Дзеі 9 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Саўл жа, яшчэ дыхаючы пагрозай і забойствам на вучняў Госпадавых, падыйшоў да першасьвятара
Саўл жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасвятара
і прасіў у яго лісты ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе некага, хто ёсьць на гэтым шляху, як мужчынаў, так і жанчынаў, зьвязаўшы, весьці ў Ерусалім.
і папрасіў у яго лістоў да сінагог у Дамаску, каб, калі там знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, увязніўшы, дастаўляць у Ерузалім.
А калі ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба.
І ў дарозе здарылася так, што, калі ён набліжаўся да Дамаска, раптам агарнула яго святло з неба,
І, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які гаварыў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?»
і, падаючы на зямлю, пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш?»
Ён жа сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца».
Ён сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А [Госпад сказаў]: «Я — Ісус, Якога ты пераследуеш! [Цяжка табе супраць ражна ўпірацца?»]
І ён, дрыжучы і жахаючыся, сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» І Госпад [кажа] да яго: «Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць».
[Ён у жаху і трымценні сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» А Госпад яму: «] Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што маеш рабіць».
А мужы, якія спадарожнічалі яму, стаялі аслупянеўшы, чуючы голас, а нікога ня бачачы.
Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога не бачылі.
Саўл жа ўстаў з зямлі, і, адчыніўшы вочы свае, нікога ня бачыў; і ўзяўшы за руку, увялі яго ў Дамаск.
Саўл жа падняўся з зямлі, раскрыўшы вочы, але нічога не бачыў; дык завялі яго ў Дамаск, трымаючы за руку.
І тры дні ён ня бачыў, і ня еў, і ня піў.
І тры дні не бачыў, не еў і не піў.
Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Ананія. І сказаў да яго Госпад у відзежы: «Ананія!» Ён жа сказаў: «Вось я, Госпадзе!»
У Дамаску ж быў адзін вучань, на імя Ананія, і сказаў яму Госпад у бачанні: «Ананія!» А той гаворыць: «Вось я, Госпадзе».
А Госпад да яго: «Устаўшы, ідзі на вуліцу, называную Простай, і ў доме Юды пашукай Тарсяніна на імя Саўл, бо вось, ён моліцца
А Госпад яму: «Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Саўла з Тарса, вось жа, ён моліцца,
і бачыў у відзежы мужа на імя Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў».
ды ў бачанні ўгледзеў чалавека, на імя Ананія, які прыйшоў і ўсклаў рукі на яго, каб ён зноў бачыў».
Ананія ж адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра мужа гэтага, колькі ліха ўчыніў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
І Ананія адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў святым Тваім у Ерузаліме;
і тут ён мае ўладу ад першасьвятароў зьвязваць усіх, хто прызывае імя Тваё».
і тут ён мае ўладу ад першасвятароў вязніць усіх, хто прызывае імя Тваё».
А Госпад сказаў да яго: «Ідзі, бо ён — Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля,
Але Госпад сказаў яму: «Ідзі, бо Я выбраў гэтага [чалавека] як пасудзіну, каб занесці імя Маё паганам і царам і сынам Ізраэля;
бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё».
і Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго».
Ананія пайшоў, і ўвайшоў у той дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Саўле, браце, Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым».
І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом, ды, усклаўшы рукі на яго, сказаў: «Браце Саўле! Госпад паслаў мяне, Ісус, Які аб’явіўся табе ў дарозе, якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў ды быў напоўнены Духам Святым».
І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і стаў бачыць у той жа момант, і, устаўшы, быў ахрышчаны,
І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён зноў атрымаў зрок. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,
і, прыняўшы ежу, умацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,
і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён быў з вучнямі, якія былі ў Дамаску,
і адразу абвяшчаў у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Божы.
і зараз жа стаў абвяшчаць у сінагогах Ісуса, што Ён — Сын Божы.
А ўсе, хто чуў, дзівіліся і казалі: «Ці ня гэта той самы, які нішчыў у Ерусаліме тых, хто прызывае імя гэтае, і сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, весьці да першасьвятароў?»
І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не той самы, што ў Ерузаліме пераследаваў тых, якія прызывалі гэтае імя, і ці не па тое ён прыйшоў сюды, каб, увязніўшы іх, весці да першасвятароў?»
А Саўл больш умацоўваўся і трывожыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты [Ісус] ёсьць Хрыстос.
А Саўл тым адважней выступаў і бянтэжыў юдэяў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што гэта Хрыстос.
Калі ж споўнілася даволі дзён, Юдэі зрабілі нараду, каб забіць яго.
