Эклезіяста 2 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Сказаў я ў сэрцы маім: «Прыходзь, я выпрабую цябе радасцю: атрымай асалоду ад даброт»; і вось — гэта таксама марнасць.
 
Сказаў я ў сэрцы сваім: — дай выпрабую цябе ў вясельлі, ужываючы добрыя рэчы, але і гэта дарэмнасьць.

Пра смех сказаў я: «Вар’яцтва!», і пра весялосць: «Што за карысць?»
 
Аб сьмеху сказаў я: — дурнота; а аб вясёласьці: — што яна робіць.

Вырашыў я ў сэрцы сваім прывабліваць цела сваё віном, хоць сэрца маё кіравалася мудрасцю, і аддацца дурноце, аж пакуль не ўбачу, што ёсць карыснае для сыноў чалавечых, што належыць ім рабіць пад сонцам у нямногія дні жыцця свайго.
 
Падумаў я ў сэрцы маім цешыць віном цела маё, між тым як сэрца маё кіравалася мудрасьцяй, трымацца дурноты, пакуль не пабачу, што добра для сыноў чалавечых, што павінны былі-б яны рабіць пад небам у нямногія дні свайго жыцьця.

Уславіў справы мае: набудаваў сабе дамоў і насадзіў вінаграднікі,
 
Я прадпрыняў вялікія справы: пабудаваў сабе дамы, насадзіў сабе вінаграднікі.

стварыў агароды і фруктовыя сады, і развёў у іх разнастайныя дрэвы пладовыя,
 
Парабіў сабе сады і гаі і пасадзіў у іх усялякія пладовыя дрэвы.

і зрабіў сабе вадаёмы для арашэння гаю, багатага на дрэвы.
 
Парабіў сабе ставы для навадняньня з іх гаёў у якіх растуць дрэвы.

Набыў я нявольнікаў і нявольніц і меў прыслужнікаў мноства, меў шмат жывёлы і вялікія статкі авечак, большыя за ўсе, што былі ў Ерузаліме да мяне.
 
Набыў сабе слугаў і служанак і меў хатніх у хаце маёй, да гэтага стады буйнага і дробнага быдла былі ў мяне вялікшыя, чым у ўсіх, якія былі перадамною ў Ерусаліме;

Назбіраў сабе таксама срэбра і золата, і багацці цароў і краёў; прыдбаў сабе спевакоў і спявачак, і асалоды сыноў чалавечых — розныя музычныя інструменты і прылады.
 
Сабраў сабе серабро і золата і каштоўнасьці ад каралёў і краінаў; завёў таксама сабе сьпявакоў і сьпявачак і ўпрыемненьні сыноў чалавечых — музычныя прылады.

І ўзвысіўся я, пераўзышоў усіх, хто былі да мяне ў Ерузаліме; мудрасць жа мая засталася са мною.
 
І стаўся я вялікім і багатым больш чым усі, якія раней мяне [жылі ў] Ерусаліме, а мудрасьць знаходзілася са мною.

Ні ў чым, чаго жадалі вочы мае, не адмаўляў я ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай асалоды, і цешыўся з кожнай працы, і я вырашыў, што гэта — плата мая за ўсе клопаты мае.
 
Чаго-б не пажадалі мае вочы, я не адмаўляў ім, не забараняў сэрцу майму ніякага вясельля, дзеля таго, што сэрца маё радавалася з усялякай працы маёй і гэта было маім удзелам у працы маёй.

І калі азірнуўся я на ўсе справы, што ўчынілі рукі мае, і на тыя працы, на якіх я ўлягаў, і вось — ва ўсім марнасць і засмучанасць духа, і ніякай карысці пад сонцам.
 
Калі-ж я аглянуўся на ўсе справы мае, якія выканалі рукі мае, і на працу, якую ўлажыў робячы іх: вось усё дарэмнасьць і мучэньне духа і няма ад іх карысьці пад сонцам.

Абярнуўся я, каб прыгледзецца да мудрасці і безразважнасці, і да глупства: «Што зробіць, кажу, чалавек, які прыйдзе пасля цара? Тое, што і раней рабілі».
 
І аглянуўся я, каб прыгледзецца мудрасьці і шаленству і дурноце, бо што можа зрабіць чалавек, які будзе пасьля караля, апрача таго, што ўжо зроблена.

