свайму сыну;

і быў там кало́дзеж Іакава. Іісус, стамíўшыся ад дарогі, сеў ля кало́дзежа; было́ каля шостай гадзíны.
 
Там жа была Якава крыніца. Дык Ісус, здарожыўшыся, сядзеў так над крыніцаю; было каля шасці гадзін.

Прыхо́дзіць жанчына з Самары́і набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
 
Прыходзіць жанчына з Самарыі набраць вады. Кажа ёй Ісус: «Дай Мне напіцца».

Бо вучні Яго адышлí ў горад, каб купíць ежы.
 
Бо Яго вучні адлучыліся ў горад купіць яды.

Кажа Яму жанчына Самара́нка: я́к Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самара́нскай? бо Іудзеі ж не маюць зно́сін з Самара́намі.
 
Самаранка ж гаворыць Яму: «Як Ты, іудзеем быўшы, просіш напіцца ў мяне, самаранкі?» Бо іудзеі не водзяцца з самаранамі.

У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто Той, што кажа табе: «дай мне піць», то ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе ваду́ жыву́ю.
 
У адказ Ісус сказаў ёй: «Калі б ты ведала Божы дар і Хто кажа табе: «Дай Мне напіцца», ты б прасіла ў Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».

Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпну́ць няма чым, а кало́дзеж глыбо́кі; адкуль жа ў Цябе вада жыва́я?
 
Кажа Яму [жанчына]: «Гаспадару, не маеш і зачарпнуць чым, а студня глыбокая, — адкуль жа ў Цябе жывая вада?

хіба́ Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты кало́дзеж і сам з яго піў, і сыны́ яго, і ста́так яго?
 
Хіба Ты большы за нашага бацьку Якава, які даў нам студню і сам з яе піў, і яго сыны, і яго жывёла?»

У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчува́ць пра́гу зноў;
 
У адказ Ісус сказаў ёй: «Кожны, хто п’е з гэтай вады, зноў захоча піць;

а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасма́гне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крынíцаю вады, што цячэ́ ў жыццё вечнае.
 
хто ж пап’е з вады, якой Я дам яму, не будзе мець смагі навекі, але вада, якую дам яму, зробіцца ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыццё».

Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець сма́гі і не прыхо́дзіць сюды́ чэ́рпаць.
 
Кажа Яму жанчына: «Гаспадару, дай мне гэтай вады, каб я піць не хацела і не прыходзіла сюды браць».

Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго і прыхо́дзь сюды.
 
Кажа Ён ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і прыходзь сюды».

У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
 
У адказ жанчына сказала Яму: «Няма ў мяне мужа». Кажа: ёй Ісус: «Ты праўду сказала: «Няма ў мяне мужа»,

бо пяць мужоў у цябе было́, і той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.
 
бо пяць мужчын мела і цяпер каторага маеш, не муж табе; ты гэта праўду сказала».

Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
 
Кажа Яму жанчына: «Гаспадару, бачу, што Прарок Ты.

айцы нашы на гары́ гэтай пакланя́ліся, а вы ка́жаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе нале́жыць пакланя́цца.
 
Нашы бацькі на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерусаліме тое месца, дзе трэба пакланяцца».

Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае́ час, калі не на гары́ гэтай і не ў Іерусаліме будзеце пакланя́цца Айцу;
 
Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што гадзіна надыходзіць, калі ні на гэтай гары, ані ў Ерусаліме будзеце вы пакланяцца Бацьку.

вы пакланя́ецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланя́емся таму, што ведаем, бо спасе́нне ад Іудзеяў;
 
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збавенне — ад іудзеяў.

але настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі íсцінныя пакло́ннікі будуць пакланя́цца Айцу ў ду́ху і ісціне, бо такіх пакло́ннікаў Айцец і шукае Сабе;
 
Але надыходзіць гадзіна, дый цяпер ёсць, калі праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Бацьку ў духу і ў праўдзе; бо і Бацька шукае Сабе такіх паклоннікаў.

Бог ёсць дух, і тыя, што пакланя́юцца Яму, павінны пакланя́цца ў ду́ху і ісціне.
 
Бог ёсць Дух, і тыя, што Яму пакланяюцца, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе».

Кажа Яму жанчына: ведаю, што пры́йдзе Месíя, Якога называ́юць Хрыстос; калі Ён пры́йдзе, то абве́сціць нам усё.
 
Кажа Яму жанчына: «Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца: Хрыстос; калі Ён прыйдзе то абвясціць нам усё».

Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
 
Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, што гавару з табою».

У гэты час прыйшлí вучні Яго і здзівíліся, што Ён размаўля́е з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўля́еш з ёю?
 
І надышлі тут Яго вучні і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; ніхто, аднак, не сказаў: «Што ты шукаеш?» ці «Пра што з ёй гаворыш?»

Пакíнула тады жанчына сваю пасу́дзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа лю́дзям:
 
Пакінула тады жанчына сваю пасудзіну і пайшла ў горад і кажа людзям:

ідзіце і паба́чце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?
 
