Дзеі 10 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай,
А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,
пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу.
пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны народу ды заўсёды маліўся да Бога.
Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: «Карнэль!»
Каля дзевятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»
Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: «Што, Госпадзе?» А той сказаў яму: «Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам.
Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.
І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром;
Дык зараз жа пашлі людзей у Ёпу і прывядзі нейкага Сімона, званага Пётрам.
ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць».
Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора. [Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.]»
Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім,
Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, ён паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,
і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу.
расказаў ім усё, і паслаў іх у Ёпу.
А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра каля шостай гадзіны ўзышоў на дах, каб памаліцца.
Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,
І, калі адчуў ён голад і захацелася яму есці, пакуль гатавалі яму, найшло на яго захапленне [духа],
і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.
і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі на зямлю,
У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
на ёй былі ўсякія чатырохногія, і паўзуны зямныя, і нябесныя птушкі.
І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».
І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еж!»
А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».
А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага».
І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».
І голас паўторна [азваўся] да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».
Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.
І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.
Калі ж Пётар бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, які бачыў, вось, мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы
І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.
і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон, называны Пятром.
Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.
А як Пётар думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: «Вось, тры мужы шукаюць цябе.
А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,
Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумняваючыся, бо Я паслаў іх».
дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».
Зыйшоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётар сказаў: «Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
Яны ж сказалі: «Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе».
Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».
Тады Пётар, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім.
Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў як гасцей. А на другі дзень, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёпы разам з імі выбраўся ў дарогу.
І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарэю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў.
На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.
Калі ж сталася, што Пётар увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.
А Пётар падняў яго, кажучы: «Устань, і я таксама чалавек».
Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».
І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных.
І, гутарачы з ім, увайшоў у дом, і знайшоў там шмат сабраўшыхся,
І прамовіў да іх: «Вы ведаеце, што не належыцца мужу Юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым.
і сказаў ім: «Вы ведаеце, што юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.
Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?»
Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»
І прамовіў Карнэль: «Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзевятай гадзіне [я посціў і] маліўся я ў сваім доме, і вось, паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,
і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам.
і гаворыць: “Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
Дык пашлі ў Ёпу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора [, і ён, прыйшоўшы, скажа табе]”.
Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад [аблічча] Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».
Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Госпад даручыў».
А Пётар, расчыніўшы вусны, сказаў: «Праўдзіва спасьцерагаю, што не на аблічча зважае Бог,
Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,
але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць.
але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.
Слова паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго.
Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы добрую вестку пра мір праз Ісуса Хрыста; Ён — Госпад усіх.
Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян,
Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, які прапаведаваў Ян;
як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім.
пра Ісуса з Назарэта, як намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, і Ён хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.
І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве.
І мы — сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.
Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца
Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,
не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых.
ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.
І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых.
І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён — Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.
Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае».
І ўсе прарокі сведчаць аб тым, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».
Калі Пётар яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова.
І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.
І дзівіліся верныя з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа,
Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пётрам, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,
бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётар:
бо чулі, што яны гавораць [іншымі] мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:
«Няўжо нехта можа забараніць [узяць] вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?»
«Хто можа адабраць ваду [, каб не былі ахрышчаны,] ў тых, якія атрымалі Духа Святога, як і мы?»
І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён.
І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.