І ўбачыў я, што мудрасць настолькі перавышае глупства, наколькі святло перавышае цемру.
 
І пабачыў я, што мудрасьць карысьнейшая ад дурноты, так як сьвет карысьнейшы ад цемры.

«Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры»; і пазнаў я, што адзін і той самы канец у кожнага.
 
Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры, аднак я пазнаў, што аднолькавы лёс чакае іх усіх.

Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Калі аднолькавы канец будзе для мяне і для дурнога, то якая мне карысць з таго, што я больш дбаў пра мудрасць?»
 
Дзеля гэтага я сказаў у сэрцы маім: — і мяне спаткае такі-ж лёс, як і дурнога, пашто-ж я зрабіўся вельмі мудрым. Дзеля гэтага сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта дарэмнасьць;

Бо не будзе вечнай памяці па мудрым таксама, як і па дурню, бо ў будучым часе ўсё аднолькава пакрыецца забыццём: вучоны памірае так, як і невук.
 
бо мудрага таксама ня будуць памятаваць вечна, як і дурнога. У будучых днёх усё будзе забыта і мудры памрэ нароўні з дурным.

Дзеля таго абрыдла жыццё маё мне, бо ліхое для мяне ўсё, што адбываецца пад сонцам; бо ўсё марнасць і турбаванне духа.
 
Дзеля гэтага абрыдла мне жыцьцё, бо пачалі мне падабацца ўсе справы, якія робяцца пад сонцам, бо ўсё дарэмнасьць і мучэньне духа.

Зненавідзеў я здабытак мой пад сонцам, які я мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасля мяне.
 
Нават абрыдла мне праца мая, якую я рабіў пад сонцам, бо павінен буду яе пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.

І хто ведае, ці мудры ён будзе, ці дурны? А ён будзе валодаць плёнам працы маёй, на якой я ўлягаў і заклапочаны быў пад сонцам. І гэта таксама марнасць.
 
І хто ведае мудры ён будзе, ці дурны? Ён аднак будзе распараджацца усёй працай маёй, якую я рабіў і якой выказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта ўсё дарэмнасьць.

Адвярнуўся я, сеючы агіду ў сэрцы маім да ўсёй працы, у якой працаваў я пад сонцам.
 
І зьвярнуўся я да таго, каб адрачыся ад усяе працы, якую я рабіў пад сонцам.

Бо ёсць той, хто працуе з мудрасцю, з навукаю і з пільнасцю, і аддае ён долю сваю чалавеку, які не будзе працаваць; і гэта, насамрэч, марнасць і вялікае ліха.
 
Запраўды, не адзін чалавек працуе мудра і з посьпехам і павінен аддаць усё чалавеку не працаваўшаму, як бы ягоную частку. І гэта дарэмнасьць і вялікае зло.

Бо што за карысць чалавеку з усёй працы яго і турбавання сэрца, у якім ён працаваў пад сонцам?
 
Бо што будзе мець чалавек ад усяе працы сваёй і высілку свайго сэрца, якія ён рабіў пад соцнам?

Бо ўсе дні яго — пакуты, а праца яго — турбота, нават ноччу сэрца яго не адпачывае; і гэта таксама марнасць.
 
Дзеля таго, што ўсе дні яго — гора, а ягоная праца — клопат; нават уначы сэрца ягонае ня знае супакою. І гэта дарэмнасьць.

Няма нічога лепшага для чалавека, як есці і піць і прапаноўваць душы сваёй даброты працы сваёй. А гэта, бачыў я, з рукі Божай паходзіць.
 
Не ў чалавечай уладзе і тое дабро, каб есьці, піць і цешыць душу сваю ад працы сваёй. Я пабачыў, што і гэта з Божай рукі,

Бо хто есць і мае дастаткова асалодаў без Яго?
 
бо хто можа есьці і цешыцца бяз яго?

Бо чалавеку добраму перад Ім дае Ён мудрасць, і веданне, і радасць; а грэшніку дае Ён турбаванне: збіраць і накопліваць, каб перадаць таму, які падабаецца Богу; але і гэта марнасць і турбаванне духа.
 
Бо чалавеку, які добры перад абліччам Яго, Ён дае мудрасьць і веду і радасьць, а грэшніку дае клопат зьбіраць і грамадзіць, каб пасьля аддаць добраму перад абліччам Божым. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.