Лікі 14 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І паднялася ўся грамада, і плакаў люд тую ноч.
 
Дык увесь народ ў тую ноч плакаў уголас,

І наракалі на Масея а на Аарона ўсі сынове Ізраелявы, і сказалі ім уся грамада: «О, калі б мы памерлі ў зямлі Ягіпецкай, або на пустыні гэтай, калі б мы памерлі.
 
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, гаворачы: «Лепш было б, каб мы паўміралі ў Егіпце або ў той бязлюднай пустыні!

І нашто СПАДАР прывёў нас да зямлі гэтае, каб мы палі ад мяча? Жонкі нашыя а дзецяняты нашыя стануць здабыткам. Ці не валей нам зьвярнуцца да Ягіпту?»
 
Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад меча, а жонкі і дзеці нашы пайшлі ў палон? Ці не лепш нам вярнуцца ў Егіпет?

І казалі адзін аднаму: «Паставім сабе начэльніка й зьвернемся да Ягіпту».
 
Адзін аднаму казалі: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”».

І паў Масей а Аарон на віды свае перад усёй грамадою збору чыноў Ізраелявых.
 
Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон палі вобліч на зямлю перад усёй грамадою сыноў Ізраэля.

І Ігошуа Нунянок і Калеў Ефунёнак із выглядалых зямлю разарвалі адзецьці свае,
 
А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, якія самі аглядалі зямлю, раздзёрлі шаты свае

І гукалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраелявых, кажучы: «Зямля, што мы праходзілі ў ёй дзеля выгляданьня яе, вельмі, вельмі добрая.
 
і казалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абышлі, вельмі добрая.

Калі СПАДАР зыча нам, дык увядзець нас у зямлю гэную й дасьць нам яе, зямлю, каторая цячэць малаком а мёдам.
 
Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам.

Толькі ня бунтуйцеся супроці СПАДАРА, і вы ня бойцеся люду тае зямлі, бо яны хлеб нам: іхная абарона адпала ад іх, а СПАДАР із намі, ня бойцеся іх».
 
Не бунтуйце супраць Госпада і не палохайцеся народа той зямлі, бо, як хлеб, мы можам іх праглынуць. Адышла ад іх уся дапамога; Госпад з намі; не бойцеся».

І сказала ўся грамада: «Укаменаваць іх!» Але слава СПАДАРОВА зьявілася ў будане збору ўсім сыном Ізраелявым.
 
І калі ўся грамада залямантавала і хацела іх укаменаваць, над палаткай сустрэчы з’явілася слава Госпада перад усімі сынамі Ізраэля,

І сказаў СПАДАР Масею: «Пакуль будзе ўлегцы мець Мяне люд гэты? і пакуль будзе ён ня верыць Імне пры ўсіх знакох, каторыя чыніў Я сярод яго?
 
і прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зневажаць Мяне народ гэты? І дакуль не будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў перад ім?

Вытну яго морам і спабуду яго спадку, і ўчыню цябе ў народ вялікі а дужшы за яго».
 
Такім чынам, Я адведаю іх пошасцю і вынішчу; з цябе ж зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх».

Але Масей сказаў СПАДАРУ: «І пачуюць Ягіпцяне, з пасярод каторых Ты ўзьвёў сілаю сваёй люд гэты,
 
І Майсей сказаў Госпаду: «Хай пачуюць егіпцяне, з грамады якіх вывеў Ты народ гэты магутнасцю Сваёй,

І скажуць жыхарам зямлі гэнае, каторыя чулі, што Ты, СПАДАРУ, сярод люду гэтага, што вока ў вока паказуешся Ты, СПАДАРУ, і булак Твой стаіць над імі, і ў стаўпе болачным Ты йдзеш перад імі ўдзень, а ў стаўпе агняным ночы;
 
і хай яны скажуць жыхарам той зямлі, бо яны чулі, што Ты, Госпадзе, знаходзішся ў народзе гэтым і паказваешся тварам да твару, і воблака Тваё пакрывае іх, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным.

