Лікі 35 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І гукаў СПАДАР Масею на раўнінах Моаўскіх ля Ёрдану супроці Ерыхону, кажучы:
 
Таксама наступнае сказаў Госпад Майсею на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона:

«Раскажы сыном Ізраелявым, каб яны далі Левітам із спадку дзяржавы свае месты жыць; і аколіцы местаў дайце Левітам наўкола.
 
«Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у іх уласнасць гарады, у якіх яны б жылі, і палі вакол гарадоў,

І будуць ім месты жыць, а полі іхныя будуць статку іхнаму, і маемасьці іхнай, і ўсёй жывёле іхнай.
 
каб самі яны ў гарадах жылі, а палі каб былі для статкаў, і для маёмасці, і для ўсёй іх жывёлы;

І аколіцы ля местаў, каторыя дасьце Левітам, маюць быць ад сьцяны места звонку на тысячы локцяў, наўкола.
 
гэтая прастора хай цягнецца ад муроў гарадскіх звонку на тысячу локцяў вакол.

І адмерайце вонках места на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднявы бок дзьве тысячы локцяў, і на захад дзьве тысячы локцяў, і на паўночны бок дзьве тысячы локцяў, а места па сярэдзіне. Гэткія будуць у іх аколіцы ля местаў.
 
Адмерайце за горадам дзве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзве тысячы локцяў з боку заходняга і дзве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб гарады былі пасярэдзіне, а палі вакол тых гарадоў звонку.

А месты, каторыя вы дасьце Левітам, будзе шэсьць местаў на ўцёк, у каторыя вы дазволіце ўцякаць убіўцу; і звыш іх дайце сорак два месты.
 
А з саміх гарадоў, якія аддасце левітам, хай будуць шэсць гарадоў вылучаныя на дапамогу ўцекачам, каб бег у іх той, хто па няведанні праліў кроў; і, апрача гэтых гарадоў, дасце яшчэ сорак два гарады,

Усіх местаў, каторыя вы дасьце Левітам, сорак восьмі местаў з аколіцамі іх.
 
гэта значыць разам з іх палямі будзе сорак восем гарадоў.

А што да местаў, каторыя дасьце зь дзяржавы сыноў Ізраелявых, то з большае павялічча, а зь меншае паменшча: подле спадку кажнага, які адзяржаць мае даць ізь местаў сваіх Левітам».
 
Пры выбары гарадоў, якія аддасце з уласнасці сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакалення — большую іх колькасць, ад меншага — меншую; кожнае пакаленне павінна аддаць левітам колькасць гарадоў адпаведна памеру сваёй уласнасці».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Далей сказаў Госпад Майсею:

«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як вы пярэйдзеце перазь Ёрдан да зямлі Канаанскай,
 
«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,

То прызначча сабе месты — местамі ўцёку хай будуць яны вам, і ўцячэць туды ўбіўца, што выцяў чалавека няўмысьля.
 
выберыце сабе гарады, што маюць быць дапамогай уцекачам, якія, не хочучы, пралілі кроў;

І будуць у вас месты гэтыя на ўцёк ад сваяка, каб ня быў забіты ўбіўца, уперад чымся ён стане перад зборам на суд.
 
хай гэтыя гарады будуць вам абаронай ад мсціўцаў, і хай забойца захавае жыццё, пакуль не стане перад судом супольнасці.

Местаў жа, каторыя вы дасьце, шэсьць местаў уцёку будуць яны вам.
 
З саміх жа шасці гарадоў, якія будуць вылучаны дзеля дапамогі ўцекачам,

Тры месты дайце на гэтым баку Ёрдану, і тры месты дайце ў зямлі Канаанскай; местамі ўцёку маюць быць яны.
 
тры хай будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча

Сыном Ізраелявым і чужаземцу, і жыхару меж вас будуць гэтыя шэсьць местаў на ўцёк, каб уцякаць туды кажнаму, хто заб’ець чалавека няўмысьля.
 
як для сыноў Ізраэля, так і для чужаземцаў або падарожнікаў, каб у гэтыя шэсць гарадоў уцякалі тыя, што ненаўмысна пралілі кроў.

Калі хто ўдыра каго зялезным снадзівам і памрэць, то ён убіўца; сьмерцю памрэць тый убіўца.
 
Калі ж хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, тады той, хто ўдарыў, — забойца, і сам павінен памерці.

І калі хто ўдыра з рукі каменям, ад каторага можна памерці, і памрэць тый, то ўбіўца ён; сьмерцю памрэць убіўца.
 
Калі хто каго каменем ударыў, якім можна забіць, і ўдараны памер, падобна хай будзе пакараны.

Або, калі дзярвяным снадзівам, ад каторага можна памерці, удыра з рукі, і тый памрэць, то ён убіўца; сьмерцю памрэць убіўца.
 
