3 царстваў 21 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася па гэтых здарэньнях: у Навофа Ізрэеляніна ў Ізрэелю было вінішча ля палацу Агава, караля Самарскага.
І было пасьля гэтых падзей: у Навутэя Ізрэельцяніна ў Ізрэелі быў вінаграднік каля палаца Ахава, цара Самарыйскага.
І гукаў Агаў Навофу, кажучы: «Аддай імне свае вінішча; зь яго будзе ў мяне варыўны гарод, бо яно блізка да дому майго; а замест яго я дам табе вінішча лепшае за гэтае, альбо, калі хочаш, дам табе срэбра, колькі яно варта».
І сказаў Ахаў Навутэю: аддай мне свой вінаграднік; зь яго будзе ў мяне агародны сад, бо ён блізка да майго дома; а замест яго я дам табе вінаграднік лепшы за гэты, альбо, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе.
І сказаў Навоф Агаву: «Крый, СПАДАРУ, мяне, каб я аддаў табе спадак айцоў сваіх!»
Але Навутэй сказаў Ахаву: аслані мяне Гасподзь, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх!
І прышоў Агаў двору смутны а гнеўны з тога слова, каторае казаў яму Навоф Ізрэелянін, кажучы: «Не аддам табе спадку айцоў сваіх». І лёг на ложак свой, і адвярнуў від свой, і хлеба ня еў.
І прыйшоў Ахаў дамоў устрывожаны і засмучаны тым словам, якое сказаў яму Навутэй Ізрэельцянін, кажучы: не аддам табе спадчыны бацькоў маіх. І лёг на пасьцель сваю, і адвярнуў твар свой, і хлеба ня еў.
І ўвыйшла да яго жонка ягоная Езэвель, і гукала яму: «Чаму смутны дух твой, што ты й хлеба не ясі?»
І ўвайшла да яго жонка ягоная Езавэль і сказала яму: чаго растрывожаны дух твой, чаго ты хлеба не ясі?
Ён гукаў ёй: «Як я гукаў Навофу Ізрэеляніну і сказаў яму: "Аддай імне вінішча свае за срэбра альбо, калі хочаш, я дам табе вінішча замест яго", тады ён сказаў: "Не аддам табе вінішча свайго"».
Ён сказаў ёй: калі я пачаў гаварыць Навутэю Ізрэельцяніну і сказаў яму: аддай мне вінаграднік твой за срэбра, альбо калі хочаш, я дам табе іншы вінаграднік замест яго, тады ён сказаў: не аддам табе вінаградніка майго.
І сказала яму Езэвель, жонка ягоная: «Што за гаспадарства цяпер ты робіш у Ізраелю? устань, еж хлеб, і хай вяселіцца сэрца твае; я дам табе вінішча Навофа Ізрэеляніна».
І сказала яму Езавэль, жонка ягоная: якое царства было б у Ізраілі, калі б ты так рабіў? устань, еж хлеб і будзь спакойны; я здабуду табе вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна.
І напісала лісты ад Агава, і запячатавала іх пячацяй ягонаю, і паслала тыя лісты старцом а паном у ягоным месьце, з Навофам жывучым.
І напісала яна ад імя Ахава пісьмы, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала гэтыя пісьмы старэйшынам і знакамітым у ягоным горадзе, якія жылі з Навутэем.
І напісала ў лістох, кажучы: «Агаласіце пост, і пасадзіце Навофа на чале люду;
У пісьмах яна пісала так: абвясьцеце пост і пасадзеце Навутэя на першае месца ў народзе
І пасадзіце двух сыноў веляла насупроці яго, каторыя сьветчылі б на яго, кажучы: "Ты блявузґаў на Бога а караля"; і потым вывядзіце яго, і ўкамянуйце, каб ён памер».
і насупраць яго пасадзеце двух нягодных людзей, якія сьведчылі б на яго і сказалі: ты зьневажаў Бога і цара; і потым выведзіце яго і пабеце яго камянямі, каб ён памёр.
І зрабілі мужы места ягонага, старцы а паны, у месьце ягоным жывучыя, як паслала ім Езэвель, так, як пісана ў лістох, каторыя яна паслала ім.
І зрабілі мужы горада ягонага, старэйшыны і знакамітыя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Езавэль, так, як пісана ў пісьмах, якія яна паслала ім.
Агаласілі пост і пасадзілі Навофа на чале люду.
Абвясьцілі пост і пасадзілі Навутэя на чале народу;
І прышлі два сыны веляла, і селі насупроці яго, і сьветчылі на яго, на Навофа перад людам, кажучы: «Навоф блявузґаў на Бога а на караля». І вывялі яго за места, і ўкаменавалі, і ён памер.
і выступілі два нягодныя чалавекі і селі насупраць яго, і сьведчылі на яго гэтыя нядобрыя людзі перад народам і казалі: Навутэй зьневажаў Бога і цара. І вывелі яго за горад і пабілі яго камянямі, і ён памёр.
І паслалі Езэвелі сказаць: «Навоф укаменаваны й памер».
І паслалі да Езавэлі сказаць: Навутэй пабіты камянямі і памёр.
