Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Пасля гэтага быў дзень святочны ў юдэяў, і Ісус прыйшоў у Ерузалім.
Пасля гэтага было іудзейскае свята і Ісус узняўся ў Ерусалім.
А ў Ерузаліме ёсць ля Авечай брамы купальня, якая па-гебрайску завецца Бэтсата, якая мае пяць прысенкаў.
А ў Ерусаліме каля Авечай брамы ёсць купальня, Віфедзда па-яўрэйску завецца, якая мае пяць крытых ходаў.
У іх ляжала шмат хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, чакаючых руху вады.
У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, сухіх, што чакалі руху вады.
Бо Анёл Госпадаў час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушваў ваду, і той, хто першы ўваходзіў па ўзрушэнні вады, аздараўляўся, якой бы ні быў апанаваны немаччу.
Бо Гасподні Анёл у пэўны час сходзіў у купальню і хваляваў ваду; і хто першы ўваходзіў пасля ўзрушэння вады, рабіўся здаровым, якой бы хваробаю ні быў апанаваны.
І быў там адзін чалавек, што хварэў трыццаць восем гадоў.
А быў там адзін чалавек, які трыццаць восем гадоў мучыўся сваёю хваробаю;
Калі Ісус убачыў, што той ляжаў, ды даведаўся, што ён ужо доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: «Ці хочаш быць здаровы?»
Ісус, убачыўшы, што той ляжыць, і ведаючы, што шмат часу хварэе, кажа яму: «Хочаш быць здаровым?»
Хворы адказаў Яму: «Госпадзе, не маю чалавека, каб мяне ўкінуў у купальню, калі ўзварухнецца вада; бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мной уваходзіць».
Адказаў яму хворы: «Гаспадару, няма ў мяне чалавека, каб, калі ўсхвалюецца вада, апусціў у купальню; а калі я прыходжу, іншы раней за мяне спускаецца».
Кажа яму Ісус: «Падыміся, вазьмі ложак свой і хадзі».
Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі сваю пасцелю і хадзі».
І адразу стаў здаровым чалавек той, і ўзяў ложак свой, і хадзіў. А была субота ў гэты дзень.
І зараз жа зрабіўся здаровым той чалавек, і ўзяў сваю пасцелю, і хадзіў. А была субота ў той дзень.
Дык казалі юдэі таму, хто аздаравіўся: «Сёння субота, нельга табе насіць ложак твой».
Таму казалі іудзеі вылечанаму: «Сёння субота, і нельга табе браць пасцелю сваю».
А ён адказаў ім: «Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложак свой ды хадзі”».
Ён жа адказаў ім: «Хто зрабіў мяне здаровым, Той мне сказаў: Вазьмі сваю пасцелю і хадзі».
Дык пыталі ў яго: “Што гэта за Чалавек, Які табе сказаў: “Вазьмі ложак і хадзі”»?
Спыталіся ў яго: «Хто Гэты Чалавек, што сказаў табе: Вазьмі сваю пасцелю і хадзі?».
А той, хто быў аздароўлены, не ведаў, Хто гэта быў; бо Ісус адышоўся ад людзей, што сабраліся ў тым месцы.
Вылечаны ж не ведаў, хто Ён, бо Ісус знік з натоўпу, што быў на тым месцы.
Потым знайшоў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае».
Пасля гэтага знайшоў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось ты зрабіўся здаровым, больш не грашы, каб не прылучылася табе чаго горшага».
Пайшоў той чалавек і паведаміў юдэям, што Ісус — Той, Хто зрабіў яго здаровым.
Пайшоў чалавек і расказаў іудзеям, што гэта Ісус быў, што зрабіў яго здаровым.
Таму пераследавалі юдэі Ісуса, каб забіць Яго, бо Ён рабіў такое ў суботу.
І таму пачалі гнаць Іудзеі Ісуса, што Ён гэта зрабіў у суботу.
Але Ісус адказаў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць так, і Я раблю».
Але [Ісус] адказаў ім: «Мой Бацька аж дагэтуль працуе, і Я працую».
Дзеля таго тым больш шукалі юдэі, як забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў суботу, але і Бога называў Айцом Сваім, раўняючы сябе з Богам.
І таму яшчэ больш намагаліся іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі суботу парушыў, але і Сваім Бацькам называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
І вось, адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын не можа нічога зрабіць Сам ад Сябе, але толькі тое, што бачыць, як Айцец робіць; бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.
Тады ў адказ Ісус сказаў ім: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: не можа Сын нічога рабіць Сам ад Сябе, калі не бачыць, што робіць Бацька, бо што Ён робіць, тое і Сын таксама робіць.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і яшчэ большыя за гэтыя пакажа Яму справы, каб вы дзівіліся.
Бо Бацька любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, каб вы здзіўляліся.
