1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;
На старэйшага не сварыся сурова, але ўпрошвай, як бацьку, а маладых, як братоў.
старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.
Старэйшага ўзросту жанчын, — як матак, а маладых, як сёстраў з усёй сьціпласьцю.
Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.
Удоваў шануй, якія сапраўды ўдовы.
Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям’ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.
Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, дык няхай перш навучыцца кіраваць домам сваім ды няхай умее аддаць належнае бацькам, бо гэта зьяўляецца мілым Богу.
Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;
Тая ж, што сапраўды ўдава і адзінокая, няхай мае надзею на Бога, няхай не перастае ўпрошваць Бога і маліцца днём і ноччу.
а юрлівая раскошніца жывою памерла.
Удава, якая распусна жыве, тая нібы жыве, а яна памёршая.
І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.
Бач, наглядай, каб яны былі беззаганнымі.
Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.
Калі ж хто не апякуецца сваімі, тым больш сваёй сям'ёй, той адрокся веры і горшы за няверуючага.
Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,
У патрэбе выбіраць трэба ўдаву ня менш шасьцідзесяці гадоў, меўшую аднаго толькі мужа,
вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.
правераную на добрых справах, гэта значыць, што добра выгадавала дзяцей, калі яна гасьцінная, калі сьвятым ногі абмывала, калі ў горы пакутуючых пацяшала, калі займалася добрымі справамі.
А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;
А маладых удоваў абмінай, бо калі іх пачуцьцёвасьць адвяла ад Хрыстуса, дык яны гоняцца выйсьці замуж.
яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;
Асуджаны яны, бо ўтрацілі першую веру.
пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.
Высьцерагайся таксама гультаяк, што цягаюцца па хатах, такія ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, датошныя і лапочуць, што не належыцца.
І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:
Дык лічу, што лепш, каб малодшыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, мацермі былі і не давалі повадаў да спакусы.
бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.
Бо ўжо некаторыя пайшлі за шатанам.
Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.
Калі які з верных або якая маюць удоваў, дык няхай апякуюцца імі і не абцяжарваюць Касьцёла, каб ён мог успамагаць тым, якія зьяўляюцца сапраўднымі ўдовамі.
Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.
прэсьбітары (сьвятары або біскупы), духоўнікі, якія добра кіруюць, варты падвойнага гонару, асабліва тыя, што займаюцца павучэньнем:
Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».
Вось жа кажа Пісаньне: "Не завязвай морды валу, які малоціць", і "Работнік варты заплаты сваёй".
Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.
Не прымай абвіненьняў проціў духоўнікаў, хіба ў прысутнасьці ня менш двух сьведак.
Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.
Грэшніка павучай перад усімі, каб іншыя баяліся.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.
Заклінаю цябе перад Богам і Езусам Хрыстусам, і выбранымі Анёламі, захавай гэта без прадузятасьці, не хістаючыся ў той ці іншы бок.
Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.
Не кладзі пасьпешліва рук на нікога, каб ня стаць табе саўдзельнікам чужых грахоў.
У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
З гэтай пары ня пі вады, але патроху ўжывай віна, з увагі на твой страўнік, дзеля частых яго захворваньняў.
Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.
Грахі некаторых людзей вядомыя перад судом, іншых жа толькі пасьля раскрываюцца.
Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.
Падобна і добрыя ўчынкі бываюць яўнымі, а калі яны скрыты, дык усё роўна скрыцца не змогуць.