3 царстваў 16 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было слова СПАДАРОВА Егу Гананёнку супроці Ваашы, кажучы:
 
І было слова Гасподняе Іую, сыну Ананьеваму, пра Вааса:

«За тое, што Я падняў цябе з пылу й пастанавіў цябе за правадыра над людам Маім Ізраелям, ты ж пайшоў дарогаю Еровоамовай і ўвёў у грэх люд Мой, Ізраялян, каб ён загневаў Мяне грахамі сваімі.
 
за тое, што Я падняў цябе з пылу і зрабіў цябе правадыром народу Майго Ізраіля, а ты пайшоў шляхам Ераваама і ўвёў у грэх народ Мой Ізраільцянаў, каб ён гневаў Мяне грахамі сваімі,

Вось, Я вымяту просьле Ваашы а просьле дому ягонага, і зраблю дому твайму тое ж, што дому Еровоама Невацёнка.
 
вось, Я адкіну дом Ваасы і дом нашчадкаў ягоных і зраблю з домам тваім тое самае, што з домам Ераваама, сына Наватавага;

Хто памрэць у Ваашы ў месьце, таго зьядуць сабакі; а хто памрэць у яго на полю, таго зьядуць птушкі нябёсныя».
 
хто памрэ ў Ваасы ў горадзе, таго зьядуць сабакі; а хто памрэ ў яго на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя.

А засталыя справы Ваашыны, усе, што ён рабіў, і дужасьць ягоная, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
 
Астатнія дзеі Ваасы, усё, што ён зрабіў, і подзьвігі яго апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

І супачыў Вааша з айцамі сваімі, і пахаваны ў Фірцы. І загаспадарстваваў Ела, сын ягоны, замест яго.
 
І спачыў Вааса з бацькамі сваімі і пахаваны ў Тырцы. І зацараваў Іла, сын ягоны, замест яго.

І таксама Егам Гананёнкам ужо было слова СПАДАРОВА Ваашы а дому ягонаму, асабліва праз усе ліха, што ён зрабіў у ваччу СПАДАРА, каб загневаць Яго ўчынкам рук сваіх, хочучы быць падобным да дому Еровоамовага; і затым Ён паразіў яго.
 
Але празь Іуя, сына Ананьевага, ужо было слова Гасподняе пра Ваасу і пра дом ягоны і пра ўсё ліха, якое ён чыніў перад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх, пераймаючы дом Ераваамаў, за што ён вынішчаны быў.

Дваццаць шостага, году Асы, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў на два гады Ела Ваашонак у Ізраелю ў Фірцы.
 
У дваццаць шосты год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Іла, сын Ваасаў, над Ізраілем у Тырцы і валадарыў два гады.

І змовіўся супроці яго слуга ягоны Зымра, вайводца над палавіцаю цялежкаў. А ён у Фірцы ўпіўся ў доме Арцы, дамавера ў Фірцы;
 
І склаў змову супроць яго раб ягоны Замврый, які начальнічаў над палавінай калясьніц. Калі ён у Тырцы напіўся дап’яна ў доме Арсы, які начальнічаў над палацам у Тырцы,

І прышоў Зымра, выцяў яго й забіў яго, дваццаць сёмага году Асы, караля Юдэйскага, і загаспадарстваваў замест яго.
 
тады ўвайшоў Замврый, пабіў яго і забіў, у дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.

Як ён загаспадарстваваў і сеў на пасадзе ягоным, то паразіў увесь дом Ваашын, не пакінуўшы яму на’т таго, што мочыцца да сьцяны, ані сваякоў ягоных, ані прыяцеляў ягоных.
 
Калі ён зацараваў і сеў на троне ягоным, дык вынішчыў увесь дом Ваасы, не пакінуўшы яму ні таго, хто мочыцца да сьцяны, ні сваякоў ягоных, ні сяброў ягоных.

І выгубіў Зымра ўвесь дом Ваашын, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў Ваашы Егам прарокам, —
 
І зьнішчыў Замврый увесь дом Ваасаў, па слове Госпада, якое Ён мовіў пра Вааса празь Іуя прарока,

За ўсі грахі Ваашыны а за грахі Еліны, сына ягонага, каторымі яны самы грашылі й каторымі ўводзілі ў грэх Ізраеля, каб загнявіць СПАДАРА, Бога, Ізраелявага, сваёй пусьцінёю.
 
за ўсе грахі Ваасы і за грахі Ілы, сына ягонага, якія яны самі рабілі і якімі ўводзілі Ізраіля ў грэх, раздражняючы Госпада Бога Ізраілевага сваімі ідаламі.

А засталыя справы Еліны і ўсе, што ён рабіў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
 
Астатнія дзеі Ілы, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

Дваццаць сёмага году Асы, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Зымра, і гаспадарстваваў сем дзён у Фірцы, як люд аблягаў Ґівефон Пілісцкі.
 
У дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Замврый і валадарыў сем дзён у Тырцы, калі народ аблажыў Гаватон Філістымскі.

Як люд, аблягаўшы, пачуў кажучых: «Змаўляўся Зымра і таксама паразіў караля», то ўсі Ізраяляне пастанавілі за караля Омру, вайводцу, над Ізраелям таго ж дня, у табару.
 
Калі народ-абложнік дачуўся, што Замврый склаў змову і забіў цара, дык усе Ізраільцяне паставілі царом Амврыя, ваеначальніка над Ізраілем, у той самы дзень у табары.

І ўзышоў Омра а ўсі Ізраяляне зь ім ад Ґівефону, і абляглі Фірцу.
 
