1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.
Паглядзіце, якою любоў'ю абдарыў нас Айцец, што мы называемся дзецьмі Божымі і імі ёсьць! Таму сьвет не знае нас, бо свет не пазнаў Яго.
Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
Дарагія, цяпер мы дзяцьмі Божымі, але яшчэ ня выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што калі аб'явіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён.
І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
Кожны, хто мае такую надзею ў Ім, (ачышчае) — усьвячае сябе, падобна як Ён сьвяты.
Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.
Кожны, хто грашыць, дапушчаецца беззаконьня, бо грэх — беззаконьнем.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
Ведаеце, што Ён аб'явіўся на тое, каб зьняць грахі: у Ім жа няма граха.
Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.
Кожны, хто трывае (прабывае) у Ім, не грашыць, ніводзін жа з тых, што грашаць, ня бачыў Яго, ані Яго пазнаў.
Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.
Дзеткі! Хай ніхто вас ня зводзіць. Хто паступае справядліва — справядлівы, так як Ён справядлівы.
Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо спачатку д’ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д’ябла.
Хто грашыць, той з д'ябла, бо д'ябал ад пачатку грашыць. Сын Божы аб'явіўся таму, каб зьнішчыць даконы д'ябла.
Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
Кожны, хто нарадзіўся з Бога — не грашыць, бо трывае ў ім насеньне — зародак Божы, такі ня можа грашыць, бо ён нарадзіўся з Бога.
Дзеці Божыя і дзеці д’яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.
Гэтым выяўляюцца: дзеці Божыя і дзеці д'ябла: кожны, хто не спаганяе справядлівасьці, не з Бога, ды той хто ня любіць брата свайго.
Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго,
Бо такая аб'ява (воля Божая), каторую чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін другога.
ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.
Не як Каін, бо ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата справядлівыя.
Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
Не дзівіцеся, браты, калі сьвет ненавідзіць вас.
Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
Мы ведаем, што перайшлі са сьмерці да жыцьця, бо любім братоў; хто ня любіць, трывае ў сьмерці.
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго — забойца (душагуб), а ведаеце, што ніводзін забойца ня мае ў сабе жыцьця вечнага.
Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.
З гэтага пазналі мы міласьць, бо Ён аддаў жыцьцё сваё за нас, так і мы павінны аддаваць жыцьцё за братоў.
А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, — як застаецца ў тым любоў Божая?
Калі б хто меў маёмасьць гэтага сьвету, ды бачыў, што брат ягоны жыве ў недастатку (бядзе) і зачыніў бы сэрца сваё перад ім, дык як можа быць у ім міласьць да Бога?
Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.
Дзеткі, не любіма словам і языком але чынам (дзейнасьцю) і праўдай.
І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;
Па гэтым пазнаем што мы з праўды ды ўспакоім перад Ім нашыя сэрцы (сумленьне).
бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
А калі нашае сэрца асуджае (вінаваціць, ганіць) нас, дык Бог вялікшы ад нашага сэрца (важнейшым) і ведае ўсё.
Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
Даражэнькія, калі сэрца (сумленьне) асуджае нас, маем давер у Бога.
і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.
Аб што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо спаўняем Ягоныя прыказаньні і робім тое, што Яму падабаецца. А прыказаньні Ягонае такое: каб мы верылі ў імя Ягонага Сына, Езуса Хрыста і рабілі тое, што Яму падабаецца.
А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.
А прыказаньне Ягонае такое: каб мы верылі ў імя Ягонага Сына, Езуса Хрыста і любілі адзін другога, як Ён нам загадаў.
І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.
Хто спаўняе Ягоныя прыказаньні, трывае (прабывае) у Богу, а Бог у ім: а гэта, што Ён прабывае ў нас. Пазнаём па Духу, якога Ён нам даў.