3 царстваў 7 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А дом свой Салямон станавіў трынанцаць год, і скончыў увесь дом свой.
 
А свой дом Саламон будаваў трынаццаць гадоў і закончыў увесь дом свой.

І пастанавіў ён дом ізь дзерва лібанскага, удаўжкі сто локцяў, ушыркі пяцьдзясят локцяў, я ўвышкі трыццаць локцяў, на чатырох радох кедравых стаўпоў; і абробленыя кедры на сгаўпох.
 
І пабудаваў ён дом з дрэва Ліванскага, даўжынёю сто локцяў, шырынёю пяцьдзясят локцяў, а вышынёю трыццаць локцяў, на чатырох радах кедровых слупоў; і кедровыя бярвеньні пакладзены былі на слупах.

І пакрыў гэта дошкамі кедравага дзерва зьверху на бакавых пакоях, што былі на сорак пяцёх стаўпох, па пятнанцаць у рад.
 
І насланы быў памост з кедра над бярвеньнямі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у рад.

І тры рады аконных абсадаў, і сьвятло супроці сьвятла тры рады.
 
Аконных вушакоў было тры рады; і тры рады вокан, акно насупраць акна.

І ўсі ўходы а дзьверныя абсады мелі чатыракутнія рамы, і сьвятло супроці сьвятла тры рады,
 
І ўсе дзьверы і дзьвярныя вушакі былі чатырохвугольныя, і акно насупраць акна, у тры рады.

І прысенцы із стаўпоў зрабіў ён удаўжкі пяцьдзясят локцяў, ушыркі трыццаць локцяў, і над імі прысенкавая гара, і стаўпы, і парог перад імі.
 
І бабінец са слупоў зрабіў ён даўжынёю пяцьдзясят локцяў, шырынёю трыццаць локцяў, і перад імі ганак, і слупы, і парог перад імі.

Яшчэ сені з пасадам, з каторага ён судзіў, сені судовыя зрабіў, і вымасьціў кедрам ад аднаго канца мосту аж да другога канца мосту.
 
Яшчэ бабінец з пасадам, зь якога ён судзіў, бабінец для судзілішча зрабіў ён і пакрыў усе падлогі кедрам.

І ў доме, ідзе ён жыў, былі другія судовыя сені із прысенцамі падобнае работы. Салямон пастанавіў таксама дом дачцэ фараонавай, каторую ён быў узяўшы, падобны да гэтых сеняў.
 
У доме, дзе ён жыў, другі двор за бабінцам быў такога самага ўсталяваньня. І ў доме дачкі фараонавай, якую ўзяў за сябе Саламон, ён зрабіў такі самы бабінец.

Усе гэта было зроблена з дарагіх камянёў, ачасаных подле меры, абрэзаных пілою, з нутранога й знадворнага боку, ад далоўя аж да страхі, і знадворку аж да вялікіх сеняў.
 
Усё гэта было зроблена з дарагіх камянёў, абчасаных паводле памеру, абрэзаных пілою, з унутранага і вонкавага боку, ад асновы да выступаў, і з вонкавага боку да вялікага двара.

І под быў з камянёў дарагіх, камянёў вялікіх, камянёў дзесяцёх локцяў і камянёў асьмёх локцяў.
 
І ў фундамент пакладзены былі камяні дарагія, камяні вялікія, камяні дзесяць локцяў і камяні восем локцяў,

І зьверху дарагія камяні, часаныя подле меры, і кедра.
 
і зьверху дарагія камяні, абчасаныя паводле памеру, і кедр.

І вялікі панадворак з трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедравых балькаў навокал, як нутраныя сені дому СПАДАРОВАГА і прысенцы гэтага дому.
 
Вялікі двор абгароджаны быў вакол трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедровых бярвеньняў; таксама і ўнутраны двор храма Госпада і бабінец храма.

І паслаў кароль Салямон, і ўзяў з Тыру Гірама,
 
І паслаў цар Саламон і ўзяў з Тыра Хірама,

Сына аднае ўдавы, з плямені Неффалімовага. Ацец ягоны, Тыранін, рамесьнік работы зь медзі; а ён быў напоўнены мудрасьці а кемнасьці а веданьня, як рабіць усялякія работы зь медзі. І прышоў ён да Салямона, і рабіў усю работу ягоную.
 