Калі хто каго паленам так ударыў, што той памер, — ён забойца; і сам ён хай будзе пакараны смерцю.

Сваяк, што памсьціцца за кроў, сам можа зрабіць сьмерць убіўцы; стрэўшы яго, там можа зрабіць яму сьмерць.
 
Мсціўца за кроў хай заб’е забойцу; адразу ж, як зловіць яго, можа яго забіць.

Калі хто штырхнець каго зь ненавісьці або, цікуючы, кіне што на яго, і памрэць,
 
Калі хто з нянавісці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці наўмысна, так што той памер,

Або ў непрыязьньстве ўдыра яго рукою, то сьмерцю памрэць тый, хто ўдырыў: убіўца ён; сваяк, што памсьціцца за кроў, можа зрабіць сьмерць убіўцы, стрэўшы яго.
 
або калі хто ў злосці ўдарыў кулаком так, што той памер, тады той, хто ўдарыў, — забойца; і мсціўца за кроў можа яго забіць адразу ж, як сустрэне.

А калі разам, бязь непрыязьньства піхнець яго, альбо кіне на яго якую снадзь ня цікуючы,
 
Калі ж хто выпадкова і без нянавісці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-небудзь ненаўмысна,

І калі які камень, ад каторага можна памерці, ня бачачы ўпусьце на яго, і памрэць, але ён ня быў злосьнікам яго і ня шукаў яму ліха;
 
або, не бачачы яго, кінуў у яго каменем, які можа забіць, і ўдарыў яго так, што ён памер, але забойца не быў яго ворагам і не жадаў яму ліха,

То збор мае рассудзіць меж тога, што ўдырыў, і сваяка, што імсьціцца за кроў подле гэтых судоў;
 
то грамада павінна рассудзіць забойцу і мсціўцу за кроў на гэтай аснове,

І выбаве збор убіўцу ад рукі сваяка, што імсьціцца за кроў, і зьверне яго збор да места ўцёку ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці найвышшага сьвятара, каторы памазаны сьвятым алеям.
 
і грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсціўцы за кроў і павінна вярнуць яго ў горад — прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да смерці першасвятара, які памазаны святым алеем.

І калі ж убіўца выйдзе за граніцу места ўцёку свайго, да каторага ён уцёк,
 
Калі ж забойца выйдзе па-за межы горада-прыбежышча, у які ён уцёк,

І знойдзе яго сваяк, што імсьціцца за кроў, вонках граніцы места ўцёку ягонага, і заб’ець убіўцу тый сваяк, што імсьціцца за кроў, то ня будзе на ім віны крыві;
 
і калі мсціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі горада прыбежышча і заб’е, тады мсціўца за кроў не вінаваты, што забіў забойцу;

Бо ў месьце ўцёку свайго мае жыць да сьмерці найвышшага сьвятара; а па сьмерці вялікага сьвятара зьвернецца ўбіўца да зямлі дзяржаньня свайго.
 
бо да смерці першасвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па смерці ж першасвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны.

І будуць гэтыя вам уставаю праўнай у роды вашы, у вусіх сялібах вашых.
 
Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленні вашы і ва ўсіх месцах пражывання вашага.

Подле словаў сьветак хай будзе забіты ўбіўца кажны, што забівае кагось. Адна сьветка хай ня сьветча на душу, каб забіць яго.
 
Забойцу на падставе слоў сведкаў караюць смерцю; на падставе сведчання аднаго чалавека ніхто на смерць не можа быць асуджаны.

І не бярыце выкупу за душу ўбіўцы, каторы заслужыў сьмерць, але сьмерцю памрэць.
 
Нельга прымаць выкуп за душу забойцы, які варты смерці, павінен ён быць пакараны смерцю.

І не бяры выкупу за ўцеклага да места ўцёку ягонага, каб яму зьвярнуцца жыць у зямлі сваёй да сьмерці сьвятара.
 
Не бярыце выкуп, каб уцёк ён у горад прыбежышча свайго, а не каб ён вярнуўся і жыў у сваёй зямлі перш, чым памрэ першасвятар.

І ня плюгаўце зямлі, на каторай вы, бо кроў плюгаве зямлю, і зямлі ня будзе ласкіўчыненьня ад разьлітае на ёй крыві, як адно крывёю таго, хто разьліў яе.
 
Не паганьце зямлі прабывання вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк яна не можа быць ачышчана, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.

Ня маеце брудзяніць зямлі, на каторай вы жывіце, сярод каторае вітаю Я; бо Я, СПАДАР, вітаю сярод сыноў Ізраелявых».
 
Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — Госпад, Які жыве сярод сыноў Ізраэля”».