Эклезіяста 9 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Усё гэта сабраў я ў сэрцы маім, каб дэталёва асэнсаваць, што справядлівыя і мудрыя і іх учынкі — у руцэ Божай. Што любоў, а што нянавісць, — чалавек зусім не ведае: усё — перад ім.
 
На ўсё гэта я скіраваў сэрца маё для выясьненьня, што справядлівыя і мудрыя ўчынкі іх у руцэ Божай і што чалавек ня знае ані любові, ані ненавісьці ў усім тым, што перад ім.

Быццам бы для ўсіх — адна доля: для справядлівага і бязбожнага, для добрага і ліхога, для чыстага і нячыстага, для таго, хто складае ахвяры, і для таго, хто не складае. Быццам бы добры — такі ж, як грэшнік; як той, хто прысягае, — такі ж і той, хто баіцца прысягі.
 
Усяму і ўсім адно; адзін удзел справядліваму і бязбожнаму, добраму і чыстаму і нячыстаму, прыносячаму ахвяры і не прыносячаму, добраму і грэшніку, прысягаючаму і таму, хто баіцца прысягі.

І гэта — найгоршае сярод усяго, што адбываецца пад сонцам, бо аднолькавая доля — для ўсіх; таму і сэрцы сыноў чалавечых напаўняюцца ліхам і неразумнасцю ў іх жыцці, і самыя апошнія іх [справы] — у мёртвых.
 
Гэта і ёсьць блага ў усім, што робіцца пад сонцам, што аднолькавы ўдзел усім і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом і дурнота ў сэрцы іх, падчас іхнага жыцьця, а пасьля таго яны адыходзяць да памершых.

Той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею: лепшы жывы сабака, чым здохлы леў.
 
Хто яшчэ жыве, таму яшчэ ёсьць надзея, бо-ж і жывому сабаку лепш, чым мёртваму ільву.

Тыя, якія жывуць, ведаюць, што памруць; мёртвыя ж нічога больш не даведаюцца, і не маюць больш [ніякай] заплаты, бо памяць аб іх аддадзена забыццю.
 
Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць і ўжо няма ім адплаты, дзеля таго, што і памяць аб іх забылася,

Таксама любоў іх, і нянавісць, і зайздрасць адначасова згінулі, і не маюць ужо яны ўдзелу ў гэтым свеце і ў дзеях, што адбываюцца пад сонцам.
 
і любоў іх і ненавісьць і зайздрасьць іх ужо зьніклі і няма ім больш часткі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.

Дык ідзі і ў радасці еж хлеб свой і пі з весялосцю віно сваё; бо ўжо даўно спадабаліся Богу ўчынкі твае.
 
Дык ідзі, еш з вясельлем хлеб твой і пій у радасьці сэрца тваёго віно тваё, калі Бог спрыяе справам тваім.

Хай увесь час будуць белымі шаты твае, ды хай алеек з галавы тваёй не знікае!
 
Няхай будуць у кожны час сьветлыя твае вопраткі і няхай заўсёды будзе алей на галаве тваёй.

Цешся жыццём з жонкаю, якую кахаеш, ва ўсе дні жыцця няўстойлівасці тваёй, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасці тваёй: бо гэта ёсць доля ў жыцці і працы тваёй, якою займаешся пад сонцам.
 
Цешся жыцьцём з жонкай тваёю, якую любіш, у ўсе дні жыцьця твайго, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дарэмныя дні твае, дзеля таго, што гэта твой удзел у жыцьці і працах тваіх, якія ты выконываеш пад сонцам.

Што толькі можа рабіць рука твая, выконвай несупынна, бо ў пекле, куды ты спяшаешся, не будзе ані працы, ані розуму, ані мудрасці, ані ведаў.
 
Усё, што можа рабіць рука твая, па сілах рабі, бо ў магіле, куды ты пойдзеш няма ні працы, ні раздумываньня, ні веды, ні мудрасьці.

Звярнуў я ўвагу на што іншае; і ўбачыў пад сонцам, што не шпаркім удаецца бег і не моцным — перамога ў баі, ані вучоным — багацце, ані мудрым — хлеб, ані разважлівым — ласка, але для ўсяго — час і нагода.
 
І абярнуўся я, і бачыў пад сонцам, што ня хуткія здабываюць бег, не адважныя перамогу, ня мудрыя хлеб і не разумныя багацьце, ані ласку здольныя, але прыносіць час і выпадак.

Акрамя гэтага, чалавек не ведае канца свайго, але як рыбы трапляюцца ў згубную сетку або як птушкі захопліваюцца ў сіло, так і людзі апаноўваюцца ліхім часам, калі ён нечакана для іх надыходзіць.
 
Бо чалавек ня ведае свайго часу. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, як птушкі трапляюць у сіло, так ловяцца сыны чалавечыя ў благі час, калі ён нечакана прыходзіць.

Вось яшчэ якую ўбачыў я мудрасць пад сонцам і прызнаў яе найвышэйшай:
 
Вось яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам і яна выдалася мне важкай:

малы горад, і мужчын у ім няшмат; выступіў супраць яго вялікі цар, і зрабіў аблогу, і збудаваў навокал вялікія ўмацаванні.
 
малое места і людзей у ім няшмат. Супроць яго выйшаў вялікі кароль і аблажыў яго, і выканаў супроць яго вялікія абложныя працы;

Але знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і вызваліў горад мудрасцю сваёю; і ніхто потым не прыпомніў гэтага беднага чалавека.
 
але ў ім знайшоўся мудры бядак і ён збавіў места; аднак ніхто не ўспамінаў аб гэтым бедаку.

І я казаў, што мудрасць лепшая за сілу, але мудрасць беднага бывае ў пагардзе, і слоў яго не слухаюць.
 
І сказаў я: — мудрасьць лепш сілы, хаця мудрасьць бядака была пагарджоная і слоў ягоных ня слухалі.

Спакойныя словы мудрых выслухоўваюць лепш, чым крык начальнікаў сярод неразумных.
 
Словы мудрых выказываныя супакойна выслухіваюцца лепш, чым крык пануючага паміж дурнымі.

Лепшая мудрасць, чым зброя ваенная, але адзін, калі ўчыніў грэх, шмат добрага знішчае.
 
Мудрасьць лепшая ад ваеннага аружжа, але адзін грэшнік псуе шмат добрага.