Эклезіяста 10 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Мёртвыя мухі псуюць і нішчаць алеек у слоіку. Малая безразважнасць больш важыць за мудрасць і славу.
 
Мёртвая муха робіць сьмярдзючым алей, і вылівае яго знаўца пахошчаў. Больш важыць малое глупства, чым мудрасьць і слава.

Сэрца мудрага [звяртаецца] у правы бок, а сэрца неразумнага — у левы.
 
Сэрца мудрага [зьвяртаецца] ў правы бок, а сэрца дурня — у левы.

Нават ідучы дарогаю, дурань, паколькі ён безразважны, кожнаму паказвае, што ен дурны.
 
Нават калі дурны ідзе дарогаю, яму не хапае розуму, і ён пакажа ўсім, што дурны.

Калі гнеў таго, хто мае ўладу, узгарыцца супраць цябе, не пакідай свайго месца, бо захаванне супакою спыніць найгоршыя грахі.
 
Калі гнеў вялікага пана ўзьнімецца супраць цябе, заставайся на месцы сваім, бо цьвярозыя паводзіны залагоджваюць вялікія правіны.

Ёсць ліха, якое ўбачыў я пад сонцам, гэта быццам бы аблуда, што паходзіць ад начальніка:
 
Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, нібыта памылка, якая выходзіць ад аблічча ўладара:

пастаўлены на высокае становішча неразумны, а багатыя сядзяць нізка.
 
дурань пастаўлены на высокасьці вялікай, а багатыя сядзяць нізка.

Убачыў слугаў на конях, а князёў, якія ішлі пешшу, быццам слугі.
 
Бачыў я слугаў на конях, і князёў, якія як слугі, ідуць па зямлі.

Хто капае дол, той упадзе ў яго, а таго, хто руйнуе мур, укусіць гадзюка.
 
Хто капае яму, той упадзе ў яе, а таго, хто ломіць агароджу, укусіць зьмяя.

Хто разбівае камяні, будзе скалечаны імі, а хто сячэ дровы, выставіць сябе праз іх на небяспеку.
 
Хто перасоўвае камяні, можа скалечыцца імі, і хто коле дровы, можа быць у небясьпецы ад іх.

Калі ступіцца сякера і ляза яе не навострыш, больш становіцца працы, але плёнам стараннасці будзе мудрасць.
 
Калі ступіцца жалезная [сякера] і лязо яе не навострана, трэба больш прыкладаць сілы, але больш карысьці будзе скарыстацца мудрасьцю.

Калі ўкусіць змяя, а замову занядбаюць, то шаптун не будзе мець аніякага плёну.
 
Калі ўкусіць зьмяя незагавораная, няма ўжо карысьці ад таго, хто ўмее загаворваць.

Словы ў вуснах мудрага — ласка, але вусны безразважнага пагубяць яго самога.
 
Словы вуснаў мудрага — прыемнасьць, але вусны дурня губяць яго самога.

Пачатак слоў яго — глупства, а канец яго размовы — вялікая бязглуздзіца.
 
Пачатак словаў вуснаў ягоных — глупота, а канец [прамовы] вуснаў ягоных – ліхое шаленства.

Неразумны шмат гаворыць: «Не ведае чалавек, што будзе потым, і, што па ім станецца, хто можа яму паказаць?»
 
Бязглузды памнажае словы, хоць ня ведае чалавек, што будзе потым, і што пасьля яго станецца, хто распавядзе яму?

Праца неразумных будзе абцяжарваць тых, хто не ведае, як ісці ў горад.
 
Праца дурняў стамляе іх, бо ня ведае ён [нават], як дайсьці ў горад.

Бяда табе, зямля, калі твой цар — юнак і калі твае князі рана частаванне ядуць.
 
Гора табе, зямля, калі валадар твой — юнак, і калі твае князі ад раніцы ядуць.

Шчасная зямля, у якой цар дастойны, ды ў якой князі банкет ядуць у свой час для сілкавання, а не для раскошы.
 
Шчасьлівая зямля, калі валадар — сын шляхетных, калі князі ядуць у час [адпаведны] для спасіленьня, а не каб нажэрціся.

Праз лянівыя рукі правісне столь, і праз апушчаныя — працячэ дом.
 
Дзе лянота, там правісае столь, і дзе апушчаны рукі, там працякае дом.

Баль ладзяць дзеля забавы, а віно развесяляе жыццё, і грошы даюць усё.
 
Дзеля забавы ладзяць банкет, і віно разьвесяляе жыцьцё, а срэбра адказвае за ўсё.

У думцы сваёй не зневажай цара, і ў сховах спальні сваёй не праклінай багатага, бо нават птушкі нябесныя занясуць голас твой і хто мае крылы — абвесціць сказанае.
 
Нават у думцы сваёй не кляні валадара, і ў спальні сваёй не кляні багатага, бо птушкі нябесныя занясуць голас твой, і тыя, што маюць крылы, распавядуць слова.