Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі ж мы, пакінуўшы іх, паплылі, ідучы наўпрост, мы прыйшлі ў Кос, а на наступны дзень — у Радос, а адтуль — у Патару,
І калі сталася, што, развітаўшыся з імі, мы паплылі, то напрасткі прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Родас, а адтуль — у Патары;
і, знайшоўшы карабель, які меў плыць у Фінікію, узыйшлі [на яго], і паплылі.
і, знайшоўшы карабель, які меў плысці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.
А ўбачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго зьлева, мы плылі ў Сірыю і зыйшлі ў Тыры, бо там карабель меў разладаваць тавар.
Убачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго злева, мы плылі ў Сірыю і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў пакінуць груз.
І, знайшоўшы вучняў, мы былі там сем дзён, а тыя праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.
І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён; тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.
А калі мы пражылі тыя дні, выйшаўшы, мы пайшлі, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад, і на беразе, укленчыўшы, маліліся.
Як прайшлі [тыя] дні, мы выправіліся і пайшлі, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзбярэжжы палі мы на калені і маліліся,
І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
а затым развіталіся; і мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
А мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прыйшлі ў Пталемаіду, і, прывітаўшы братоў, засталіся ў іх на адзін дзень.
Скончыўшы плаванне, з Тыра прыбылі мы ў Пталемаіду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.
А на заўтра тыя, што былі з Паўлам, пайшоўшы, прыйшлі ў Цэзарэю, і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабравесьніка, аднаго з сямі, засталіся ў яго.
На другі дзень, выправіўшыся ў дарогу, прыбылі мы ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом евангеліста Піліпа, які быў з сямі, ды ў яго затрымаліся.
У яго ж былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі.
А ў яго было чатыры дачкі-дзяўчыны, якія праракавалі.
А як мы заставаліся шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаў,
Калі мы там прабылі шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.
і, увайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужа, чый гэты пояс, так зьвяжуць Юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”».
І, калі ён прыйшоў да нас і ўзяў пояс Паўлы, то, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэта кажа Дух Святы: “Так юдэі ў Ерузаліме звяжуць чалавека, якому належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў”».
Калі ж мы пачулі гэта, і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.
Калі мы гэта пачулі, то прасілі разам з братамі, што там былі, каб ён не ішоў у Ерузалім.
А Павал адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса».
Тады Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы не толькі ў вязніцу, але і на смерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Ісуса».
І не пераканаўшы яго, мы супакоіліся, кажучы: «Няхай станецца воля Госпада!»
І, не здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: «Хай станецца воля Госпада!»
А пасьля гэтых дзён, узяўшы рэчы, мы ўзыходзілі ў Ерусалім.
Па тых днях, прыгатаваўшыся, мы выправіліся ў Ерузалім,
Ішлі ж з намі і вучні з Цэзарэі, ведучы да нейкага Мназона, Кіпрыйца, старадаўняга вучня, у якога мы мелі гасьцяваць.
і пайшлі з намі таксама некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпра, даўняга вучня, у якога знайшлі мы гасціну.
А як мы апынуліся ў Ерусаліме, браты прыхільна прынялі нас.
І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.
І на другі дзень увайшоў Павал разам з намі да Якуба; і прыйшлі ўсе старосты.
А на другі дзень Паўла разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старэйшыя.
І, прывітаўшы іх, ён распавядаў падрабязна, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз яго паслугу.
Яны ж, пачуўшы, праславілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў Юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону.
Чуючы гэта, яны славілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.
А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх Юдэяў, што [жывуць] сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў.
Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх юдэяў, што жывуць між паганамі, навучаеш адступніцтву ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.
Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў.
Дык што гэта? Напэўна дачуюцца, што ты прыйшоў.
Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне.
Дык зрабі, як мы табе раім: ёсць у нас чацвёра мужчын, якія ўсклалі на сябе абяцанне.
Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон.
Вазьмі іх з сабой, і ачысціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што пра цябе пачулі, — няпраўда, але што ты жывеш, захоўваючы закон.
А адносна паганаў, якія паверылі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага не захоўвалі, а толькі высьцерагаліся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты».
А адносна паганаў, якія ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны [нічога такога не прытрымліваліся, але толькі] цураліся пасвечанага балванам, і крыві, і задушанага, і распусты».
Тады Павал, узяўшы мужоў гэтых, на наступны дзень ачысьціўшыся з імі, увайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, калі за кожнага з іх прынесены будзе дар [Богу].
Тады Паўла, які ўзяў з сабой мужчын, на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэнню, і ўвайшоў у святыню, абвяшчаючы заканчэнне дзён ачышчэння, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.
А калі меліся скончыцца сем дзён, Юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўвесь натоўп і ўсклалі на яго рукі,
Калі ж сем дзён завяршаліся, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь натоўп ды ўсклалі на яго рукі,
крычучы: «Мужы Ізраільцяне, дапамажыце! Гэта чалавек, які ўсіх паўсюль навучае супраць народу і супраць Закону, і супраць месца гэтага. Ды яшчэ Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае месца сьвятое».
лямантуючы: «Ізраэльцы! На помач! Гэта той чалавек, які ўсюды ўсіх вучыць супраць народа і закону і супраць гэтага месца, а прытым грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
Бо яны раней бачылі з ім у горадзе Трафіма Эфэсца і думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню.
Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфеса ў горадзе ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў святыню.
І ўвесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, узяўшы Паўла, пацягнулі яго вонкі са сьвятыні, і адразу дзьверы былі зачынены.
Дык узрушыўся ўвесь горад, і пачаў збягацца народ, і схапілі Паўлу ды выцягнулі яго па-за святыню, і зараз жа зачынілася брама.
А калі шукалі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узрушаны.
Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,
Ён, неадкладна ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх, а яны, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.
дык ён неадкладна, узяўшы жаўнераў ды сотнікаў, сышоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
Тады, наблізіўшыся, тысячнік узяў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
Тады трыбун, падышоўшы, узяў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.
А ў натоўпе кожны крычаў нешта сваё. І ня могучы праз замяшаньне нешта пэўнае даведацца, загадаў весьці яго ў табар.
А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, не могучы нічога даведацца яснага з прычыны забурэння, загадаў завесці яго ў крэпасць.
А калі [Павал] апынуўся ля сходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля гвалту натоўпу,
Калі ж прыйшлі да сходаў, з-за штурханіны людзей жаўнеры мусілі несці яго,
бо мноства народу ішло за імі, крычучы: «Забі яго!»
бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: «Забі яго!»
І як меліся ўвайсьці ў табар, Павал кажа тысячніку: «Ці магу нешта сказаць табе?» Той жа сказаў: «Ты ведаеш грэцкую?
І, калі пачалі яго ўводзіць у крэпасць, кажа Паўла трыбуну: «Ці можна мне штосьці сказаць табе?» Ён сказаў: «Ты ўмееш па-грэцку?
Дык ці ня ты той Эгіпцянін, які перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы чалавек сікарыяў?»
Ці ты не егіпцянін, які перад гэтымі днямі ўчыніў забурэнне ды вывеў у пустыню чатыры тысячы сікарыйцаў?»
А Павал сказаў: «Я — Юдэй з Тарсу, грамадзянін знакамітага гораду ў Кілікіі. Прашу ж цябе, дазволь мне гаварыць да народу».
І адказаў Паўла: «Я — юдэй з Тарса ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народа».
Калі ж той дазволіў, Павал, стаўшы на сходах, даў знак народу рукою, і як сталася вялікая ціша, прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:
Калі той дазволіў, Паўла, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і, калі настала поўная цішыня, ён прамовіў на гебрайскай мове, кажучы: