1 Яна 4 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
 
Дарагія! Не даверайце кожнаму духу, але разпазнавайце духаў, ці яны ад Бога, бо паявілася на сьвеце многа фальшывых прарокаў.

Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
 
Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які прызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе — ён з Бога.

а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
 
Кожны жа дух, каторы не прызнае Езуса — ён ня з Бога: але гэта дух Антыхрыста, ён — як чулі — надыходзіць, і ўжо цяпер прабывае на сьвеце.

Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
 
Вы, дзеткі, з Бога і перамаглі іх, бо важнейшы (вялікшы) Той, Хто ў вас, ад таго, хто ў сьвеце.

Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
 
Яны — з сьвету, таму гавораць так, як сьвет, а свет іх слухае.

Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.
 
Мы — з Бога. Той, хто знае Бога — слухае нас. Хто ня з Бога, той не слухае нас. Такім чынам пазнаём духам праўды і духа фальшу.

Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
 
Дарагія, любім адзін другога (узаемна), бо любоў ад Бога, а кожны, хто любіць, нарадзіўся з Бога і знае Бога.

хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
 
А хто ня любіць, ня знае Бога, бо Бог — любоў'ю (міласьцю).

Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.
 
У гэтым аб'явілася міласьць Бога да нас, што паслаў Сына Свайго Адзінароднага (Адзінага) на сьвет, каб мы жылі праз Яго.

У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.
 
Міласьць не ў тым, што мы ўмілавалі Бога, але што Ён сам узьлюбіў нас ды паслаў Сына Свайго Ахвяру за нашыя грахі.

Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.
 
Дарагія, калі Бог нас так узьлюбіў, дык і мы мусім узаемна, адзін другога любіць.

Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.
 
Ніхто ніколі Бога ня бачыў. Калі любім адзін другога, дык Бог прабывае (трывае) у нас; і міласьць у нас да Яго — дасканалая.

Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
 
Па гэтым пазнаём, што мы ў Ім прабываем, а Ён у нас бо даў нам Духа Свайго.

І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.
 
Мы вось бачылі і сьведчым (даказваем), што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.

Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.
 
Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, дык у ім прабывае Бог, а ён у Богу.

І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
 
Вось мы, што ўверылі і пазналі міласьць, якую Бог мае да нас. Бог — міласьцю, хто трывае ў міласьці, у Богу трывае, дый і Бог у ім прабывае (трывае).

Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.
 
Таму міласьці дасканалай у нас, што маем мы поўны давер на дзень суду, бо які Ён, такія і мы на гэтым сьвеце.

У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
 
У міласьці няма боязі, бо дасканалая міласьць спыняе страх, бо страх узьнікае (выцякае) з кары. Хто, баіцца — той не дасканала (поўнасьцю) любіць.

Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.
 
Мы любім (Бога), бо Бог першы ўмілаваў нас.

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
 
Калі б хтосьці казаў: "Мілую Бога, а ненавідзеў брата свайго — ілгун ён,бо ня любіць брата свайго, каторага бачыць, а як можа любіць Бога , Якога ня відзіць?

І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
 
Такое маем прыказаньне ад Яго, каб той, хто мілуе Бога, любіў таксама і брата свайго.