Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Набліжалася ж сьвята праснакоў, называнае Пасха.
 
Набліжаўся ж дзень свята праснакоў, які называецца Пасхай.

І шукалі першасьвятары і кніжнікі, як забіць Яго, бо баяліся народу.
 
І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся людзей.

А шатан увайшоў у Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці,
 
Шатан жа ўвайшоў у Юду, якога празывалі Іскарыётам, аднаго з дванаццаці;

і той, адыйшоўшы, гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі варты, як Яго выдаць ім.
 
і ён выйшаў і дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Ісуса.

І яны ўзрадаваліся, і дамовіліся даць яму грошы,
 
Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.

і ён абяцаў, і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры натоўпе.
 
І паабяцаў ён ім, ды шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры людзях.

Прыйшоў жа дзень праснакоў, калі мусілі рэзаць пасхальнае [ягня].
 
І надышоў дзень праснакоў, у які належала ахвяраваць Пасху.

І паслаў [Ісус] Пятра і Яна, сказаўшы: «Ідзіце, падрыхтуйце нам есьці Пасху».
 
І паслаў Ісус Пётру і Яна, кажучы: «Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху, каб мы з’елі».

Яны ж сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
 
А яны сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб прыгатавалі?»

Ён жа сказаў ім: «Вось, пры ўваходзе вашым у горад, сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ён увойдзе,
 
І Ён сказаў ім: «Вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.

і скажыце гаспадару дому: “Настаўнік гаворыць табе: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху з вучнямі Маімі?'”
 
Ды скажыце гаспадару дома: “Вучыцель кажа табе: “Дзе прыстанак, дзе Я з вучнямі Маімі мог бы з’есці Пасху?”

І ён пакажа вам залю вялікую, засланую; там падрыхтуйце».
 
Ён вам пакажа вялікую святліцу засланую, там прыгатуйце».

Пайшоўшы ж, яны знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
 
Пайшоўшы, знайшлі ўсё, як Ён сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.

І калі прыйшла гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім.
 
А калі надышла гадзіна, узлёг пры стале, і апосталы з Ім.

І Ён сказаў ім: «Жаданьнем жадаю Я есьці з вамі гэтую Пасху перш, чым маю цярпець [пакуты].
 
І гаворыць ім: «Жаданнем вялікім жадаў Я з’есці гэтую Пасху з вамі перш, чым буду цярпець.

Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў Валадарстве Божым».
 
Бо кажу вам: не буду яе есці, пакуль не споўніцца ў Валадарстве Божым».

І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
 
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і сказаў: «Бярыце яго і падзяліце між сабой.

бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае».
 
Бо кажу вам: адсюль не буду піць з плода вінаграду, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае».

І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
 
І, узяўшы хлеб, склаў падзяку, і паламаў, і даў ім, кажучы: «Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць».

Гэтаксама і келіх [узяў] пасьля вячэры, кажучы: «Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.
 
Падобна і келіх [узяў] па вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.

Але вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом.
 
Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, разам з Маёю на стале.

І, сапраўды, Сын Чалавечы ідзе паводле таго, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае».
 
Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана; аднак гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца».

І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто гэта з іх меўся зрабіць гэта.
 
І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх той, які збіраецца гэта ўчыніць.

Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх лічыцца большым.
 
І сталася спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.

Ён жа сказаў ім: «Валадары народаў пануюць над імі, і тыя, што маюць над імі ўладу, дабрадзеямі называюцца.
 
Але Ён сказаў ім: «Цары народаў валадараць над імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.

Вы ж ня гэтак, але большы сярод вас станься як меншы, і правадыр — як служыцель.
 
Але вы не так: і хто ў вас большы, хай будзе як меншы, і правадыр — як паслугач.

Бо хто большы: той, які ўзьлягае за сталом, ці той, які паслугуе? Ці ня той, які ўзьлягае? А Я сярод вас, як той, які паслугуе.
 
Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае, ці той, хто паслугуе? Ці не той, хто сядзіць пры стале? Я аднак пасярод вас як той, што паслугуе.