сына адной удавы, з калена Нэфталімавага. Бацька яго Тыранін быў меднік; ён меў здольнасьць, майстэрства і ўменьне вырабляць усялякія рэчы зь медзі. І прыйшоў ён да цара Саламона і рабіў у яго ўсялякую працу:

І ўхармаваў два мядзяныя стаўпы, асьмінанцаць локцяў увышкі стоўп адзін, і павароз двананцацёх локцяў акручаваў другі стоўп.
 
і зрабіў ён два медныя слупы, кожны па васемнаццаць локцяў вышынёю, і шнурок дванаццаць локцяў абдымаў той і другі слуп;

І дзьве апукі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб палажыць на версе стаўпоў. Пяць локцяў увышкі адна апука, і пяць локцяў увышкі другая апука.
 
і два вянкі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб пакласьці на вярху слупоў: пяць локцяў вышыні ў адным вянку і пяць локцяў вышыні ў другім вянку;

Сеткі плеценае работы й шнюркі, як ланцужкі, да апукаў, што былі на версе стаўпоў, сем на аднэй апуццы і сем на другой апуццы.
 
сеткі плеценага вырабу і шнуркі ў выглядзе ланцужкоў для вянкоў, якія былі на вярху слупоў: сем на адным вянку і сем на другім вянку.

І зрабіў ён стаўпы й два рады гранатовых яблыкаў навокал сеткі, каб пакрыць апукі, што на версе стаўпоў; тое зрабіў і да другое апукі.
 
Так зрабіў ён слупы і два рады гранатавых яблыкаў вакол сеткі, каб пакрыць вянкі, якія наверсе слупоў; тое самае зрабіў і для другога вянка.

А на прысенцах апукі на версе стаўпоў падобныя да ліляў, чатырох локцяў,
 
А ў бабінцы вянкі наверсе слупоў зроблены як лілеі, чатыры локці,

І апукі на абодвых стаўпох, і таксама на пукатасьці на баку сеткі; а яблыкаў — дзьвесце, радамі навокал апукі. Гэтак і на другой апуццы.
 
і вянкі на абодвух слупах наверсе, проста над выпуклінай, якая каля сеткі; і на другім вянку, радамі вакол, дзьвесьце гранатавых яблыкаў.

І пастанавіў стаўпы на прысенцах сьвятыні; пастанавіў правы стоўп, і назваў яго імя Яхін, і пастанавіў левы стоўп, і назваў яго імя Воаз.
 
І паставіў слупы да бабінца храма; паставіў слуп па правы бок і даў яму імя Яхін, і паставіў слуп па левы бок і даў яму імя Воаз.

І на версе стаўпоў былі выраблены лілі. Гэтак была скончана работа стаўпоў.
 
І над слупамі паставіў вянкі, зробленыя як лілеі. Так закончана праца над слупамі.

І зрабіў літае мора, — ад краю да краю яго дзесяць локцяў, — сусім круглае, увышкі пяць локцяў; і павароз трыццацёх локцяў абыймаў яго навокал.
 
І зрабіў літае зь медзі мора, — ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, — зусім круглае, вышынёю пяць локцяў, і шнурок трыццаць локцяў абымаў яго вакол.

Пупушкі пад краямі яго былі навокал, абступаючы яго, па дзесяць на локаць, навокал мора з усіх бакоў двума радамі; пупушкі былі выліты зь ім адным ліцьцём.
 
Падабенствы гуркоў пад краямі яго акружалі яго па дзесяць на локаць, акружалі мора з усіх бакоў у два рады; падабенствы гуркоў былі вылітыя з адным ліцьцём.

Яно стаяла на двананцацёх валох: тры зьверненыя на поўнач, тры зьверненыя на захад, тры зьверненыя на паўдня і тры зьверненыя на ўсход; мора ляжала на іх зьверху, і ўсі зады іх унутры.
 
Яно стаяла на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход; мора ляжала на іх, і зады іх былі павернутыя ўсярэдзіну пад яго.