І як пачула Езэвель, што Навоф укамеваваны й памер, то сказала Езэвель Агаву: «Устань, вазьмі ў дзяржаньне вінішча Навофа Ізрэеляніна, каторы адмовіўся аддаць табе за срэбра; бо Навоф ня жывець, ён памершы».
Пачуўшы, што Навутэй пабіты камянямі і памёр, Езавэль сказала Ахаву: устань, вазьмі ў валоданьне вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна, які не хацеў аддаць табе за срэбра; бо Навутэя няма жывога, ён памёр.
Як пачуў Агаў, што Навоф памер, дык устаў Агаў, каб зыйсьці да вінішча Навофа Ізрэеляніна і ўзяць яго ў дзяржаньне.
Калі пачуў Ахаў, што Навутэй быў забіты, устаў Ахаў, каб пайсьці ў вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна і ўзяць яго ў валоданьне.
І было слова СПАДАРОВА да Ільлі Фішвяніна:
І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну:
«Устань, зыйдзі наўпярэймы Агаву, каралю Ізраельскаму, каторы ў Самары; вось, ён цяпер у вінішчу Навофавым, куды зышоў, каб узяць у дзяржаньне;
устань, ідзі насустрач Ахаву, цару Ізраільскаму, які ў Самарыі, — вось, ён цяпер у вінаградніку Навутэя, куды прыйшоў, каб узяць яго ў валоданьне,
І гукай яму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ты забіў і яшчэ ўступаеш у спадак?’" і гукай яму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: "На тым месцу, ідзе сабакі лізалі кроў Навофа, сабакі будуць лізаць кроў тваю, таксама кроў тваю’"».
і скажы яму: так кажа Гасподзь: ты забіў, і яшчэ ўступаеш у спадчыннасьць? і скажы яму: так кажа Гасподзь: на тым месцы, дзе сабакі лізалі кроў Навутэя, сабакі будуць лізаць і тваю кроў.
І сказаў Агаў Ільлі: «Знайшоў ты мяне, злосьніча мой!» Ён сказаў: «Знайшоў; бо ты прадаўся рабіць ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
І сказаў Ахаў Ільлю: знайшоў ты мяне, вораг мой! Ён сказаў: знайшоў, бо ты аддаўся таму, каб рабіць нягоднасьць прад вачыма Госпада.
Вось, Я навяду на цябе бяду, і вымяту за табою, і выгублю ўв Агава нават тога, што мочыцца на сьцяну, і замкнёнага, і засталага ў Ізраелю.
Так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на цябе нягоды і вымяту за табою і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі;
І зраблю з домам тваім так, як зрабіў Я з домам Еровоама Невацёнка і з домам Ваашы Агіёнка, за квяленьне, каторым ты квяліў Мяне і ўвёў Ізраеля ў грэх.
і зраблю з домам тваім так, як зрабіў Я з домам Ераваама, сына Наватавага, і з домам Ваасы, сына Ахіінага, за зьнявагу, якою ты раздражніў Мяне і ўвёў Ізраіля ў грэх.
Таксама й да Езэвелі казаў СПАДАР, кажучы: "Сабакі зьядуць Езэвель за горадам Ізрэелю".
Таксама і пра Езавэль сказаў Гасподзь: сабакі зьядуць Езавэль за сьцяною Ізрэеля;
Хто памрэць ув Агава ў месьце, таго зьядуць сабакі; а хто памрэць на полю, таго зьядуць птушкі нябёсныя».
хто памёр у Ахава ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго разьдзяўбуць птушкі нябесныя;
Запраўды ня было яшчэ такога, як Агаў, каторы прадаўся б рабіць нягоднасьць у ваччу СПАДАРА, да чаго падвучала яго Езэвель, жонка ягоная.
ня было яшчэ такога, як Ахаў, які аддаўся б таму, каб рабіць благое перад вачыма Госпада, на што падбівала яго Езавэль;
Ён рабіў вельма агідна, ідучы за балванамі, подле ўсёга, што рабілі Аморэі, каторых СПАДАР прагнаў ад віду сыноў Ізраелявых.
ён рабіў вельмі гнюсна, ідучы сьледам за ідаламі, як рабілі Амарэі, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.
І было, як пачуў Агаў словы гэтыя, то разьдзер адзецьці свае, і ўзлажыў на цела свае зрэбніну, і поставаў, і спаў у зрэбніне, і хадзіў памалу.
Выслухаўшы ўсе словы гэтыя, Ахаў падраў вопратку на сабе і надзеў на цела вярэту, і пасьціўся, і спаў у вярэце, і хадзіў журботны.
І было слова СПАДАРОВА да Ільлі Фішвяніна, кажучы:
І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну, і сказаў Гасподзь:
«Бачыш, як укарыўся Агаў перад Імною? за тое, што ён укарыўся перад Імною, Я не навяду ліха за дзён ягоных, за дзён сына ягонага навяду ліха на дом ягоны».
бачыш, як упакорыўся прад Мною Ахаў? за тое, што ён упакорыўся прад Мною, я не навяду ліха ў яго дні; у дні сына ягонага навяду ліха на яго.