Бо як Айцец уваскрашае памерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
Бо як Бацька ўваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд перадаў Сыну,
Бо і не судзіць Бацька нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе таксама Айца, Які паслаў Яго.
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Бацьку, Хто не шануе Сына, не шануе Бацьку, што паслаў Яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова ды верыць Таму, Хто Мяне паслаў, мае жыццё вечнае, ды не ідзе на суд, але ад смерці перайшоў да жыцця.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Хто слухае Маё слова і веруе ў Таго, Хто паслаў Мяне, мае вечнае жыццё і на суд не прыходзіць, але перайшоў са смерці ў жыццё.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць час, ды нават ужо надышоў, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, што пачуюць, ажывуць.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Надыходзіць гадзіна, дый цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Божага Сына і тыя, што пачуюць, ажывуць.
Бо як Айцец мае жыццё Сам у Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Сабе Самім;
Бо як Бацька мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну Ён даў мець жыццё ў Самім Сабе.
ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён — Сын Чалавечы.
І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён — Чалавечы Сын.
Не дзівіцеся таму, бо надыходзіць гадзіна, у якую ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,
Не дзівіцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,
і тыя, што добра рабілі, пойдуць да ўваскрашэння жыцця, а тыя, што блага рабілі, — да ўваскрашэння суда.
і выйдуць тыя, што рабілі дабро, на ўваскрэсенне жыцця, а што ліхое чынілі, на ўваскрэсенне Суду.
Сам ад Сябе Я нічога не магу рабіць; суджу так, як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне Айца.
Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як Я чую, — суджу, і Мой суд справядлівы, бо не шукаю Свае волі, але волі Таго, што паслаў Мяне.
Калі Я Сам сведчу аб Сабе, сведчанне Маё ня ёсць праўдзівае;
Калі б Я сведчыў Сам пра Сябе, Маё сведчанне не праўдзівае;
бо ёсць Іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і ведаю, што сведчанне пра Мяне, якое Ён прадстаўляе, праўдзівае.
ёсць Іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне.
Вы пасылалі да Яна, і ён сведчыў праўду;
Вы паслалі да Іаана, і ён засведчыў аб праўдзе;
але Я не ад чалавека прымаю сведчанне, а кажу гэта, каб вы былі збаўлены.
Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збавёныя.
Ён быў свяцільняй, якая гарыць і свеціць, але вы толькі хвілінку захацелі пацешыцца святлом яго.
Той быў каганцом, што гарэў і свяціў, вы ж хацелі на кароткі час пацешыцца ў яго святле.
Але Я маю сведчанне большае за Яна; вось, справы, якія Мне Айцец даручыў, каб Я выканаў іх, і самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец Мяне паслаў.
Але Я маю сведчанне большае за Іаанава, бо справы, якія даў Мне Бацька, каб Я іх выканаў, самі гэтыя справы, якія раблю Я, сведчаць пра Мяне, што Бацька Мяне паслаў.
Ды і Айцец, Які Мяне паслаў, Сам засведчыў пра Мяне. Але вы голасу Яго ніколі не чулі і аблічча Яго не бачылі,
І Бацька, што паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ані голасу Яго ніколі не чулі, ані Яго аблічча не бачылі,
і слова Яго не маеце ў сабе трывала, бо вы не верыце Таму, Каго Ён паслаў.
і Яго слова не маеце, каб у вас заставалася, бо ў Таго, Каго Ён паслаў не веруеце.
Разгледзьце Пісанні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыццё вечнае; а яны — гэта тое, што сведчыць пра Мяне.
Даследуеце Пісанні, бо вы думаеце ў іх мець вечнае жыццё; а яны сведчаць пра Мяне;
Але да Мяне не хочаце ісці, каб мець жыццё.
і не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
Славы ад людзей не прымаю,
Славы ад людзей Я не прымаю,
але вас Я спазнаў, што любові да Бога ў сабе не маеце.
але Я ведаю вас, што вы Божай любові ў сабе не маеце.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а, калі б хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прымеце.
Я прыйшоў у імя Свайго Бацькі, і вы Мяне не прымаеце; калі іншы прыйдзе ў сваё імя, таго вы прымеце.
Як жа можаце верыць вы, што хвалу прымаеце адзін ад аднаго, а хвалы, што ад адзінага Бога, не шукаеце?
Як вы можаце ўвераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы тае, што ад Бога адзінага, не шукаеце?
Не думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсць той, хто будзе вінаваціць вас: Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Бацькам; ёсць, хто вас абвінавачваць будзе, — Майсей, на каго вы спадзяваецеся.
Бо каб вы верылі Майсею, дык паверылі б вы і Мне; бо ён пра Мяне пісаў.
Бо калі б вы ў Майсея верылі, уверавалі б у Мяне; бо пра Мяне ён пісаў.
Але калі вы пісанням яго не верыце, дык як жа паверыце словам Маім?»
Калі ж яго пісанням не верыце, як Маім словам паверыце?»