Дзеі 8 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.
А Саўл згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае пераследаванне супраць царквы, якая была ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэннем апосталаў, рассеяліся па Юдэі і Самарыі.
А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.
А богабаязныя людзі пахавалі Сцяпана і зрабілі вялікае галашэнне па ім.
Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьніцу.
Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы, і, хапаючы мужчын і жанчын, аддаваў іх у вязніцу.
А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.
А тыя, што рассеяліся, хадзілі, абвяшчаючы слова.
Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.
Піліп жа, прыбыўшы ў горад самарыцянскі, прапаведаваў ім Хрыста.
І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.
І людзі аднадушна прымалі, што казаў Піліп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён учыняў:
Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.
бо з многіх, што былі апанаваны нячыстымі духамі, яны выходзілі, лямантуючы моцным голасам; і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена.
І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.
І сталася вялікая радасць у тым горадзе.
А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.
А ў горадзе быў адзін чалавек, на імя Сімон, які раней займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, кажучы, што ён нехта вялікі;
І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».
паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага, кажучы: «Ён — моц Божая, што завецца вялікая».
Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.
І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.
А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.
Але калі ўверылі Піліпу, які абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прымалі хрост.
Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.
Тады і Сімон сам уверыў і па атрыманні хросту далучыўся да Піліпа; і дзівіўся ён надта, бачачы, якія знакі і вялікія цуды ўчыняюцца.
Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру і Яна,
якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,
і калі яны прыбылі, то маліліся за іх, каб атрымалі Духа Святога;
бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
бо не сыходзіў Ён яшчэ на ніводнага з іх, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.
Тады апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Святога.
Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
Калі Сімон убачыў, што апосталамі праз ускладанне рук даецца Дух [Святы], прынёс ім грошы,
кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».
кажучы: «Дайце і мне гэтую ўладу, каб, калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Святога».
Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.
Пётра ж сказаў яму: «Хай срэбра тваё ідзе на пагібель разам з табой, бо ты меркаваў за грошы набыць дар Божы!
Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.
Не маеш ты ані часткі, ані долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё няшчырае перад Богам.
Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.
Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасць і малі Бога, можа, Ён даруе табе гэты намер сэрца твайго,
Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле няправеднасьці».
бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах няправасці».
А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».
І, адказваючы, Сімон сказаў: «Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога з таго, што вы казалі».
Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпада, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.
І апосталы, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Божае, вярталіся ў Ерузалім і дабравесцілі ў многіх вёсках самарыцянскіх.
А анёл Госпада прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».
І анёл Госпадаў сказаў Піліпу, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень па дарозе, што ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна пустая».
І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,
І, падняўшыся, ён пайшоў; і вось, муж этыёпскі, еўнух, урадовец Кандацыі, царыцы Этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў, прыбыў у Ерузалім пакланіцца Богу
вяртаўся назад, і сядзеў у калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.
і вяртаўся, седзячы ў сваім возе, і чытаў прарока Ісаю.
А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».
Тады Дух кажа Піліпу: «Падыдзі і далучыся да гэтага воза».
Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»
Калі Піліп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш, што чытаеш?»
Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.
Той гаворыць: «Як магу [разумець], калі ніхто мне не адкрыў?» І запрасіў Піліпа ўзлезці і сесці побач.
А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.
А месца Пісання, што ён чытаў, было гэткае: «Як авечка на зарэз вядзецца, ды як ягня безгалосае перад стрыгалямі, — так не адкрыў Ён вуснаў Сваіх.
У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».
На прыніжэнні і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго».
Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»
І, звяртаючыся да Піліпа, еўнух сказаў: «Прашу цябе, пра каго гэта кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго іншага?»
А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.
Тады Піліп, адкрыўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісання гэтага, апавядаў яму добрую вестку пра Ісуса.
А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»
І калі ехалі па дарозе, пад’ехалі да нейкай вады, і гаворыць еўнух: «Вось вада, ці не магу быць ахрышчаны?»
А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».
[Піліп жа адказаў яму: «Калі верыш усім сэрцам, можна». А ён, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсць Сын Божы».]
І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.
І казаў затрымацца, і яны абодва, Піліп і еўнух, увайшлі ў ваду, і ахрысціў яго.
Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпада падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.
А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Піліпа, і еўнух не бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.
А Філіп апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарэю.
А Піліп апынуўся ў Азоце і, праходзячы праз усе гарады, абвяшчаў Евангелле аж да Цэзарэі.