Вы ж тыя, хто застаецца са Мною ў спакусах Маіх,
 
Вы ж ёсць тыя, што вытрывалі пры Мне ў выпрабаваннях Маіх.

і Я пераказваю вам Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
 
Я вам пераказваю Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,

каб вы елі і пілі за сталом Маім у Валадарстве Маім; і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць каленаў Ізраіля».
 
каб вы елі і пілі пры стале Маім у Валадарстве Маім, і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля».

І сказаў Госпад: «Сымоне, Сымоне! Вось, шатан зажадаў прасейваць вас, як пшаніцу,
 
[І сказаў Госпад:] «Сімоне, Сімоне! Вось шатан дабіваўся вас, каб пасеяць, як пшаніцу;

а Я маліўся за цябе, каб не паменшала вера твая; і ты, некалі павярнуўшыся, умацуй братоў тваіх».
 
але Я маліўся за цябе, каб не заняпала вера твая. І ты, з часам навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх».

Той жа адказаў Яму: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на смерць!»
 
Той жа сказаў Яму: «Госпадзе, я гатовы з Табой ісці ў вязніцу і на смерць».

Ён жа сказаў: «Кажу табе, Пётар, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне».
 
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётра, не запяе певень сёння, як тройчы зрачэшся, што ведаеш Мяне».

І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас бяз кайстры, і бяз торбы, і без абутку, ці мелі вы нейкую нястачу?» Яны адказалі: «Аніякай».
 
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога».

Тады Ён сказаў ім: «Але цяпер, хто мае кайстру, няхай возьме таксама і торбу, і хто ня мае, няхай прадасьць адзеньне сваё і купіць меч.
 
Сказаў ім тады: «А цяпер хто мае капшук, хай возьме, таксама і торбу, а хто не мае, хай прадасць туніку сваю і купіць меч.

Бо кажу вам, што мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: “І да беззаконьнікаў залічаны”. Бо ўсяму, што адносна Мяне, надыходзіць канец».
 
Бо кажу вам: мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: “І ў злачынцы быў залічаны”. Бо тое, што адносіцца да Мяне, спаўняецца».

Яны ж сказалі: «Госпадзе! Вось, тут два мячы!» А Ён сказаў ім: «Даволі!»
 
А яны сказалі: «Госпадзе, вось тут два мечы». І Ён сказаў ім: «Хопіць».

І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; а за Ім пайшлі і вучні Ягоныя.
 
І, выйшаўшы, Ісус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі і вучні.

Прыйшоўшы ж на месца, Ён сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».
 
І, калі прыбыў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».

І Ён адыйшоў ад іх як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся,
 
І Сам аддаліўся, адышоўшы ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся,

кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі келіх гэты міма Мяне. Аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца».
 
кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца».

Зьявіўся ж Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго.
 
І з’явіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.

І, будучы ў барацьбе сьмяротнай, пільней маліўся, а быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
 
І стаўся пот Яго, як кроплі крыві, што сцякае на зямлю.

І, устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў і знайшоў іх, што яны сьпяць ад смутку.
 
І, калі падняўся ад малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны спяць ад смутку.

І сказаў ім: «Што вы сьпіцё? Устаньце, маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».
 
І гаворыць ім: «Чаму спіце? Падымайцеся і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».

Яшчэ Ён гаварыў, аж вось натоўп, а наперадзе іх ішоў адзін з Дванаццаці, называны Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
 
Калі яшчэ Ён гэта гаварыў, вось, натоўп, і наперадзе яго адзін з дванаццаці, які называўся Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.

Ісус жа сказаў яму: «Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»
 
А Ісус сказаў яму: «Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»

А тыя, якія былі з Ім, бачачы, што мае стацца, сказалі Яму: «Госпадзе! Ці ня ўдарыць мячом?»
 
А тыя, што вакол Яго былі, бачачы, што мае адбыцца, сказалі: «Госпадзе, ці не ўдарыць нам мечам?»

І адзін з іх ударыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха.
 
Ды адзін з іх ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму правае вуха.

Адказваючы ж, Ісус сказаў: «Пакіньце гэта». І, дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго.
 
