Дзеі 3 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.
 
Аднойчы Пётра і Ян уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.

І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,
 
І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціну ў тых, што ўваходзілі ў святыню.

убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
 
Ён, убачыўшы Пётру і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.

А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».
 
Тады Пётра з Янам, гледзячы на яго, сказалі: «Зірні на нас!»

Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.
 
А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.

А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»
 
Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»

І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,
 
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,

і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.
 
і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў, ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.

І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.
 
І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,

І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.
 
і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.

А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.
 
А як ён трымаўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.

Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?
 
Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?

Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.
 
Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Паслугача Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;

Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,
 
вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,

а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.
 
а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.

І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.
 
І праз веру ў імя Яго — гэтага [чалавека], якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэтае, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.

І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,
 
Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашы;

а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [пакуты] Хрысту, тое і споўніў.
 
а Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх [Сваіх] прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.

Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,
 
Дык навярніцеся і перамяніцеся, каб грахі вашы былі скасаваны,

каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,
 
каб насталі часы астуды ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,

і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.
 
Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, як спрадвеку прадказваў Бог вуснамі [ўсіх] святых Сваіх прарокаў.

Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.
 
Майсей жа сказаў: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.

І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.
 
І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа”.

І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.
 
І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.

Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.
 
Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: “У нашчадках тваіх дабраславёныя будуць усе зямныя народы”.

Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».
 
Вам найперш Бог, падняўшы Сына Свайго [Ісуса], паслаў Яго, каб дабраславіў кожнага з вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці сваёй».