У даланю яно ўгрубкі, і краі яго, зроблены падобна да краёў чары, выглядалі на квітучую лілю. Яно тоўпіла дзьве тысячы батоў.
 
Таўшчынёю яно было ў далонь, і краі яго, зробленыя падобна да беражкоў чары, былі падобныя на лілею, якая распусьцілася. Яно ўмяшчала дзьве тысячы батаў.

І зрабіў ён дзесяць мядзяных падстановак; удаўжкі кажная падстаноўка чатыры локці, ушыркі — чатыры локці і ўвышкі тры локці.
 
І зрабіў ён дзесяць медных падставак; даўжыня кожнай падстаўкі — чатыры локці, шырыня — чатыры локці і тры локці — вышыня.

І во як зроблены падстаноўкі: у іх аблямаваньні, аблямаваньні памеж нарожнікаў.
 
І вось будова падставак: у іх сьцены, сьцены паміж навугольнымі пласьцінамі;

На аблямаваньнях, што памеж нарожнікаў, лявы, буйны статак і херувы; і на нарожніках, на нарожніках жа быў стаўпец зьверху; а пад лявамі а валамі рассахатыя вянкі.
 
на сьценах, якія паміж навугольнікамі, ільвы, валы і херувімы; таксама і на навугольніках, а вышэй і ніжэй ільвоў і валоў — раскідзістыя вянкі;

У кажнай падстаноўкі па чатыры мядзяныя колы і восі мядзяныя. На чатырох рагох плячукі, пад чараю, плячукі літыя ля кажнага вянка.
 
каля кожнай падстаўкі па чатыры медныя колы і восі медныя. На чатырох кутах выступы накшталт плячэй, выступы літыя зьнізу, пад чараю, каля кожнага вянка.

Адтуліна ад нутраное пупушкі да верху аднаго локця; адтуліна яе круглая, падобная да поду стаўпоў, паўтара локця, і таксама ля адтуліны яе рэзьбы; але бакавыя аблямаваньні чатыракутнія, ня круглыя.
 
Адтуліна ад унутранага вянка адзін локаць; адтуліна яго круглая, як у падножжа слупоў, паўтара локця і каля адтуліны яго выявы; але бакавыя сьцены чатырохкутныя, ня круглыя.

Пад аблямаваньнямі былі чатыры колы, і восі колаў у падстаноўках; увышкі кажнае кола — паўтара локця.
 
Пад сьценамі было чатыры колы, і восі колаў у падстаўках; вышыня кожнага кола — паўтара локця.

Колы зроблены так, як колы ў цялежках; восі іх, і абады іх, і сьпіцы іх, і калодкі іх, усе было літае.
 
Будова колаў такая самая, як і будова колаў у калясьніцы; восі іх і абады іх і сьпіцы іх, усё было літое.

Чатыры плячукі на чатырох рагох кажнае падстаноўкі; з падстаноўкі выходзілі плячукі іх.
 
Чатыры выступы на чатырох кутах кожнай падстаўкі; з падстаўкі выходзілі выступы яе.

І на версе падстаноўкі быў круглец на паўлокця ўвышкі; і на версе падстаноўкі дзяржаньні яе й аблямаваньні яе зь яе ж.
 
І наверсе падстаўкі круглае ўзвышэньне на паўлокця вышыні; і на версе падстаўкі тронкі яе і сьцены яе з адной зь ёю масы.

І выразаў на дошчачках яе дзяржаньня й на аблямаваньнях яе херуваў, лявы а пальмы, колькі йдзе дазваляла месца, і навокал рассахатыя вянкі.
 
І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.

Гэтак зрабіў ён дзесяць падстановак; у вусіх адно ліцьцё, адна мера, адна хорма ўсім ім.
 
Так зрабіў ён дзесяць падставак: ва ўсіх іх адно ліцьцё, адна мера, адзін выгляд.

І зрабіў дзесяць мядзяных мыцельнікаў; кажны мыцельнік тоўпіў сорак батоў; кажны мыцельнік быў чатырох локцяў; кажны мыцельнік стаяў на аднэй зь дзесяцёх падстановак.
 
І зрабіў дзесяць медных умывальніц: кожная ўмывальніца мясьціла сорак батаў, кожная ўмывальніца была чатыры локці, кожная ўмывальніца стаяла на адной зь дзесяці падставак.

