Дзеі 13 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Былі-ж у Антыохіі, у тамтэйшай царкве́, некаторыя прарокі й вучыцялі: Варнава й Сымон, называны Нігер, і Лукій Кірэнэец, ды Манаэн, што ўзгадаваўся разам з Ірадам чацьвёраўладарным, ды Саўл.
 

І, калі яны адпраўлялі службу Божую і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце мне́ Варнаву й Саўла на дзе́ла, на якое я іх паклікаў.
 

Дык яны, папасьціўшы й памаліўшыся, ды ўзлажыўшы на іх рукі, звольнілі іх.
 

Тыя-ж, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль паплылі к Кіпру.
 

І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі слова Божае ў Жыдоўскіх сынагогах; ме́лі-ж і Іоана слугу.
 

Прайшоўшы-ж востраў ажно да Пафа, знайшлі не́йкага чараўніка лжэпрарока, Жыда, на імя Варыісус,
 

які быў у старасты Сярге́я Паўлы, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Варнаву й Саўла, зажадаў паслухаць слова Божае.
 

Проці іх выступіў Яліма, чараўнік, (гэтак тлумачыцца імя ягонае), жадаючы адвярнуць старасту ад ве́ры.
 

Але Саўл (ён жа й Паўла), напоўніўшыся Духам Сьвятым ды паўзіраўшыся на яго,
 

сказаў: О, сыне чартоўскі, поўны ўсякае крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякае праўды! Ці-ж не пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
 

Дык вось цяпе́р рука Гасподня над табою, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгле́дзіш сонца ажно да пары́. І ўраз жа найшоў на яго туман ды це́мра, і, блукаючыся, шукаў павадыра.
 

Тады стараста,угле́дзіўшы стаўшаеся, уве́раваў, зьдзіўлены навукай Гасподняй.
 

Адплыўшы-ж із Пафу, тыя, што былі з Паўлам, прыйшлі ў Пэргію, у Памфіліі. А Іоан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.
 

Яны-ж, прайшоўшы із Пэргіі, апынуліся ў Антыохіі Пісідзкай ды, увайшоўшы ў сынагогу, у дзе́нь суботні, паселі.
 

Пасьля-ж прачытаньня закону й Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце!
 

Паўла-ж, устаўшы й даўшы знак рукой, сказаў: Мужы Ізраільскія дый тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!
 

Бог народу гэтага Ізраільскага выбраў айцоў вашых дый узвысіў народ у бытнасьць у зямлі Эгіпецкай і ўзьнятай рукой вывеў іх із яе́.
 

І ў працягу каля сараку гадоў карміў іх у пустыні.
 

І, зьніштожыўшы се́м народаў у зямлі Ханаанскай, надзяліў іх зямлёй гэных.
 

Пасьля-ж гэтага каля чатырох сот і пяцьдзесяцёх гадоў даваў судзьдзяў да Самуіла прарока.
 

А з таго часу прасілі аб цара; і даў ім Бог Саула, сына Кісавага, мужа з роду Бэніямінавага, гадоў на сорак.
 

Скінуўшы-ж яго, паставіў ім за цара Давіда, аб якім і сказаў, сьведчучы: Знайшоў Давіда, сына Есіявага, мужа Мне́ па сэрцу, які зьдзе́йсьніць усе́ жаданьні Мае́ (1 Царств 13:14; Псальм 88:21).
 

Із яго-ж насе́ньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Спаса Ісуса,
 

перад прыходам Якога абвясьціў Іоан хрышчэньне пакаяннае ўсяму народу Ізраільскаму.
 

Калі-ж Іоан канчаў шлях свой, ён сказаў: За каго лічыце мяне́? Не я гэта, а йдзе́ вось за мною, каму я ня годны вобуй разьвязаць на нага́х.
 

Мужы браты, сыны роду Аўраамавага і тыя, што Бога баяцца сярод вас! Вам паслана слова спасе́ньня гэтага.
 

Бо жыхары Ерузаліму й начальнікі іх, не пазнаўшы Яго ды асудзіўшы, споўнілі галасы́ прарокаў, чытаныя кожную суботу,
 

і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб быў забіты.
 

Калі-ж споўнілі ўсё напісанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзе́рава, палажылі ў магілу.
 

Але Бог ускрасіў яго із мёртвых.
 

І шмат дзён паказываўся тым, што прыйшлі разам з Ім із Галіле́і ў Ерузалім; яны — сьве́дкі Яго перад народам.
 

І мы вам абвяшчаем, што абяцаньне, дадзенае айцом, Бог споўніў нам, іхнім дзе́цям, падняўшы Ісуса,
 

як і ў другім Псальме напісана: Ты Сын Мой, Я сяньня Цябе́ спарадзіў (Псальм 2:7).
 

А што ўскрасіў Яго із мёртвых, каб ніколі не абярнуўся ў тле́ньне, дык сказаў гэтак: Дам вам сьвятасьці Давідавыя напэўна (Ісая 55:3).
 

Дзеля таго і ў іншым гаворыць: Не дасі Сьвятому Твайму ўгле́дзіць тле́ньне (Псальм 15:10).
 

Бо-ж Давід, паслужыўшы роду свайму, з волі Божае супачыў і быў паложаны пры бацькох сваіх ды ўбачыў тле́ньне,
 

а Той, каго Бог ускрасіў, тле́ньня ня ўбачыў.
 

Дык няхай вам будзе ве́дама, мужы браты, што адпушчэньне грахоў праз Яго вам абвяшчаецца;
 

і ў-ва ўсім, у чым ня можаце апраўдацца ў законе Майсе́явым, кожын ве́руючы апраўдаецца ў Ім.
 

Глядзіце-ж, каб ня прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:
 

Глядзіце, вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся і шчэзьніце! Бо дзе́ла роблю ў дні вашыя, дзе́ла, якому вы не паве́рылі-б, калі-б кто расказаў вам (Аввакума 1:5).
 

Калі-ж выходзілі із Жыдоўскае сынагогі, прасілі іх пагане, каб і ў другую суботу гаварылі словы гэтыя.
 

А як разыйшлася сынагога, многа Жыдоў і пабожных паве́рненых пайшлі за Паўлам і Варнавай; тыя-ж, размаўляючы з імі, заклікалі іх аставацца ў ласцы Божай.
 

У наступную-ж суботу блізу ўсё ме́ста зыйшлося слухаць слова Божае.
 

Дык Жыды, убачыўшы гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што гаварыў Паўла, кажучы насупраць ды зьняважаючы іх.
 

Паўла-ж і Варнава горда сказалі: Да вас нале́жала пе́рш прамовіць слова Божае; але, калі вы адкідаеце яго ды ня лічыце сябе́ годнымі жыцьця ве́чнага, дык мы зварачаемся вось да паганаў.
 

Бо так запаве́даў нам Госпад: Я паставіў цябе́ за сьве́тач для паганаў, каб быў ты дзеля спасе́ньня ажно па край зямлі (Ісая 49:6).
 

Пагане-ж, пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Гасподняе, ды ўверавалі ўсе́, якія былі празначаны да жыцьця ве́чнага.
 

І разнасілася слова Гасподняе на ўсе́й старане.
 

Жыды-ж падбухторылі пабожных ды паважаных жанок і пе́ршых у ме́сьце, паднялі перасьле́даваньне проці Паўлы й Варнавы ды выгналі іх із ме́жаў сваіх.
 

Яны-ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, пайшлі ў Іконію.
 

А вучні напоўніліся радасьцяй і Духам Сьвятым.