Да Галятаў 2 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
1 Потым, пасьля чатырнаццаці гадоў я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою Тіта.
А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.
Накіраваўся ж я туды дзеля аб'яўленьня і прадставіў ім эвангелію, якою навучаў паганаў, а ў аддзельнасьці тым, якія вылучаюцца сярод іншых аўтарытэтам, каб часам не трудзіцца на пуст, як трудзіўся.
Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.
Ды і Тыт, які быў са мной, паганін (грэк) ня быў змушаны да абразаньня.
А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
Але вось абманам праніклі туды крывадушныя браты, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Езусе Хрысьце, каб піхнуць нас зноў у няволю.
дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.
Намаганьню іхняму не ўступілі ні на хвіліну, каб праўда эвангеліі заставалася пры вас,
І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
з тымі ж, што выдаюць мець аўтарытэт, якім калісьці цешыліся, нічога мяне ня вяжа. Бог не аказвае прыхільнасьці дзеля важнасьці асобы, а тыя, што важнымі з'ўляюцца, мне не пярэчылі.
наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
Нават наадварот, калі пераканаліся, што мне паручана апавяшчаць Эвангелію паганам,
бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —
як Пятру абразаным (жыдам), бо той, што даў уладу Пятру апостальстваваць між абразанымі, той жа самы і мне даў уладу між паганамі,
і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
дык вось, калі пазналі, што і мне дадзена гэта ласка, Якуб, Пётр і Ян, якія здаюцца быць шульямі, падалі мне рукі і сябру Барнабу, каб мы ішлі да паганаў, а яны пойдуць да абразаных, каб толькі помнілі мы пра бедных,
толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.
аб чым я і сам рупіўся раней.
Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
Калі ж пасьля таго Пётр прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён на гэта заслужыў.
Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, сядаў разам з паганамі за стол, калі ж тыя надыйшлі, стаў пазьбягаць і аддзяляцца, баючыся іх, бо былі абрэзанымі.
Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
За гэтай яго фальшывасьцю пайшлі і другія жыды, так што і Барнаба быў пацягнуты імі ў гэту няшчырасьць.
Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
Калі ж я спасьцярог, што няправільна паступаюць, не паводле праўды эвангеліі, сказаў аб гэтым публічна Пятру "Калі ты, будучы жыдам, жывеш па-паганску, а не па-жыдоўску, чаму змушаеш паганаў да спосабу жыдоўскага жыцьця "
Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
Мы з роду жыды, а не з паган-грэшнікаў.
аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.
Ведаем жа, што чалавек апраўдваецца ня праз выпаўненьне закону, а праз веру ў Езуса Хрыстуса, і мы паверылі ў Езуса Хрыстуса, каб апраўдацца верай, а не выпаўненнем закона, бо выпаўненьнем закона не апраўдваецца ніхто.
Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
Калі б жа і мы, шукаючы апраўданьня ў Хрыстусе, аказаліся грэшнымі, ці ж бы і Хрыстус быў учасьнікам граха? Аніколі.
Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
Калі ж адбудоўваю зноў тое, што раней разрушыў, то сябе раблю праступнікам.
Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
Я вось праз закон памёр закону, каб жыць Богу. З Хрыстусам я ўкрыжаваны.
і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
Такім чынам жыву ўжо не я, а жыве ў ва мне Хрыстус. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву верай у Сына Божага, які ўзьлюбіў мяне і аддаў на сьмерць самога Сябе за мяне.
Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.
Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон было апраўданьне, дык не патрэбнай была б сьмерць Хрыстова.