Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І сталася пасьля, праходзіў Ён праз гарады і мястэчкі, абвяшчаючы і дабравесьцячы Валадарства Божае, і з Ім Дванаццаць,
І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы добрую вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць
і некаторыя жанчыны, якія былі аздароўленыя ад злых духаў і нядужасьцяў: Марыя, называная Магдалена, з якое выйшлі сем дэманаў,
і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
і Ёанна, жонка Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.
Ёана, жонка Хузы, пракуратара Ірадава, і Зузана, і многа іншых, якія дапамагалі ім з маёмасці сваёй.
А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць:
А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне:
«Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
«Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго.
а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;
А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго;
Трэцяе ўпала паміж церняў, і церні, вырасшы, адразу заглушылі яго.
а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны». Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае».
А вучні Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: «Што значыць прыповесьць гэтая?»
Пыталіся затым вучні ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць.
Ён жа сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць.
Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць і, слухаючы, не разумеюць.
Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае.
А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае.
А што пры дарозе — гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д’ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя.
А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іх, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены.
А што на камяні — гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць.
А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць карэнняў і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць.
А што ўпала ў цярніну — гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду.
Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода.
А што ўпала на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці.
А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што, добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго ды прыносяць плады ў цярплівасці.
Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло.
Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.
Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло.
Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву.
Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець».
Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае, у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята».
І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны натоўпу.
Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей.
І паведамілі Яму, кажучы: «Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе».
І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць».
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
І сталася аднаго дня, Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: «Пераплывем на той бок возера». І паплылі.
І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі.
Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры бурны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
І, калі яны плылі, задрамаў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы.
І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем». А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша.
І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і накрычаў на вецер і хваляванне вады, і яны супакоіліся, і настала ціша.
Ён жа сказаў ім: «Дзе вера вашая?» А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?»
І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы адзін аднаму: «Як ты лічыш, Хто Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?»
І прыплылі ў краіну Гадарэнскую, якая насупраць Галілеі.
Затым паплылі яны ў краіну Гергезэнскую, што насупраць Галілеі.
Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўніх часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не ўскладаў ён адзення і не жыў у доме, але ў магілах.
Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне».
І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў».
Бо Ён загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні.
Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню.
А Ісус спытаўся ў яго, кажучы: «Якое тваё імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.
Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго.
І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань.
І прасілі яны, каб не загадваў ім ісці ў бездань.
А там на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў; і прасілі Яго [дэманы], каб дазволіў ім увайсьці ў іх, і Ён дазволіў ім.
А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў возера, і згінуў.
І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў.
А тыя, якія пасьвілі іх, убачыўшы, што сталася, уцяклі і, пайшоўшы, паведамілі ў горадзе і вёсках.
Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
І выйшлі ўбачыць, што сталася; і прыйшлі да Ісуса, і знайшлі чалавека, з якога выйшлі дэманы, што сядзіць каля ног Ісуса, апрануты і пры розуме; і спалохаліся.
Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх.
А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі.
А тыя, што бачылі, расказалі ім, як ён быў аздароўлены, і як цярпеў пакуту ад дэмана.
І прасіла Яго ўсё мноства ваколіцы Гадарэнскае пайсьці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.
І ўвесь шматлікі народ краіны Гергезэнскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы:
А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы:
«Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што ўчыніў яму Ісус.
«Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму.
І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,
І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго,
бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго.
бо памірала яго дачка адзіная, якая не мела яшчэ і дванаццаці гадоў. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго.
І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе,
І адна жанчына была дванаццаць гадоў крывацечнай, яна выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе не аздаравіў,
падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча.
яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе.
І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: «Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і ціснуць, і Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра сказаў: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць».
Але Ісус сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне».
Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне».
А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.
А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
Ён жа сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».
А Ісус сказаў ёй: «Дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі».
Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка».
Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дома начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла, не турбуй больш Вучыцеля».
А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена».
Але Ісус, пачуўшы гэтае слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена».
Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі.
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць».
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць».
І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці.
І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці.
І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.
І аслупянелі яе бацькі, якім загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.