І адступілі Амврый і ўсе Ізраільцяне зь ім ад Гаватона і аблажылі Тырцу.

Як абачыў Зымра, што места ўзята, увыйшоў да палацу каралеўскага дому, і запаліў за сабою каралеўскі дом цяплом, і памер,
 
Калі ўбачыў Замврый, што горад узяты, увайшоў ва ўнутраны пакой царскага дома і запаліў за сабою царскі дом агнём і загінуў

За грахі свае, у чым ён ізграшыў, робячы ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, ходзячы дарогаю Еровоамовай і ў грахох ягоных, каторыя тый рабіў, каб увесьці Ізраеля ў грэх.
 
за свае грахі, у чым ён зграшыў, робячы благое перад вачыма Гасподнімі, ходзячы шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якія той учыніў, каб увесьці Ізраіля ў грэх.

А засталыя справы Зымравы й змова ягоная, што ён змовіўся, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
 
Астатнія дзеі Замврыя і змова ягоная, якую ён склаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

Тады падзяліўся люд Ізраельскі на палавіцу: налавіца люду была за Фіўнам Ґінафёнкам, каб пастанавіць яго за караля, а палавіца йшла за Омрам.
 
Тады падзяліўся народ Ізраільскі напалам: палавіна народу стаяла за Тамнія, сына Ганатавага, каб паставіць яго царом, а палавіна за Амврыя.

І перамог люд, што быў за Омрам, над людам, што за Фіўнам Ґінафёнкам; і памер Фіўн, і загаспадарстваваў Омра.
 
І ўзяў верх народ, які за Амврыя, над народам, які за Тамнія, сына Ганатавага, і памёр Тамній, і зацараваў Амврый.

Трыццаць першага году Асы, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Омра над Ізраелям на двананцаць год. У Фірцы ён гаспадарстваваў шэсьць год.
 
У трыццаць першы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Амврый над Ізраілем і валадарыў дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.

І купіў Омра гару ў Шэміра за дзьве талані срэбра, і забудаваў гару, і назваў пастаноўленае ім места Самараю, імям Шэміра, собсьніка гары.
 
І купіў Амврый гару Семярон у Сяміра за два таланты срэбра, і забудаваў гару, і назваў пабудаваны ім горад Самарыяй, па імю Сяміра, уладальніка гары.

І рабіў Омра ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і чыніў гарэй за ўсіх, што перад ім.
 
І рабіў Амврый благое перад вачыма Госпада і ўчыняў горш за ўсіх, што былі да яго.

Ён хадзіў у вусёй дарозе Еровоама Невацёнка а ў грахох ягоных, каторымі тый увёў у грэх Ізраялян, каб гнявіць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, сваёй пусьцінёю.
 
Ён ва ўсім хадзіў шляхам Ераваама, сына Наватавага, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраільцянаў, каб гнявіць Госпада Бога Ізраілевага ідаламі сваімі.

А засталыя справы Омравы, каторыя ён зрабіў, і дужасьць, каторую ён паказаў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
 
Астатнія дзеі Амврыя, якія ён учыніў, і мужнасьць, якую ён паказаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

І супачыў Омра з айцамі сваімі, і пахаваны ў Самары. І загаспадарства ваў Агаў, сын ягоны, замест яго.
 
І спачыў Амврый з бацькамі сваімі і пахаваны ў Самарыі. І зацараваў Ахаў, сын ягоны, замест яго.

Агаў Омранок загаспадарстваваў над Ізраелям трыццаць восьмага году Асы, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў Агаў Омранок над Ізраелям у Самары дваццаць два гады.
 
Ахаў, сын Амврыеў, зацараваў над Ізраілем у трыццаць восьмы год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў Ахаў, сын Амврыя, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.

І рабіў Агаў Омранок ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ болей, чымся ўсі бытыя перад ім.
 
І рабіў Ахаў, сын Амврыеў, незаўгоднае перад вачыма Госпада больш за ўсіх, што былі да яго.

Мала было яму хадзіць у грахох Еровоама Невацёнка, — ён узяў сабе за жонку Езэвель, дачку Ефваала, караля Сыдонскага, і пачаў служыць Ваалу й кланяцца яму.
 
Мала было яму ўпадаць у грахі Ераваама, сына Наватавага; ён узяў сабе за жонку Езавэль, дачку Этваала, цара Сідонскага, і пачаў служыць Ваалу і пакланяцца яму;

І ўзьняў ён аброчнік Ваалу ў доме Вааловым, каторы збудаваў у Самары.
 
і паставіў ён Ваалу ахвярнік у капішчы Ваала, які пабудаваў у Самарыі.

І зрабіў Агаў гай, і Агаў болей рабіў тое, што гневала СПАДАРА, Бога Ізраелявага, болей за ўсіх каралёў Ізраельскіх, што былі перад ім.
 
І зрабіў Ахаў дуброву, і больш за ўсіх цароў Ізраільскіх, якія былі да яго, Ахаў рабіў тое, што раздражняе Госпада Бога Ізраілевага.

За яго дзён збудаваў Гіель Бэтэлянін Ерыхон: на Авіраме, першаку сваім, ён палажыў под яго і на Сэґубе, наймалодшым сваім, пастанавіў брамы яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў Ігошуам Нунянком.
 
У яго дні Ахііл Вэфілянін пабудаваў Ерыхон: на першынцы сваім Авіраме ён паклаў аснову яго і на малодшым сваім сыне Сэгубе паставіў браму яго, па слове Госпада, якое Ён сказаў празь Ісуса, сына Нава.