І калі Ты выгубіш люд гэты, як аднаго чалавека, дык скажуць народы, што чувалі славу Тваю, кажучы:
 
І калі гэты народ заб’еш да апошняга чалавека, народы, якія чулі голас Твой, скажуць:

"Затым што ня мог СПАДАР увесьці люд гэты ў зямлю, праз каторую Ён прысягаў ім, то й выразаў іх на пустыні".
 
“Госпад не мог увесці народ у зямлю, аб якой ім прысягнуў, таму забіў іх у пустыні!”

Дык няхай узьвялічыцца сіла СПАДАРОВА, як Ты гукаў, кажучы:
 
Дык хай уславіцца магутнасць Госпада, як Ты прысягнуў, кажучы:

"СПАДАР памальны да гневу а вельмі міласэрны, даруе бяспраўе а выступы, але не зьвальняе ад віны, давядаецца да бяспраўя бацькоў на дзяцёх да трэйцяга а чацьвертага пакаленьня".
 
“Госпад цярплівы ў бязмежнай міласэрнасці, што прабачае правіннасць і злачынствы і не пакідае нікога без пакарання, Ён карае грахі бацькоў на сынах да трэцяга і чацвёртага пакалення”.

Даруй бяспраўе люду гэтаму подле вялічча міласэрдзя Свайго, як Ты дараваў люду гэтаму ад Ягіпту аж дагэгуль».
 
Малю, даруй грэх народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасці Тваёй, як Ты быў ласкавы да народа гэтага ад Егіпта аж да гэтага месца».

І сказаў СПАДАР: «Я дараваў подле слова твайго.
 
І сказаў Госпад: «Вось жа, Я прабачаю паводле слова твайго.

Але жыў Я, і напоўніцца славы СПАДАРА ўся зямля;
 
Я жыву, і слава Госпада напаўняе ўсю зямлю!

Бо ўбі людзі, каторыя бачылі славу Маю а знакі Мае, каторыя Я чыніў у Ягіпце й на пустыні, і спакушалі Мяне гэтыя дзесяць разоў, і ня слухалі голасу Майго,
 
І ўсё ж людзі, якія бачылі веліч Маю і знакі, якія чыніў Я ў Егіпце і ў пустыні, спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і не слухаліся голасу Майго,

Не абачаць зямлі, праз каторую Я прысягаў бацьком іхным; і ўсі, што ўлегцы мелі Мяне, не абачаць яе.
 
не пабачаць яны зямлі, якою прысягнуў Я бацькам іх, і ніхто з тых, хто зневажаў Мяне, не будзе аглядаць яе.

Але слугу Свайго Калева, за тое, што быў у ім накшы дух, і ён сусім чыста йшоў за Імною, дык Я ўвяду яго ў зямлю, да каторае ён прышоў туды, і насеньне ягонае адзяржыць яе на спадак.
 
Паслугача Свайго Калеба, поўнага іншага духа, які ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, якую ён абышоў, і нашчадкі яго авалодаюць ёю.

Амалік а Канаанін жывуць у даліне; заўтра абярніцеся а краніцеся на пустыню дарогаю Чырвонага мора».
 
Таму што Амалек і хананеі жывуць у далінах, заўтра здыміцеся з лагера і вярніцеся ў пустыню шляхам да Чырвонага мора».

І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:
 
І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:

«Пакуль цярпець Імне гэты збор ліхі, што яны наракаюць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраелявых, каторым яны наракаюць на Мяне, Я чуў.
 
«Дакуль гэтая грамада найгоршая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля.

Скажы ім: "Жыў Я", цьвердзе СПАДАР: "Як гукалі вы ў вушы Імне, так і ўчыню вам.
 
Таму скажы ім: “Жыву Я, кажа Госпад, як вы гаварылі, бо Я чуў, гэтак зраблю вам!

На пустыні гэтай падуць трупы вашыя, і ўсі вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццацёх год і вышэй, каторыя наракалі на Мяне,
 
У гэтай пустыні будуць ляжаць трупы вашы! Усе, што палічаны былі ад дваццаці гадоў і вышэй і што наракалі на Мяне,

Ня ўвыйдуць у зямлю, праз каторую Я, падняўшы руку Сваю, прысягаў асяліць вас у ёй, апрача Калева Ефунёнка а Ігошуі Нунянка.
 
не ўвойдзеце вы ў зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна.

