Дзеі 14 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.
 
І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў уверыла.

А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.
 
Але тыя юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.

Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.
 
Аднак Паўла і Барнаба прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй і даваў цуды і знакі чыніць іх рукамі.

І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.
 
Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з юдэямі, а другія — з апосталамі.

А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,
 
Калі, аднак, пагане і юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,

яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,
 
яны ўцяклі ў гарады лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,

і былі там, дабравесьцячы.
 
і там абвяшчалі Евангелле.

І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.
 
І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.

Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,
 
Ён пачуў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,

сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.
 
сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.

А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»
 
І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»

І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.
 
І назвалі Барнабу Зеўсам, а Паўлу — Гермесам, бо ён быў правадыром у слове.

А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].
 
А святар храма Зеўса, які быў перад горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.

Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:
 
Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне ды кінуліся ў народ, крычучы

«Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
 
і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі смяротныя, падобныя да вас, абвяшчаем вам Евангелле, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.

Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,
 
Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі,

ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»
 
але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы вам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы вашы».

І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.
 
І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы натоўп і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.
 
Тым часам падышлі юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.
 
Але калі сабраліся вакол яго вучні, ён, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.

І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,
 
І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.
 
умацоўваючы душы вучняў, [навучаючы] іх трыванню ў веры і што каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.

І, ускладаючы рукі, яны [паставілі] ім старостаў у кожнай царкве, і, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.
 
Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.

І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.
 
І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,

І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.
 
і прапаведавалі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.

Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.
 
І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.
 
І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што Бог учыніў з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.

І былі яны там немалы час з вучнямі.
 
І шмат часу былі яны сярод вучняў.