1 да Цімафея 4 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
 
Дух вось адкрыта кажа, што ў апошні час некаторыя людзі адступяць ад веры і прыхіляцца да духаў ілжы і да навук шатанскіх,

праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
 
да аблудна зманваючых і запятненым сумленьнем,

якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
 
забараняючых жаніцца, прыказваючых устрымлівацца ад страваў, якія стварыў Бог для ежы веруючым, толькі каб дзякавалі Богу, які ім даў пазнаць праўду.

Бо кожнае стварэньне Божае — добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
 
Бо ўсё, што стварыў Бог, — дабро і нічога ня трэба адкідаць, але з падзякаю Яму прымаць:

бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
 
усьвячаецаа бо яно праз Слова Божае і малітву.

Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
 
Выясьняючы гэта братам, будзеш добрым слугою Езуса Хрыстуса, спасілены словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.

А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
 
Недарэчных і бабскіх плётак высьцерагайся і нахіляй сябе да набожнасьці.

бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
 
Бо фізічная муштра ня вельмі карысная, пабожнасьць жа да ўсяго прыдатная, яна дае заруку на жыцьцё дачаснае і вечнае.

Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
 
Праўдзівае гэта слова і вартае агульнай увагі.

Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
 
Дзеля гэтага працуем і пакутуем, бо спадзяемся на Жывога Бога, бо Ён — Збаўца ўсіх людзей, а ў першую чаргу веруючых.

Прапаведуй гэта і вучы.
 
Загадвай гэта і вучы!

Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
 
Няхай ніхто не асуджвае твайго юнацтва, але будзь прыкладам веруючым у слове, у паводзінах, у міласьці, у веры, у частасьці.

Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
 
Пакуль прыбуду, займіся чытаньнем, пануканьнем і навукаю.

Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
 
Не занядбай ласкі, якая прабывае ў табе, якая дадзена табе праз прароцтва ўзлажэньнем рук прэзьбітараў — духоўнікаў.

Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
 
Аб гэтым думай, заглыбляйся, каб посьпех твой усім быў бачны.

Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.
 
Глядзі сябе і навукі, трымайся іх. Так бо паступаючы і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць тваёй навукі.