А дзецяняты вашыя, праз каторыя вы казалі, што яны лучаць у здабытак, Я ўвяду іх, і яны пазнаюць зямлю, каторай вы пагрэбавалі;
 
Дзяцей жа вашых, пра якіх вы гаварылі, што будуць яны здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб убачылі зямлю, якая вам не спадабалася.

Дык вы, трупы вашыя падуць на пустыні гэтай.
 
Вашы трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні;

І сынове вашыя будуць пасьціць на пустыні сорак год, і будуць несьці кару за бязулства вашае, пакуль ня зьгінуць усі трупы вашы на пустыні.
 
сыны вашы будуць пастухамі ў пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за распусту вашу, пакуль не знікнуць трупы вашы ў пустыні.

Подле ліку дзён, у каторыя вы выглядалі зямлю, сорак дзён, год за дзень, год за дзень панясіце вы бяспраўі вашы сорак год, і вы пазнаеце Мае ганеньне".
 
Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, — год будзе залічаны за дзень, — сорак гадоў вы будзеце выносіць несправядлівасці вашы і даведаецеся, што такое помста Мая.

Я, СПАДАР, казаў, і ціж ня гэта Я ўчыню ўсёй грамадзе ліхой гэтай, што зьберлася супроці Мяне; на пустыні гэтай ліхой яны высіляцца й там памруць».
 
Я, Госпад, сказаў і так зраблю гэтай найгоршай грамадзе, што ўзбунтавалася супраць Мяне: у гэтай пустыні вы загінеце і памраце”».

І тыя людзі, каторых пасылаў Масей выглядаць зямлю, і каторыя, зьвярнуўшыся, давялі ўсю грамаду наракаць на яго, здаючы ліхую лічбу праз тую зямлю,
 
Такім чынам, усе людзі, якіх паслаў Майсей на агляданне зямлі і якія, вярнуўшыся, прымусілі ўсю грамаду наракаць, падаючы ліхія весткі аб зямлі,

І памерлі тыя людзі, каторыя здалі ліхую лічбу празь зямлю, памерлі ад паражэньяя перад СПАДАРОМ.
 
памерлі і былі ўдараны ў прысутнасці Госпада.

А Ігошуа Нунянок а Калеў Ефунёнак жылі з тых мужоў, што хадзілі выглядаць зямлю.
 
Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, засталіся жывымі з усіх, хто хадзілі аглядаць зямлю.

І гукаў Масей словы гэтыя ўсім сыном Ізраелявым, і люд быў у вялікай жалобе.
 
І ўсе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, і народ вельмі засмуткаваў.

І ўсталі рана нараніцы, і пайшлі на верх гары кажучы: «Вось, мы і ўзыйдзем на тое месца, праз каторае сказаў СПАДАР, бо мы ізграшылі».
 
І вось, устаўшы раніцай, узышлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовы мы пайсці ў зямлю, пра якую казаў Госпад, бо мы зграшылі»,

І сказаў Масей: «Нашто вы ўзрушаеце расказаньне СПАДАРОВА? Гэта ж не пашчасьце.
 
Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце слова Госпада? Гэта не пойдзе вам на карысць.

Ня ўзыходзьце, бо няма СПАДАРА сярод вас, каб ня былі зражаны перад варагамі вашымі.
 
Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не загінулі вы ад ворагаў вашых!

Бо Амалік а Канаанін там перад вамі, і вы падзіце ад мяча, бо вы адступілі ад СПАДАРА, і ня будзе з вамі СПАДАРА».
 
Амалекцы і хананеі перад вамі, ад іх меча загінеце, таму што вы не пажадалі знайсці супакой у Госпадзе, і не будзе з вамі Госпад».

Але яны паважыліся ўзыйсьці на верх гары; а скрыня змовы СПАДАРОВАЕ а Масей не адышлі з пасярод табару.
 
Але, ахутаныя цемраю, яны ўзышлі на вяршыню гары; каўчэг жа Госпадава запавету і Майсей не выйшлі з лагера.

І зышлі Амалік а Канаанін, што жылі на гары тэй, і білі іх, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Гормы.
 
І выйшлі амалекцы і хананеі, што пражывалі на гары, і, удараючы іх і забіваючы, гналі іх аж да Хормы.