Лікі 19 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:
 
Казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:

«Во ўстава права, каторае расказаў СПАДАР, кажучы: скажы сыном Ізраелявым, няхай возьмуць табе рыжую цяліцу дасканальную, на каторай няма заганы, на каторую не ўзышло йго.
 
«Гэта святыня закону, які ўстанавіў Госпад. Скажы сынам Ізраэля, каб прывялі табе рыжую карову без заганы, на якой няма ніякай плямы і на якую яшчэ не ўскладана ярмо.

І дайце яе Елеазару сьвятару, і вывядзе ён вонкі табару, і зарэжуць яе перад ім,
 
І аддайце яе святару Элеязэру, каб ён вывеў яе па-за лагер, каб яна была забіта ў яго прысутнасці.

І возьме Елеазар сьвятар палцам сваім із крыві яе, і крывёю яе пакропе перад шчытам будану збору сем разоў.
 
І, памачыўшы палец у яе крыві, хай ён пакропіць сем разоў дзверы палаткі сустрэчы,

І спаляць цяліцу на аччу яго: скуру яе а мяса, яе а кроў зь нечысьцяй яе няхай спаляць.
 
і хай спаляць цела яе ў яго прысутнасці, аддаўшы агню як шкуру і мяса яе, так і кроў з нечыстотамі.

І возьме сьвятар кедравага дзерва а гізопу а нітку з чырвовае воўны, і кіне на сярэдзіну спаленьня цяліцы.
 
Хай таксама святар дровы кедравыя і гізоп з пурпурам кіне ў агонь, у якім гарыць карова.

І хай вымые сьвятар адзецьці свае, і абмые цела свае ў вадзе, і потым увыйдзе ў табар, і нячысты будзе сьвятар аж да вечара.
 
І тады нарэшце, памыўшы шаты свае і цела сваё, хай увойдзе ён у лагер, і хай нячысты будзе ён аж да вечара.

І тый, што паліў яе, хай вымые адзецьці свае ў вадзе, і абмые цела свае ў вадзе, і нячысты будзе аж да вечара.
 
Потым чалавек чысты хай збярэ попел каровы і высыпле за лагерам у месцы чыстым, каб для супольнасці Ізраэля быў захаваны для прыгатавання вады ачышчэння. Гэта ахвяра за грэх.

І хай зьбярэць чыстая людзіна попел цяліцы, і паложа вонках табару на чыстым месцу, і будзе грамадзе сыноў Ізраелявых на дзяржаньне да вады адлучэньня: гэта аброк за грэх.
 
Той, хто збіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзенне і будзе нячысты аж да вечара.

І тый, што зьбіраў попел цяліцы, вымые адзецьці свае, і нячысты будзе аж да вечара. І будзе сыном Ізраелявым і чужаземцу, што жывець сярод іх, уставаю вечнай.
 
Гэта пастанова вечная як для ізраэльцаў, так і для чужаземцаў, якія ў іх прабываюць.

Хто даткнецца да мертвага цела якога-колечы чалавека, дык нячысты будзе сем дзён.
 
Хто дакранецца да нябожчыка, будзе з-за таго сем дзён нячысты,

Ён мае ачысьціцца ад гэтага на трэйці дзень, а на сёмы дзень будзе чысты; а калі ж ён не ачысьціцца на трэйці дзень, то й на сёмы дзень ня будзе чысты.
 
павінен ён [вадой з попелам каровы] ачысціцца ў трэці і сёмы дзень і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень ён не ачысціцца, то ў сёмы дзень ён не будзе чысты.

Кажны, хто даткнецца да мертвага цела якога-колечы чалавека й не ачысьціцца, сплюгаве вітальню СПАДАРОВУ; і будзе выгублены чалавек тый з Ізраеля, бо адлучальная вада не пакроплена на яго: нячысты будзе, яшчэ нечысьць ягоная на ім.
 
Кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела чалавека і гэтай сумессю не ачысціўся, зневажае скінію Госпада і будзе вынішчаны з Ізраэля, бо ён не акрапіў сябе вадою ачышчэння, і нячысты ён будзе, і яго нячыстасць застанецца на ім.

Вось права: калі чалавек памрэць у будане, то кажны, хто прыйдзе да будану, і ўсе, што ў будане, нячыстае будзе сем дзён.
 
Гэта закон адносна чалавека, які памірае ў палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэту палатку, і ўсе пасудзіны, што ў ёй прабываюць, будуць нячыстыя сем дзён.

І кажная адкрытая судзіна, на каторай няма накрыцьця, наўкола абвязанага, нячыстая.
 
Пасудзіна, што не мае накрыўкі і перавязкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.

І кажны, хто даткнецца на полю да забітага мячом, альбо да памерлага, альбо да косьці людзкое, альбо да гробу, нячысты будзе сем дзён.
 
Будзе нячыстым сем дзён той, хто ў полі дакранецца або да чалавека, забітага мечам, або да таго, хто памер, або да касцей яго, або да магілы.

І возьмуць нячыстаму з попелу спаленага аброку за грэх, і нальлюць на яго ў судзіну жывое вады;
 
І хай яны возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў пасудзіну;

І хай людзіна чыстая возьме гізопу, і занура яго ў ваду, і пакропе на будан а на ўсі судзіны а на ўсі душы, каторыя ў ім былі, на тога, хто даткнуўся да косьці, альбо да забітага, альбо да памерлага, альбо да гробу,
 
калі чалавек чысты памочыць у гэтым гізоп, хай пакропіць ім усю палатку, і ўвесь посуд, і людзей, якія будуць там, і таксама таго, хто дакрануўся да касцей, або забітага, або да таго, хто памёр, або да магілы.

І хай пакропе чысты нячыстага на трэйці дзень, і на сёмы дзень будзе ачышчаны. І вымые ён адзецьці свае, і абмые цела свае ў вадзе, і ўвечары будзе чысты.
 
І такім чынам хай ачысціць чалавек чысты нячыстага ў трэці і сёмы дзень; і хай ён, ачышчаны, у сёмы дзень вымые сябе і сваё адзенне і ўвечары будзе чыстым.

А хто будзе нячысты й не ачысьце сябе, то будзе выгублена душа тая з пасярод грамады, бо яна сплюгавіла сьвятыню СПАДАРОВУ; адлучальнай вадою яна не пакроплена, яна нячыстая.
 
Калі хто гэтым спосабам не ачысціцца, то будзе вынішчана душа яго з грамады, бо ён апаганіў скінію Госпадаву; вадою ачышчэння ён не быў пакроплены, ён нячысты.

І хай будзе гэта ім уставаю вечнай. І хто крапіў адлучальнаю вадою, няхай вымые адзецьці; і хто даткнуўся да адлучальнае вады, нячысты будзе аж да вечара.
 
Гэта будзе вам законам ва ўсе векі; таксама той, хто кропіць вадой ачышчэння, хай вымые адзенне сваё; кожны, хто дакранецца да вады ачышчэння, нячысты будзе аж да вечара.

І ўсе, да чаго даткнецца нячысты, будзе нячыстае; і душа, што даткнулася, нячыстая будзе аж да вечара».
 
Усё, да чаго дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая дакранецца да чаго-небудзь з гэтага, будуць нячыстымі аж да вечара».