«Пайдзіце, паглядзіце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я ўчыніла. Ці не Хрыстос Ён?»

Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
 
І яны павыходзілі з горада і прыйшлі да Яго.

Між тым прасілі Яго вучні, ка́жучы: Раввí! еж.
 
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш!»

Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
 
Ён жа сказаў ім: «У Мяне ёсць спажыва, якой вы не ведаеце».

Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба́ нехта прынёс Яму есці?
 
Тады казалі вучні адзін аднаму: «Ці не прынёс Яму хто-небудзь паесці?»

Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсня́ць волю Таго, Хто паслаў Мяне і завяршы́ць справу Яго.
 
Кажа ім Ісус: «Спажыва Мая — тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і скончыць Яго работу.

Ці не ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і наста́не жніво́? Дык вось, кажу вам: узвядзíце вочы вашы і паглядзíце на нíвы, як яны ўжо пабяле́лі для жніва́;
 
Ці не вы кажаце: «Яшчэ чатыры месяцы, і надыдзе жніво!» Дык вось, кажу вам: Падыміце свае вочы і гляньце на нівы, як ужо запалавелі яны для жніва.

і хто жне, той атры́млівае ўзнагароду і збірае плён у жыццё вечнае, каб і той, хто сее, і той, хто жне, разам радаваліся;
 
Хто жне, той заплату бярэ і збірае плён. у вечнае жыццё, каб разам цешыліся хто сее і хто жне.

бо тут апра́ўдваецца высло́ўе: адзін сее, а другі жне;
 
Бо пра гэта праўдзівая прымаўка: «Адзін све, а другі жне».

Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх.
 
Я паслаў вас жаць, дзе вы не працавалі: другія працавалі, а вы ў іх працу ўвайшлі».

З горада таго многія Самара́не ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая све́дчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
 
А з таго горада шмат хто з самаранаў у Яго ўверавалі праз слова жанчыны, што сведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я ўчыніла».

Таму, калі прыйшлі да Яго Самара́не, то прасілі Яго пабы́ць у іх, і Ён прабы́ў там два дні,
 
А калі самаране прыйшлі да Яго, то прасілі Яго застацца ў іх. Ён заставаўся там два дні.

і намнога больш людзей уве́равалі па слову Яго;
 
І яшчэ больш народу ўверавала праз Яго слова.

а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяда́нню веруем, бо самі чулі і ведаем, што гэта сапраўды́ Спасіцель свету, Хрыстос.
 
А жанчыне яны казалі: «Ужо не праз тваё расказванне веруем, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды збаўца свету».

А праз два дні Ён адышоў адтуль і пайшоў у Галіле́ю;
 
А пасля гэтых двух дзён Ён выйшаў адтуль у Галілею.

бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне паша́ны не ма́е.
 
Бо Сам Ісус засведчыў, што прарок у сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.

Калі ж Ён прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялí Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.
 
Але калі Ён прыйшоў у Галілею, прынялі Яго галілеяне, пабачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Ерусаліме на свяце, бо і самі яны хадзілі на свята.

Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Ка́ну Галіле́йскую, дзе ператвары́ў ваду ў віно. І быў адзін царадво́рац, сын якога быў хворы ў Капернау́ме.
 
Тады зноў Ён прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, сын якога хварэў у Капернауме.

Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галіле́ю, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацалíць сына яго, бо той быў пры смерці.
 
Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб Ён спусціўся і вылечыў яго сына: бо той быў пры смерці.

І сказаў яму Іісус: калі знаме́нняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
 
Тады сказаў яму Ісус: «Калі знакаў і цудаў не ўбачыце, не ўверуеце».

Кажа Яму царадво́рац: Госпадзі! прыйдзí, пакуль не паме́рла дзіця́ маё.
 
Кажа яму прыдворны: «Гаспадару, прыйдзі, пакуль яшчэ не памерла маё дзіця».

Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы́. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.
 
Кажа яму Ісус: «Ідзі, твой сын жывы». Паверыў чалавек слову, што сказаў яму Ісус, і пайшоў.

І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абве́сцілі: сын твой жывы́.
 
І калі яшчэ ў дарозе ён быў, яго рабы перастрэлі яго, кажучы: «Твой сын жыве».

Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзíне стала яму лягчэ́й; і сказалі яму: учора ў сем гадзíн гара́чка пакíнула яго.
 
А ён спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палепшала, Яны ж яму сказалі: «Учора ў сем гадзін адпусціла Яго гарачка».

Зразуме́ў тады бацька, што гэта было́ ў тую гадзíну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы́. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
 
Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі сказаў яму Ісус: «Твой сын жыве»; і ўвераваў сам і ўвесь яго дом.

Гэта ўжо другі цуд сатвары́ў Іісус, прыйшо́ўшы з Іудзеі ў Галіле́ю.
 
Гэта ўжо другі знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.