Эклезіяста 10 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Мёртвыя мухі псуюць і нішчаць алеек у слоіку. Малая безразважнасць больш важыць за мудрасць і славу.
 
Мёртвыя мухі псуюць і робяць сьмярдзючым пахнючы алей: тое самае робіць невялікае глупства паважанага чалавека з ягонай мудрасьцяй і славай.

Сэрца мудрага [звяртаецца] у правы бок, а сэрца неразумнага — у левы.
 
Сэрца мудрага на правым баку, сэрца дурнога — па левым.

Нават ідучы дарогаю, дурань, паколькі ён безразважны, кожнаму паказвае, што ен дурны.
 
Нават тады, калі дурны ідзе дарогаю ў яго нестае розуму і ён пакажа кожнаму, што дурны.

Калі гнеў таго, хто мае ўладу, узгарыцца супраць цябе, не пакідай свайго месца, бо захаванне супакою спыніць найгоршыя грахі.
 
Калі гнеў пануючага будзе супроць цябе, не пакідай свайго месца, бо пакора хавае і вялікшыя паступкі.

Ёсць ліха, якое ўбачыў я пад сонцам, гэта быццам бы аблуда, што паходзіць ад начальніка:
 
Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам, гэта як-бы памылка, якая паходзіць ад пануючага:

пастаўлены на высокае становішча неразумны, а багатыя сядзяць нізка.
 
Дурныя стаўляюцца высака, а багатыя мудрасьцяй сядаюць нізка.

Убачыў слугаў на конях, а князёў, якія ішлі пешшу, быццам слугі.
 
Бачыў я слугаў на канёх, а князёў, ходзячых пехатою, як слугі.

Хто капае дол, той упадзе ў яго, а таго, хто руйнуе мур, укусіць гадзюка.
 
Хто капае яму, той упадзе ў яе, а хто раскідывае плот, таго ўкусіць зьмяя.

Хто разбівае камяні, будзе скалечаны імі, а хто сячэ дровы, выставіць сябе праз іх на небяспеку.
 
Хто пераносіць каменьні, той параніцца імі, а хто сячэ дровы, той можа быць пашкоджаны імі.

Калі ступіцца сякера і ляза яе не навострыш, больш становіцца працы, але плёнам стараннасці будзе мудрасць.
 
Калі прытупіцца сякера і калі лязо ня будзе навострана, дык трэба будзе напружываць сілы. Мудрасьць умее гэта паправіць.

Калі ўкусіць змяя, а замову занядбаюць, то шаптун не будзе мець аніякага плёну.
 
Калі зьмяя ўкусіць перад замовай, нічога не памогуць словы замаўляючага.

Словы ў вуснах мудрага — ласка, але вусны безразважнага пагубяць яго самога.
 
Словы з вуснаў мудрага — дабрадзейныя, а вусны дурнога губяць яго.

Пачатак слоў яго — глупства, а канец яго размовы — вялікая бязглуздзіца.
 
Пачатак словаў з вуснаў яго — дурнота, а канец словаў яго — шаленства.

Неразумны шмат гаворыць: «Не ведае чалавек, што будзе потым, і, што па ім станецца, хто можа яму паказаць?»
 
Дурны гаворыць шмат, хаця чалавек ня ведае, што мае быць. Бо хто-ж скажа яму, што будзе пасьля яго?

Праца неразумных будзе абцяжарваць тых, хто не ведае, як ісці ў горад.
 
Праца дурнога мучыць яго, бо ён ня ведае нават дарогі ў места.

Бяда табе, зямля, калі твой цар — юнак і калі твае князі рана частаванне ядуць.
 
Гора табе, зямля, калі кароль твой юнак і князі якой раніцою бяседуюць.

Шчасная зямля, у якой цар дастойны, ды ў якой князі банкет ядуць у свой час для сілкавання, а не для раскошы.
 
Добра табе, зямля, калі кароль твой ёсьць сынам паважаных, а князі якой ядуць у адпаведны час, для падмацаваньня, а не абжорства.

Праз лянівыя рукі правісне столь, і праз апушчаныя — працячэ дом.
 
Ад гультайства асядае столь, а калі апусьцяцца рукі, дык працякае хата.

Баль ладзяць дзеля забавы, а віно развесяляе жыццё, і грошы даюць усё.
 
Бяседы робяцца для прыемнасьці і віно весяліць жыцьцё, а за ўсё адказывае серабро.

У думцы сваёй не зневажай цара, і ў сховах спальні сваёй не праклінай багатага, бо нават птушкі нябесныя занясуць голас твой і хто мае крылы — абвесціць сказанае.
 
Нават у думках сваіх не гавары благога аб каралі і ў спальным пакоі сваім не гавары блага аб багатым, бо птушка нябесная можа перанесьці слова, а тое, што мае крылы, пераказаць мову тваю.