А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Спыніцеся, хопіць!» і, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.

А першасьвятарам, і начальнікам варты сьвятыні, і старшыням, якія прыйшлі супраць Яго, сказаў Ісус: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі.
 
Затым сказаў Ісус тым, што прыйшлі па Яго, першасвятарам, і кіраўнікам святыні, і старэйшынам: «Як на разбойніка выйшлі вы з мечамі і кіямі?

Кожны дзень, калі быў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі на Мяне руку, але гэта вашая гадзіна і ўлада цемры».
 
Калі штодзень знаходзіўся Я з вамі ў святыні, не паднялі вы на Мяне рук; але цяпер ваш час і ўлада цемры».

Схапіўшы Яго, яны павялі [Яго], і прыйшлі ў дом першасьвятара. А Пётар ішоў за Ім здалёк.
 
І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётра ж ішоў за імі здалёк.

Калі ж распалілі агонь сярод панадворку і паселі разам, сядзеў і Пётар сярод іх.
 
А калі распалілі вогнішча пасярод двара і заселі вакол агню, сядзеў між імі і Пётра.

Убачыўшы ж яго, нейкая служка, якая сядзела ля сьвятла і прыглядалася да яго, сказала: «І гэты быў з Ім».
 
І, калі ўбачыла нейкая служка, што ён сядзіць пры святле, і ўгледзелася ў яго, сказала:

Ён жа адрокся ад Яго, кажучы: «Жанчына! Я ня ведаю Яго».
 
«І гэты быў з Ім». А ён зрокся Яго, кажучы:

І неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: «І ты з іх». А Пётар сказаў: «Чалавеча! Ня я гэта».
 
«Жанчына, я не ведаю Яго!» А праз кароткі час, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: «І ты з іх». Пётра ж гаворыць: «О чалавеча, гэта не я».

І, калі прайшло каля адной гадзіны, нехта іншы настойваў, кажучы: «Праўда, і гэты быў з Ім, бо ён — Галілеец».
 
А калі прайшло каля гадзіны часу, нехта іншы настойваў, кажучы: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо і ён галілеец».

А Пётар сказаў: «Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш». І тады, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
 
І гаворыць Пётра: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш». І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.

І павярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра, і ўзгадаў Пётар слова Госпада, як Ён сказаў яму: «Перш, чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
 
І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пётру; і Пётра ўспомніў словы Госпада, як яму прадказаў: «Перш, чым сёння запяе певень, тройчы зрачэшся Мяне».

І, выйшаўшы вон, Пётар горка заплакаў.
 
І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.

І мужчыны, якія трымалі Ісуса, зьдзекваліся з Яго, зьбіваючы.
 
А мужы, якія трымалі Яго, здзекаваліся з Яго і білі Яго,

І, засланіўшы Яго, білі Яго па абліччы, і пыталіся ў Яго: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
 
і закрылі Яму твар, і пыталіся ў Яго, кажучы: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?»

І шмат іншага, блюзьнячы, гаварылі на Яго.
 
Ды многа іншых блюзненняў гаварылі на Яго.

І калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынэдрыён,
 
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа, і першасвятары, і кніжнікі і прывялі Яго на сваю нараду,

кажучы: «Ці Ты — Хрыстос? Скажы нам». Ён жа сказаў ім: «Калі скажу вам, вы не паверыце.
 
кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, дык скажы нам». А Ён гаворыць ім: «Калі скажу вам, не паверыце Мне,

Калі ж Я спытаюся, не адкажаце Мне і ня вызваліце.
 
а калі спытаюся, не адкажаце Мне.

Ад цяпер Сын Чалавечы сядзе праваруч моцы Божай».
 
Але адгэтуль будзе Сын Чалавечы сядзець праваруч Магутнасці».

А ўсе сказалі: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён жа прамовіў ім: «Вы кажаце, што Я».
 
Дык сказалі яны ўсе: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён гаворыць ім: «Вы самі кажаце, што гэта Я».

Яны ж сказалі: «Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? Бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных».
 
Дык яны сказалі: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі? Мы самі чулі з вуснаў Яго».