Калі мінула шмат дзён, юдэі ўчынілі нараду, каб забіць яго,
А Саўл даведаўся пра змову іхнюю. І яны сачылі ля брамаў дзень і ноч, каб яго забіць.
але Саўлу сталі вядомы іх намеры. А яны днём і ўночы пільнавалі ля брамы, каб яго забіць;
А вучні, узяўшы яго, уначы спусьцілі праз мур у кашы.
і вучні, узяўшы яго, уночы спусцілі ў кашы цераз мур ды выправілі.
Прыйшоўшы ж у Ерусалім, Саўл спрабаваў прыстаць да вучняў, і ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён — вучань.
І калі Саўл прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, не верачы, што ён вучань.
А Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і распавёў ім, як у дарозе той бачыў Госпада, і што Ён гаварыў яму, і як ён у Дамаску адважна гаварыў у імя Ісуса.
Толькі Барнаба, прыняўшы яго, прывёў да апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Госпада і што [Той] сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамаску ў імя Ісуса.
І быў ён разам з імі, уваходзячы і выходзячы ў Ерусалім, і адважна гаворачы ў імя Госпада Ісуса.
І быў ён разам з імі ўвесь час у Ерузаліме, смела выступаючы ў імя Госпада [Ісуса].
Гаварыў таксама і спрачаўся з эліністамі, а тыя намагаліся яго забіць.
Гутарыў таксама і спрачаўся з геленістамі. Яны ж імкнуліся яго забіць.
Браты ж, даведаўшыся, вывелі яго ў Цэзарэю і выправілі яго ў Тарс.
Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і выправілі ў Тарс.
А цэрквы па ўсёй Юдэі, і Галілеі, і Самарыі мелі супакой, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.
Тым часам царква мела супакой ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будавалася і хадзіла ў страху Госпадавым і ў пацяшэнні ад Духа Святога ўзрастала.
Сталася ж, што Пётар, абыходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.
І сталася, Пётра, наведваючы ўсіх, дабраўся і да святых, што пражывалі ў Лідзе.
Знайшоў жа ён там аднаго чалавека, на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.
Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спаралізаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.
І сказаў яму Пётар: «Энэй, цябе аздараўляе Ісус Хрыстос; устань і пасьцялі сабе». І ён адразу ўстаў.
І гаворыць яму Пётра: «Энэй, Ісус Хрыстос цябе аздараўляе; падыміся і засцялі сабе». І ён адразу ўстаў.
І бачылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і Сароне, якія зьвярнуліся да Госпада.
І бачылі яго ўсе тыя, што насялялі Ліду і Сарон, і навярнуліся да Госпада.
А ў Ёппе была адна вучаніца, на імя Табіта, што ў перакладзе азначае Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў і міласьцінаў, якія рабіла.
А была ў Ёпе адна вучаніца, імем Табіта, значыць Дорка; яна была поўная добрых учынкаў і міласцін, якія рабіла.
Сталася ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна памерла. Яе памылі і палажылі ў залі.
Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памерла; яе памылі ды палажылі ў святліцы.
А як Лідда была блізка ад Ёппы, дык вучні, пачуўшы, што там Пётар, паслалі двух мужоў да яго, просячы прыйсьці да іх не марудзячы.
А як Ліда ёсць недалёка ад Ёпы, дык вучні, пачуўшы, што там знаходзіцца Пётра, паслалі да яго двух мужоў папрасіць яго: «Прыйдзі да нас, не марудзь!»
Устаўшы, Пётар прыйшоў да іх, і, як прыйшоў, завялі яго ў залю; і сталі перад ім усе ўдовы, галосячы і паказваючы вопраткі і адзеньне, якія паспраўляла Сарна, як была з імі.
І Пётра, устаўшы, пайшоў з імі; і, калі прыйшоў, завялі яго ў святліцу, і акружылі яго там усе ўдовы, плачучы і паказваючы яму тунікі і адзенне, якія зрабіла Дорка, калі была з імі.
А Пётар, выслаўшы ўсіх вонкі, укленчыўшы, маліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» Яна ж адчыніла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.
І, выправіўшы ўсіх, Пётра ўпаў на калені ды маліўся, і, павярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» І яна адкрыла вочы свае ды, убачыўшы Пётру, села.
А ён, даўшы ёй руку, падняў яе і, клікнуўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.
Пётра ж, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы святых і ўдоў, паказаў яе жывую.
І сталася ведама па ўсёй Ёппе, і многія паверылі ў Госпада.
І стала вядома пра гэта па ўсёй Ёпе, і многія ўверылі ў Госпада.
Сталася ж, што ён даволі дзён заставаўся ў нейкага Сымона гарбара.
І сталася, што яшчэ многа дзён заставаўся Пётра ў Ёпе ў нейкага гарбара Сімона.