3 царстваў 18 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася за шмат дзён, што было слова СПАДАРОВА да Ільлі трэйцяга году, кажучы: «Ідзі, пакажыся Агаву, і я дам дождж на зямлю».
 
Як прайшло шмат дзён было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.

І пайшоў Ільля паказацца Агаву. Галадоў жа вялікая была ў Самары.
 
І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.

І гукнуў Агаў Оваду, каторы быў дамавер. Овада ж быў чалавек вельма багабойлівы,
 
І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,

І як Езэвель губіла прарокаў СПАДАРОВЫХ, Овада ўзяў сту прарокаў, і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавекаў, у пячорах, і жывіў іх хлебам а вадою.
 
і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.

І сказаў Агаў Оваду: «Пайдзі па зямлі да ўсіх жаролаў водных і да ўсіх цур’ёў на зямлі, ці ня знойдзеш ідзе травы, каб нам пракарміць коні а мулы, каб нам не давялося страціць сабе із статку».
 
І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.

І падзялілі яны мяжсобку зямлю, каб абыйсьці яе: Агаў асобна пайшоў аднэю дарогаю, і Овада асобна пайшоў другою дарогаю.
 
І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.

Як Овада быў у дарозе, і вось, наўпярэймы яму — Ільля. Ён пазнаў яго, і паў на від свой, і сказаў: «Ці ты гэта, спадару мой Ільля?»
 
Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?

Тый сказаў яму: «Я; пайдзі, скажы спадару свайму: "Гля, Ільля тут"».
 
Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.

Ён сказаў: «Чым я ізграшыў, што ты аддаеш слугу свайго ў рукі Агава, каб зрабіць імне сьмерць?
 
Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?

Жыў СПАДАР, Бог твой! калі ё народ і гаспадарства, куды б не пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і як яму казалі: "Няма", ён браў прысягу з тога гаспадарства й народу, што не маглі знайсьці Цябе.
 
Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;

А ты цяпер кажаш: "Пайдзі, скажы спадару свайму: ’Во Ільля’".
 
а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.

І будзе: я пайду ад цябе, тады Дух СПАДАРОЎ панясець цябе ня ведама куды; і калі я пайду наказаць Агаву, і ён ня знойдзе цябе, то ён заб’ець мяне; а слуга твой багабойлівы з маладосьці свае.
 
Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб’е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.

Ціж не сказалі спадару майму, штб я зрабіў, як Езэвель забівала прарокаў СПАДАРОВЫХ, як я хаваў сту чалавекаў прарокаў СПАДАРОВЫХ, па пяцьдзясят чалавекаў, у пячорах, і жывіў іх хлебам і вадою?
 
Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?

А ты цяпер кажаш: "Пайдзі, скажы спадару свайму: ’Во Ільля’"; ён заб’ець мяне».
 
А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб’е мяне.

І сказаў Ільля: «Жыў СПАДАР войскаў, перад Каторага відам я стаю! сядні я пакажуся яму».
 
І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.

І пайшоў Овада наўпярэймы Агаву, і наказаў яму. І пайшоў Агаў наўпярэймы Ільлі.
 
І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.

Як Агаў абачыў Ільлю, то сказаў яму: «Ці ты гэта тый, што немарасьце Ізраеля?»
 
Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?

І сказаў Ільля: «Ня я немарашчу Ізраеля, але ты а дом айца твайго тым, што вы пакінулі расказаньні СПАДАРОВЫ, і ты пайшоў за Вааламі.
 
І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;

Цяпер пашлі й зьбяры да мяне ўсяго Ізраеля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і прарокаў гэтага гаю чатырыста, што жывяцца із столу Езэвелінага».
 
цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста — прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.

І паслаў Агаў памеж усіх сыноў Ізраелявых, і зьбер усіх прарокаў на гару Карміл.
 
І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.

І дабліжыўся Ільля да ўсёга люду, і сказаў: «Пакуль вы будзеце скакаць на два бакі? калі СПАДАР ё Бог, то йдзіце за ім; а калі Ваал, то за ім ідзіце». І не адказаў люд яму ані слова.
 
І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.

І сказаў Ільля люду: «Я адзінюсенькі застаўся прарока СПАДАРОЎ, а прарокаў Вааловых чатырыста пяцьдзясят чалавекаў.
 
І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;

Хай дадуць нам двое цялят-бычкоў, і хай яны выбяруць адно цялё-бычка, і расьсякуць яго, і паложаць на дровы, але цяпла хай не падкладаюць; а я прыгатую другое цялё-бычка, і палажу на дровы, і цяпла не падлажу.
 
хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;

І гукайце вы імя бога вашага, а я буду гукаць імя СПАДАРА. І будзе, што адказуючы цяплом — ён Бог». І адказаў увесь люд, і сказаў: «Добрае гэта слова».
 
і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.

І сказаў Ільля прарокам Вааловым: «Выбярыце сабе адно цялё-бычка, і прыгатуйце вы ўперад, бо вас шмат; і гукайце імя бога вашага, але цяпла не падкладайце».
 
І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.

І ўзялі яны цялё-бычка, каторы даны быў ім, і прыгатавалі, і гукалі імя Ваала з раньня да палудня, кажучы: «Ваале, адкажы нам!» Але ня было ані голасу, ані адказу. І падскакавалі яны ля аброчніка, каторы зрабілі.
 
І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.

І сталася ў палудзень: Ільля пачаў сьміяцца зь іх і сказаў: «Крычыце вялікім голасам, бо ён бог; можа ён задумаўся, альбо заняты чым, альбо ў дарозе, а можа й сьпіць, дык ён прачхнецца».
 
Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!

І крычэлі яны вялікім голасам, і білі сябе, подле звычаю свайго, мячамі а дзідамі, ажно кроў лілася па іх.
 
І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.

І было, як мінуў палудзень, што яны ўсе праракалі аж да вячэрнага абраканьня, але ня было ані голасу, ані адказу, ані ўвагі.
 
Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.

І сказаў Ільля ўсяму люду: «Дабліжчася да мяне». І дабліжыўся ўвесь люд да яго. Ён паправіў разбураны аброчнік СПАДАРОЎ.
 
Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.

І ўзяў Ільля двананцаць камянёў, подле ліку сыноў Якава, катораму СПАДАР сказаў так: «Ізраель будзе імя твае».
 
І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.

І збудаваў з гэтых камянёў аброчнік у імя СПАДАРОВА, і зрабіў роў навокал увелькі дзьвюх мераў сяўбы,
 
І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,

І расклаў дровы, і расьсек цялё, і паклаў яго на дровы,
 
і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,

І сказаў: «Напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепаленьне а на дровы». Потым сказаў: «Паўтарыце». І яны паўтарылі, і сказаў: «Зрабіце трэйцім наваратам». І зрабілі трэйцім наваратам.
 
і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,

І вада палілася навокал аброчніка, і таксама роў напоўніўся вадою.
 
і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.

І было ў часе абраканьня хлебнага аброку: і дабліжыўся Ільля прарока, і сказаў: «СПАДАРУ, Божа Абрагамаў, Ісакоў а Ізраеляў! пазнаюць гэтага дня, што Ты Адзін Бог у Ізраелю, і што я слуга твой і словам Тваім зрабіў я ўсе гэта.
 
У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок — і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісаакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.

Адкажы імне, СПАДАРУ, адкажы імне! Хай пазнае люд гэты, што Ты, СПАДАРУ, Бог, і Ты абернеш сэрца іхнае назад».
 
Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе да Цябе.

І спала цяпло СПАДАРОВА, і пажэрла ўсепаленьне а дровы а камяні а пыл, і зьлізала ваду, што ў рове.
 
І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.

І абачыў увесь люд, і яны палі на віды свае, і сказалі: «СПАДАР, — Ён Бог. СПАДАР, — Ён Бог!»
 
Убачыўшы гэта, увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!

І сказаў ім Ільля: «Схапіце прарокаў Вааловых, каб ні водзін ізь іх ня ўцёк». І схапілі іх. І завёў іх Ільля да цур’я Кішону, і выразаў іх там.
 
І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.

І сказаў Ільля Агаву: «Узыйдзі, еж а пі, бо чуваць гук дажджу».
 
І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.

І ўзышоў Агаў есьці а піць; а Ільля ўзышоў на верх Кармілу, і нахінуўся да зямлі, і палажыў від свой памеж каленяў сваіх.
 
І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,

І сказаў дзяцюку свайму: «Пайдзі ж, глянь у кірунку мора». Тый узышоў, і глянуў, і сказаў: «Нічога няма». Ён сказаў: «Зьвярніся сем разоў».
 
і сказаў хлопчыку свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.

І сталася сёмага разу, і сказаў: «Вось, маленькая балачынка, увелькі з даланю людзкую, узьнімаецца з мора». Ён сказаў: «Пайдзі, скажы Агаву: "Запрагай а едзь далоў, каб не засьпеў цябе дождж"».
 
На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.

І было прымеж тога: пацямнела неба ад хмараў і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. Агаў жа сеў у цялежкі й паехаў да Ізрэелю.
 
Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.

І была на Ільлі рука СПАДАРОВА. Ён паперазаў сьцёгны свае і бег перад Агавом аж да ўходу Ізрэеля.
 
І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.