І расстанавіў падстаноўкі — пяць на правым баку дому і пяць на левым баку; а мора пастанавіў на правым баку дому, на ўсходне-паўднявым баку.
 
І расставіў падстаўкі — пяць па правым баку храма і пяць па левым баку храма, а мора паставіў па правым баку храма, на паўднёва-ўсходнім баку.

І зрабіў Гірам мыцельнікі а лапаткі а крапільніцы. І скончыў Гірам рабіць усю работу, каторую рабіў у караля Салямона да дому СПАДАРОВАГА:
 
І зрабіў Хірам умывальніцы і лапаткі і чары. І закончыў Хірам усю працу, якую рабіў у цара Саламона для храма Гасподняга:

Два стаўпы й дзьве місы апукаў, што былі на версе стаўпоў, і дзьве сеткі прыкрываць тыя дзьве місы апукаў, каторыя былі на версе стаўпоў;
 
два слупы і дзьве апаяскі вянкоў, якія наверсе слупоў, і дзьве сеткі для накрываньня двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў;

І чатырыста гранатовых яблыкаў да дзьвюх сеткаў; два рады гранатовых яблыкаў да аднае сеткі, каб прыкрываць дзьве місы апукаў, каторыя на стаўпох.
 
і чатырыста гранатавых яблыкаў на кожную сетку, для накрываньня двух апаясак вянкоў, што на слупах;

І дзесяць падстаноўкаў і дзесяць мыцельнікаў на падстаноўках;
 
і дзесяць падставак і дзесяць умывальніц на падстаўках;

Адно мора і двананцаць валоў пад морам;
 
адно мора і дванаццаць валоў пад морам;

І казаны, і лапаткі, і крапільніцы. І ўсе судзьдзе гэтае, каторае зрабіў Гірам каралю Салямону да дому СПАДАРОВАГА, было з паліраванае медзі.
 
і тазы, і лапаткі, і чары. Усе рэчы, якія зрабіў Хірам цару Саламону для храма Госпада, з паліраванай медзі.

У ваколіцы Ёрдану, памеж Сукофу й Царэтану, у гліністай зямлі кароль выліваў яго.
 
Цар выліваў іх у гліністай зямлі, у ваколіцах Ярдана, паміж Сакхотам і Цартанам.

І памясьціў Салямон усі гэтыя рэчы. З прычыны надзвычаннае іх множасьці, вага медзі не азначана.
 
І паставіў Саламон усе гэтыя рэчы на месца. З прычыны іх вялікага мноства, вага медзі ня вызначаная.

І зрабіў Салямон усе судзьдзе каторае ў доме Божым: залаты аброчнік а залаты стол, на каторым хлеб Выкладу;
 
І зрабіў Саламон усе рэчы, якія ў храме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на якім хлябы выстаўленыя;

І сьветачы — пяць па правым баку і пяць па левым баку перад палацам, з ачышчанага золата, і кветкі, і лянпы, і абцугі із золата;
 
і сьвяцільні — пяць па правы бок і пяць па левы бок, перад заднім аддзяленьнем храма, з чыстага золата, і кветкі, і лампадкі, і абцужкі з золата;

І місы, і нажы, і крапільніцы, і ложкі, і жаранкі з ачышчанага золата, і завесы залатыя да дзьвярэй нутранога дому, Сьвятога Сьвятых, і да дзьвярэй дому-сьвятыні.
 
і місы, і нажы, і чары, і латкі, і кадзільніцы з чыстага золата, і петлі ў дзьвярах унутранага храма ў Сьвятым Сьвятых і ў дзьвярах у храме таксама з золата.

І скончана была ўся работа, каторую кароль Салямон зрабіў да дому СПАДАРОВАГА. І ўнёс Салямон сьвятасьці Давіда, айца свайго; срэбра а золата а судзьдзе ён палажыў у скарбніцах дому СПАДАРОВАГА.
 
Так зьвершана ўся праца, якую рабіў цар Саламон для храма Госпада. І прынёс Саламон прысьвечанае Давідам, бацькам ягоным; срэбра і золата і рэчы аддаў у скарбніцы храма Гасподняга.